Кіраўніцтву «Yara» перадалі петыцыю з подпісамі 83,5 тыс. беларусаў за разрыў кантракту з «Беларуськаліем»

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадало кіраўніцтву «Yara» петыцыю з подпісамі 83,5 тысячы беларусаў. Усе яны ўсё выступаюць за разрыў кантракту з «Беларуськаліем», паведамляе тэлеграм-канал НАУ.

У пачатку года беларуская дыяспара і стачкам «Беларуськалію» абвясцілі пра пачатак збору подпісаў пад петыцыяй на адрас кампаніі «Yara» з просьбаю разарваць супрацу з беларускім вытворцам калійных угнаенняў да спынення рэпрэсіяў.

Пад дакументам, размешчаным на партале Change.org, пакінулі подпісы больш за 83,5 тысячы асобаў. Петыцыю перадалі на разгляд кіраўніцтву нарвежскай кампаніі.

Петыцыя да кіраўніцтва «Yara» на партале Change.org. Скрын: Change.org

У суправаджальным лісце, прыкладзеным да петыцыі, аўтары нагадваюць, што ўжо неаднаразова звярталіся да «Yara» з просьбаю перагледзець супрацу з «Беларуськаліем». Адзначаюць, што з улікам рэпрэсіяў супраць страйкаму далейшая праца з беларускаю кампаніяй можа абярнуцца для «Yara» непапраўнымі рэпутацыйнымі стратамі.

У лісце таксама вітаюцца перамовы «Yara» з прадстаўнікамі страйкаму «Беларуськалію», якія прайшлі яшчэ да візіту кіраўніцтва нарвежскай кампаніі ў Беларусь, і выказваецца спадзеў на іх працяг у вызначаным раней фармаце.

Днямі нямецкая кампанія «Helm AG», пакупнік дзесяціадсоткавага гадавога аб’ёму прадукцыі «Горадня Азоту», адмовілася ад супрацы з прадпрыемствам. Прадстаўнікі кампаніі пазначылі, што далейшая супраца магчымая, але толькі пасля ацэнкі выканання ўмоваў аховы працы. Кіраўнік НАУ Павел Латушка заклікаў «Yara» ўзяць прыклад з «Helm AG».

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны