Непаўнагадовага палітвязня Мікіту Залатарова «пераарыштавалі» па новай крымінальнай справе


Палітвязня Мікіту Залатарова, якому толькі 12 траўня споўнілася 17 гадоў, вінавацяць у новай крымінальнай справе – нібы за напад на працаўніка СІЗА.

Падлетак быў «пераарыштаваны» для правядзення следчых дзеянняў у рамках узбуджанай справы, паведамляе выданне «Сильные новости».

Дзмітрый Карнееў (злева), Мікіта Залатароў (у цэнтры) і Леанід Кавалёў (справа). Гомель. 22 лютага 2021 года.
Фота: ЛШ / Белсат

Бацькі Мікіты паведамляюць, што ў чаканні афармлення працэдуры новага арышту іх сына на працягу доўгага часу пратрымалі ў аўтазаку, дзе яго, хлопца вагой 50 кілаграмаў, ахоўвала чацвёра велізарных сілавікоў.

Пагаварыць з сынам, а таксама перадаць яму ежу і ваду, бацькам не дазволілі. Мікіта паспеў толькі сказаць ім, што больш не можа цярпець: калі застанецца адзін у камеры – ён не вытрымае.

Адвакат Мікіты параіў бацькам напісаць заяву ў пракуратуру з нагоды ўтрымання іх сына ў «адзіночцы», спаслаўшыся на тое, што, верагодна, пракуратуры не вядома пра гэты факт.

«Ці ведаюць жонкі, дзеці, маці тых, хто зараз нясе адказнасць за майго сына, што яны забіваюць дзіця?» – пытаецца бацька Мікіты Міхаіл.

Бацькі адзначаюць, што Мікіта выглядае вельмі бледным і схуднелым, а яго самаадчуванне з часу апошняга спаткання відавочна пагоршылася.

Гісторыі
«Татачка, чаму я тут сяджу? Калі мяне выпусцяць?» Бацька 16-гадовага палітвязня Мікіты Залатарова – пра зняволенне сына
2021.04.17 08:51

Хлопца затрымалі 11 жніўня 2020 года і асудзілі на 5 гадоў калоніі за «гвалт у дачыненні працаўніка ўнутраных органаў», «незаконныя дзеянні з палкімі рэчывамі» і «арганізацыю масавых беспарадкаў». Паводле следства, ён нібыта быў сярод тых, хто кідаў «кактэйлі Молатава» у вайскоўцаў. Сваёй віны Мікіта не прызнае.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» заклікала ўлады Беларусі вызваліць Мікіту Залатарова.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў