Малады, беларускамоўны, можа зайграць на гітары «Тры чарапахі». Абраны новы старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў


Віцебскі біскуп Алег Буткевіч, які асудзіў гвалт міліцыі ў жніўні 2020 года, стаў новым старшынёю Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі (ККББ), паведаміў сайт catholic.by 14 красавіка.

Біскуп Алег Буткевіч.
Фота: Сяргей Серабро / wikimedia.org

Алегу Буткевічу 49 гадоў, ён самы малады сярод біскупаў – кіраўнікоў беларускіх дыяцэзіяў. Папярэдні старшыня ККББ Тадэвуш Кандрусевіч пакінуў пасаду ў канцы 2020 года ў сувязі з выхадам на пенсію, што адбылося на фоне забароны лукашэнкаўскімі ўладамі вярнуцца ў Беларусь.

Для чаго існуе ККББ

Канферэнцыя створаная, каб біскупы развязвалі супольныя пытанні ці праблемы ў межах краіны, адзначае каталіцкі аналітык Максім Гацак:

«Для пачатку варта зразумець, што структура Каталіцкага касцёлу адрозніваецца ад таго, што мы бачым, напрыклад, у Праваслаўнай царкве. Калі там ёсць Менскі мітрапаліт, які адначасова ўзначальвае ўсю Беларускую царкву, то ў каталікоў кожны епархіяльны, або дыяцэзіяльны біскуп цалкам самастойны ў сваіх справах».

Новы старшыня

Біскуп Алег Буткевіч вядомы сваёй беларускасцю і адкрытасцю да вернікаў, не застаецца збоку ў грамадска-палітычных пытаннях.

«Ён размаўляе па-беларуску, наведвае імпрэзы, прысвечаныя беларускай мове, і можа зайграць на гітары «Тры чарапахі», – кажа Максім Гацак.

 

Яшчэ ў 2016 годзе біскуп Буткевіч адкрыта спрачаўся з уладамі адносна іхнага стаўлення да шэрагу святароў. У жніўні 2020 года ён згадаў праблемы з падлікам галасоў як адну з прычынаў палітычнага крызісу ў краіне і асудзіў гвалт.

«Менавіта ў ягонай, Віцебскай дыяцэзіі праходзілі і самыя гучныя судовыя працэсы над каталіцкімі святарамі апошняга часу: рыма-каталіцкімі Вячаславам Барком, Віктарам Жуком, Раманам Мурзічам і грэка-каталіцкім Аляксеем Варанком. Магчыма, гэта таксама можа сведчыць пра настроі, якія пануюць у дыяцэзіі. Сам біскуп заклікаў перагледзець справы Вячаслава Барка і нават прыходзіў да яго на суд, насіў перадачы ў вязніцу», – дадаў Гацак.

На меркаванне аналітыка, Алег Буткевіч, як і прызначаныя адначасова з ім Юрый Касабуцкі і Юзаф Станеўскі, а таксама трошкі пазней Аляксандр Яшэўскі, – гэта біскупы новага часу.

«Яны сталелі ў час перабудовы і незалежнай Беларусі, яны адчулі свабоду лепш за сваіх больш сталых папярэднікаў, якія ў той ці іншай ступені зазналі пераслед у савецкі час», – лічыць Максім Гацак.

РЛ, belsat.eu

Стужка навінаў