Працягваецца разгляд справы валанцёраў штабу Бабарыкі. Іх судзяць за лазерныя ўказкі


Суд Маскоўскага раёну 15 красавіка працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні валанцёраў штабу Віктара Бабарыкі. Пад вартай – Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька. Яны прызнаныя палітычнымі вязнямі. Віну не прызнаюць.

Валанцёры штабу Віктара Бабарыкі ў судзе Маскоўскага раёну Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі, Дзмітрый Канапелька. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Мужчынаў вінавацяць паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК («Рыхтаванне масавых закалотаў») і ч. 3 арт. 293 КК («Навучанне ці іншае рыхтаванне асобаў да ўдзелу ў масавых закалотах, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці»). Віну ніхто з іх не прызнаў.

Ігар Ярмолаў, валанцёр штабу Віктара Бабарыкі. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Суд распачаўся 12 красавіка. Справу вядзе суддзя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржаўнага абвінаваўцы рэпрэзентуе пракурор Раман Бізюк.

Ігар Ярмолаў ужо даў паказанні, цяпер суд дапытвае Мікалая Сасева. Больш за гадзіну зачытвалі пратаколы ягонага допыту. Паводле ягоных сведчанняў падчас следства, Мікалай не быў валанцёрам штабу Віктара Бабарыкі ў адрозненне ад ягонага сябры Ігара Ярмолава. Ігар набыў 100 лазерных указак на грошы ад Юрыя Васкрасенскага і планаваў раздаваць іх пратэстоўцам. Абмяркоўваў ён гэта толькі з Мікалаем Сасевым. Паводле Мікалая, указкамі яны павінны былі свяціць у вочы міліцыянтам, каб абараніць пратэстоўцаў ад стрэлаў з боку АМАПу.

У пратаколах, складзеных у розны час следства, былі супярэчнасці, таму суддзя ўдакладняла некаторыя моманты.

Мікалай Сасеў у судзе Маскоўскага раёну. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

– Я быў у стане моцнага стрэсу: праз затрыманне, перабыванне ў СІЗА і тое, што бачыў у інтэрнэце ў першыя дні пратэстаў. Я не датычны да крымінальнага злачынства, – адказаў Мікалай на пытанне пра разыходжанне паказанняў.

– Паводле вашых словаў, згодна з пратаколам, 10 жніўня нейкія людзі разбілі брук і кідалі ў сілавікоў на вашых вачах. Але цяпер вы гэта адмаўляеце. Чаму? – пытае суддзя.

Судовы працэс над валанцёрамі штабу Віктара Бабарыкі – Ігарам Ярмолавым, Мікалаем Сасевым, Уладзіславам Карэцкім, Дзмітрыем Канапелькам. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

– Я думаю, што быў пад моцным уражаннем ад размоваў з людзьмі, я пераняў іхныя словы, – адказаў абвінавачваны.

Некаторыя пытанні задалі дзяржаўны абвінаваўца і адвакат Мікалая Сасева.

– З чым звязаныя разыходжанні ў паказаннях? – удакладняе адвакат.

Дзмітрый Канапелька, валанцёр штабу Віктара Бабарыкі. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

– Я пад вартай ужо больш за восем месяцаў, нейкія акалічнасці я магу не памятаць ці памятаць дрэнна. Але я гатовы адстойваць сваю невінаватасць, – адказаў Мікалай Сасеў.

– З якою мэтай у вас у кішэні быў малаток, які вы купілі напярэдадні? – пытае бок абароны.

Валанцёры штабу Віктара Бабарыкі ў судзе: Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі, Дзмітрый Канапелька. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

– Я збіраўся аддаць яго Ігару Ярмолаву, але не паспеў, – паведаміў падсудны. – На папярэднім допыце я пераблытаў словы, у офісе мне казалі не спальваць вопраткі, а мяняць, я хацеў удакладніць гэта.

Абвешчаны перапынак да 14:15.

Пасля перапынку пачаўся допыт Уладзіслава Карэцкага.

Паводле Уладзіслава, ён сапраўды быў у месцах збору людзей 10 жніўня для медычнай дапамогі людзям, але з сабою не было медыкаментаў. 11 жніўня ён набыў ваду, малако, нашатырны спірт, бінты.

– А што вы заносілі ў офіс? – пытае дзяржаўны абвінаваўца.

– 11 жніўня мы з Ігарам занеслі ў офіс у скрынцы ўказкі, ён папрасіў дапамагчы іх сабраць, – растлумачыў Уладзіслаў Карэцкі.

Уладзіслаў Карэцкі, валанцёр штабу Віктара Бабарыкі, у судзе Маскоўскага раёну. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

– Што вы рабілі з імі ў той дзень?

– Ігар паклаў мне некалькі ўказак у кішэню курткі, яны вывальваліся, – адказаў Уладзіслаў.

– Чаму вы іх пакінулі? – пытае бок абвінавачання.

– Гэта як смецце ўдома: трэба выкінуць, але хай паляжыць, – адказаў падсудны.

Уладзіслаў распавёў, што 11 жніўня каля ГЦ «Рыга» не было барыкадаў, але пасля прыезду АМАПу былі чуваць выбухі, яны з Ігарам уцяклі.

– Чаму вы ўцякалі?

– Бо мы спалохаліся.

– Чаго вы спалохаліся?

– Выбуху. Мы баяліся за сваё здароўе.

– А чаму ў пад’ездзе хаваліся?

– Не хацелі, каб нас «прынялі» сілавікі, бо мы ведалі, як яны збівалі ў іншыя дні людзей.

– Што значыць «прынялі»?

– Фізічнае затрыманне, калі цябе збіваюць і калечаць.

Судовы працэс над валанцёрамі штабу Віктара Бабарыкі – Ігарам Ярмолавым, Мікалаем Сасевым, Уладзіславам Карэцкім, Дзмітрыем Канапелькам. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

– Як вы пазбавіліся ўказак? – удакладняе адвакат абвінавачванага.

– Выкінуў у сметніцу каля свайго дому, яны мне не былі патрэбныя, – адказаў Уладзіслаў.

Паводле Уладзіслава Карэцкага, калі 11 жніўня знік Ігар Ярмолаў, ён патэлефанаваў Мікалаю Сасеву, яны пастанавілі з’ехаць у Расею, у Маскву, і там перачакаць. Даехалі да Барысава, а пазней да Воршы, але зразумелі, што нічога дрэннага не рабілі і ўцякаць няма сэнсу, таму 13 жніўня аўтобусам вярнуліся ў Менск, дзе іх затрымалі і змясцілі пад варту.

Суд задаволіў хадайніцтва аб тым, каб зачытаць паказанні Уладзіслава Карэцкага, дадзеныя ім падчас следства, бо яны не сыходзяцца з паказаннямі ў судзе.

«Я не памятаю, у каго ў руках была піратэхніка, але на мяне аказваўся ціск з боку следчага, мне сказалі прозвішча Мікалая і я напісаў яго ў пратаколе», – зачытала суддзя.

Суд працягнецца 19 красавіка ў 14:30.

Фота
Беларусы з ранку выходзяць на вулічныя акцыі ў 250-ы дзень пратэстаў
2021.04.15 11:09

AP belsat.eu

Стужка навінаў