Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў змены ў закон аб дапамозе ўцекачам з Украіны


У чацвер 14 красавіка прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў змяненні ў закон аб дапамозе ўцекачам з Украіны. Сярод іншага, змяненні дазваляюць працаваць лекарам і спрашчаюць атрыманне нумару PESEL.

Змяненні ў закон яшчэ 8 красавіка ўхваліў Сейм. Значнае месца ў законе цяпер займае рэгістрацыя грамадзянаў Украіны ў сістэме PESEL.

Таксама ў законе ідзе гаворка пра часовы дазвол на працу лекарам адмыслоўцам з-за межаў Еўразвязу для дапамогі ўкраінскім уцекачам, а таксама пра паўнамоцтвы ваяводаў арганізоўваць экстранную медыцынскую дапамогу там, дзе размяшчаюцца грамадзяне Украіны.

Цяпер закон дазваляе грамадзянам Украіны надаваць псіхалагічную дапамогу сваім суайчыннікам, якія не ведаюць польскай мовы. Таксама ўкраінцы, якія ўцяклі ад вайны, змогуць удзельнічаць у імпрэзах, якія праводзяцца Цэнтрам сацыяльнай інтэграцыі.

Некаторыя новыя пункты закону датычаць таксама беларусаў, якія ўцяклі ад вайны ва Украіне, а менавіта магчымасці атрымання гуманітарных візаў на тэрыторыі Польшчы.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў