Выпрабавана: фарбуем яйкі народнай традыцыйнай тэхнікай


На Вялікдзень самая цікавая забава – фарбаваць яйкі. Мы паспрабавалі паэксперыментаваць з пісанкамі, скробанкамі, дый пра крашанкі не забыліся. Гэта цікавы выклік для аматараў рабіць нечаканае з таго, што пад рукою.

Фота: ЯМ / Белсат

Самае простае – крашанкі

З гэтым дасць рады любы, хто назбіраў лушпіння ад цыбулі ці мае адмысловыя харчовыя фарбы. Апошнія прадаюцца ў крамах. Яшчэ можна паэксперыментаваць з натуральнымі фарбамі.

Hавiны
Тэст натуральных фарбаў: атрымалі яйкі дракона і балотную жыжку
2021.04.30 15:39

Сёлета мы пастанавілі прытрымлівацца адной колеравай гамы і бралі толькі цыбульнае лушпінне. Працэс такі: кладзяце яйкі з лушпіннем у рондаль і варыце. Атрымліваецца або аднатоннае афарбоўванне, або цікавыя ўзоры ў месцах, дзе лушпіна датыкалася яйка. Паварылі, дасталі – гатова!

Скробанкі (шкрабанкі, драпанкі)

Падавалася, што будзе вельмі цяжка, а аказалася даволі проста. Фарбуеце яйкі як крашанкі, а потым бераце іголку і шкрабаеце паверхню. Фарба здымаецца даволі проста, а малюнак пераважна залежыць ад вашага густу: можа быць геаметрычны, раслінны, нейкай мастацкаю выяваю. Можна проста скрэбці ў розныя бакі – атрымаецца нешта падобнае на малюнкі з Pinterest.

З такой задачай дасць рады любы чалавек – не трэба адмысловых падручных матэрыялаў, а вынік кожным разам розны.

Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат

Пісанкі (маляванкі)

Гэта справа таксама не дужа складаная, калі ведаць некалькі хітрыкаў і мець троху фантазіі.

Вам спатрэбіцца воск, свечка і інструмент для нанясення воску на паверхню шкарлупіны.

Мы зрабілі інструмент з палачкі для сушы, фольгі ад скрыначкі з тваражком і сашчэпкі. Тут галоўнае – каб быў конусік, куды вы ўкладаеце воск. Потым растапіце яго над свечкай і нанясіце ім малюнак. Істотна, каб гэты конусік не згарэў, не расплавіўся і не адваліўся ў самы істотны момант, таму варта выкарыстоўваць нешта металёвае.

Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат

Яшчэ адна вельмі істотная акалічнасць – воск. Парафін адвальваецца ад шкарлупіны, і нічога карыснага не атрымліваецца. А воск трымаецца годна. Таму па дарозе дадому зазірніце ў краму для пчаляроў ці ў царкву па свечку.

Найперш варта яйкі спачатку зварыць белымі, а потым ужо над імі чараваць. Тады перад тым, як наносіць воск, трэба яйка працерці спіртам (гарэлкай), каб воск лепей чапляўся. Яшчэ адна акалічнасць – яйка мае быць пакаёвай тэмпературы, не з лядоўні, каб яно не пакрывалася вільгаццю і не псавала вам задуму падчас малявання.

Прынцып працы такі: наразаеце воск, накладаеце яго ў конусік, растопліваеце яго над агнём і наносіце на яйка. Потым кладзяце свой твор у адвар цыбульных лушпінаў (ці іншых фарбаў).

Калі маеце час і натхненне, можна эксперыментаваць з інтэнсіўнасцю колеру: спачатку наносіце воск на белае яйка і кладзяце на пару хвілінаў у фарбу – яно становіцца лагоднага адцення. Вымаеце яго, сушыце і накладаеце яшчэ адзін слой – тады зноў у фарбу для больш насычанага колеру.

Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат

Пасля таго, як яйка пафарбавалася ў патрэбны вам колер, дастаяце яго і пры дапамозе свечкі здымаеце воск: падносіце да агню, воск растае, вы здымаеце яго з паверхні і такім чынам адкрываеце малюнак.

Тут галоўнае не хвалявацца і памятаць, што яйкі хутка з’ядуцца, дык нават калі і памыліліся недзе, не бяды.

Кропанкі

Калі рабіць прыладу для пісанкі задужа для вашых інжынерных здольнасцяў, можна зрабіць васковыя кроплі на яйку. Прынцып такі ж, як з пісанкай: праціраеце яйка спіртам, крапаеце на яго воскам, потым у фарбу. Пры жаданні таксама можна даставаць яйка час ад часу і крапаць на пафарбаванае, каб плямкі атрымаліся рознага колеру.

А потым пры дапамозе свечкі здымаеце воск, праціраеце сурвэткай – і святочныя яйкі гатовыя, а вы пойдзеце ў касцёл ці царкву з самым адметным наборчыкам.

Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат

У цяперашнія часы можа падавацца, што корпацца з яйкамі – не найлепшая ідэя, бо наўкол столькі болю і гора. Аднак дайце сабе пару дзён перадыху і атрымайце асалоду ад нечага стваральнага. Насамрэч, такія заняткі вельмі гаючыя.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў