«Таварыству беларускай мовы» ў Менску адключаюць святло


Таварыства беларускай мовы.
Фота: Reform.by

Адна з найстарэйшых беларускіх арганізацый можа застацца без цэнтральнага офісу ў Менску праз пазыку па арэндзе, паведаміла на сваёй старонцы старшыня арганізацыі Алена Анісім.

Па яе словах, у цэнтральны офіс «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» прыйшлі электрыкі і адлучылі святло.

«Мабыць, дайшла чарга і да ТБМ. Не паспела я напісаць зварот да сяброў і паплечнікаў з просьбай аб дапамозе, як сёння прыйшлі прадстаўніцы з камунальных службаў адключаць наш офіс ад электрычнасці. Ніякія довады аб тым, што мы грамадская арганізацыя, не былі пачутыя», – напісала Анісім.

Разам з пеняй агульная сума запазычанасці ТБМ складае 20 тысяч рублёў.

Старшыня мяркуе, што над таварыствам навісла рэальная пагроза застацца без цэнтральнага офісу: «Улічваючы ўсю сітуацыю з беларускай мовай і адносінамі да беларускамоўных людзей, мала спадзеваў на тое, што ўдасца знайсці новае прыдатнае памяшканне для нашай арганізацыі».

Аднак у яе ёсць надзея, што неабыякавыя людзі дапамогуць пасільнай сумай, каб выплаціць даўгі: «Неўзабаве мы павінны запусціць новы сайт, праз які можна будзе адразу класці грошы на рахунак.

А пакуль гэта можна зрабіць праз пошту, праз банк, АРІП. Загадзя ўдзячная ўсім за разуменне і падтрымку».

«Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» было заснаванае ў 1989 годзе для падтрымкі і развіцця беларускай мовы і культуры, а таксама абароны лінгвістычных правоў грамадзян. У свой час арганізацыю ўзначальвалі народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, паэт Генадзь Бураўкін, археолаг, гісторык Алег Трусаў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў