Тры гады калоніі і штраф далі Івану Цагалку за ўдар па міліцэйскай машыне і нібыта па амапаўцах


Іван Цагалка. Фота з сацыяльных сетак

Суддзя Савецкага раёну Менску Сяргей Шаціла разгледзеў крымінальную справу супраць Івана Цагалкі і прызнаў яго вінаватым у гвалце супраць міліцыі ды актыўным удзеле ў парушэнні грамадскага парадку (арт. 364 і арт. 342 КК), паведамляе «Вясна».

Паводле памочніка пракурора Раманенкі, 13 верасня падчас Маршу герояў Цагалка браў удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі: блакаваў дарогі, перашкаджаў працы аптэк, салонаў і прадпрыемстваў, якія былі на шляху руху, парушаў спакой грамадзянаў. У раёне вуліцы Ціхай, адчуваючы азлобленасць да міліцыянтаў, ударыў адзін раз нагою па службовым аўтамабілі і тым самым пашкодзіў капот. Затым нанёс па два ўдары амапаўцам Папову і Назараву, якія не пацягнулі разладу іхнага здароўя.

Іван прызнаў віну толькі ў тым, што ўдарыў па аўтамабілі. Віны ў астатніх эпізодах не прызнаў.

Hавiны
25-гадовую Аляўціну Корчык пакаралі «хатняй хіміяй» за абразу Ярмошынай
2021.04.15 16:47

Паводле Івана Цагалкі, на вуліцы Ціхай да натоўпу людзей, дзе ён быў з сябрам, пад’ехаў мікрааўтобус з сілавікамі. Цагалка пачуў з натоўпу крыкі «Бандыты!», а затым пачуўся шум гранатаў і грукат ад стрэлаў. У той момант ён вельмі моцна спалохаўся. У натоўпе ён страціў раўнавагу і ненаўмысна адштурхнуўся нагой ад мікрааўтобуса, каб не ўпасці. Менавіта праз гэта ўтварылася ўвагнутасць на машыне. Пры гэтым кошт рамонту (больш за 400 рублёў) быў пакрыты Іванам яшчэ да суда.

Іван адмаўляў, што нанёс удары амапаўцам, а таксама тое, што ў руках меў якія-кольвек прадметы. Затрыманне адбылося за лічаныя секунды: рукі заламалі, паклалі на зямлю, завялі ў бус, а затым у аўтазак. Іван распавёў, што пры затрыманні яго білі: пашкодзілі нос, наносілі ўдары па галаве, а таксама запісалі на відэа, якое затым паказалі ў дзяржаўным ТБ.

Абноўлена
Працягваецца разгляд справы валанцёраў штабу Бабарыкі. Іх судзяць за лазерныя ўказкі
2021.04.15 15:44

Цагалка распавёў, што падчас запісу відэа ў ГУУС міліцыянты фактычна прымушалі яго казаць тое, што ім трэба, пагражалі збіць, калі будзе нешта не так. Калі ён казаў няправільна, то відэа пераздымалі.

Прадстаўнік «Менсктрансу» на судзе агучыў суму нанесенай шкоды – больш за Br 30 тысячаў.

15 красавіка суддзя Сяргей Шаціла прызнаў Івана Цагалку вінаватым і прысудзіў тры гады пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. Таксама ён абавязаны выплаціць па Br 1000 кампенсацыі маральнай шкоды амапаўцам Папову і Назараву. Пазоў «Менсктрансу» разгледзяць асобна ў парадку грамадзянскай справы.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў