Фігурант «пінскай справы» ў апошнім слове: «Прашу прызначыць пацярпелым псіхалагічную экспертызу»


Пінская справа. 14 палітвязняў вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску. Ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года. Крыніца: spring96.org

14 фігурантаў «пінскай справы» абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Пракурор патрабуе ім ад 5,5 да 6 гадоў пазбаўлення волі і штраф у 530 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі 109 міліцыянтам і чыноўнікам за маральныя пакуты, паведамляе радыё «Свабода».

14 красавіка абвінавачаныя выступілі з апошнім словам

Алена Маўшук (пракурор патрабуе ёй 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму) прызнала сябе вінаватай толькі ў тым, што ўдарыла шчыт сілавіка: «Зрабіла я гэта ў мэтах абароны. Пасля таго, як мне нанеслі моцныя ўдары дубінкай. Я вельмі моцна шкадую і раскайваюся. Больш ніякіх [супрацьпраўных] дзеянняў я не прадпрымала. Прашу вас жорстка мяне не караць. Я вельмі патрэбная сваім дзецям, мяне хвалюе іх лёс. Прашу змякчыць маё пакаранне, бо ў мяне непаўналетнія дзяўчаткі, адной 11, другой 5 гадоў (плача). Дзякуй».

Сяргей Маўшук (можа быць пакараны 6,5 гадамі калоніі строгага рэжыму) шкадуе, што так здарылася: «Назад нічога не вернеш. Хачу папрасіць прабачэння ва ўсіх пацярпелых. Дзецям вельмі неабходная маці. Прашу прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі».

Вячаслаў Рагашчук (яму пагражае 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму) у сваім апошнім слове выказаў удзячнасць сваякам: «Усім людзям, якія, нягледзячы на гэтую сітуацыю, не забыліся пра мяне і падтрымлівалі. Вялікі вам дзякуй! Я спадзяюся, што вы [суд] дасце адэкватную і прававую ацэнку ўсім тым супярэчлівым сведчанням супрацоўнікаў міліцыі. Бо вы толькі падумайце! 14 чалавек, з якіх адна жанчына, збілі і запалохалі сотню міліцыянтаў.

Што тычыцца маіх дзеянняў, то думаю, што я зрабіў правільна. Зрабіў бы я па-іншаму, як бы я глядзеў у вочы сваім дзецям і тлумачыў ім, што не дапамог збітым супрацоўнікамі міліцыі людзям? Што тычыцца пазоваў, то прашу зрабіць пацярпелым псіхалагічную экспертызу. Яны наогул усведамляюць, якія пазовы яны нам заяўляюць? Дзе нам узяць гэтыя грошы? Высокі суд, мы, напэўна, сваякі Ілона Маска. У выпадку прызнання судом гэтых сум мне прыйдзецца прадаць кватэру і маёмасць. Я прашу разабрацца вас і прызначыць пакаранне толькі за тое, што я рабіў, а не за тое, што выдумалі некаторыя асобы. Дзякуй».

Рыгор Гунько (можа быць пакараны 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму): «Я не думаў і не ўсведамляў, што так магло атрымацца, бо я звычайны хлопец. Ніколі нікому не нарабіў зла. За ўсе тыя месяцы, праведзеныя ў СІЗА, я шмат чаго пабачыў, усвядоміў свае памылкі і зразумеў, што пазбавіўся самага каштоўнага – свабоды! У мяне было столькі планаў на будучыню – хацеў стварыць сям’ю, пабудаваць дом і жыць нармальным жыццём, як грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Паважаны суд, прашу вас строга не караць. Не пазбаўляць мяне волі. Дазвольце мне выправіцца, працягнуць працаваць і дапамагаць сваёй сям’і. У мяне ўжо немаладыя бацькі, а жыццё праходзіць вельмі хутка. Я спадзяюся на ваш перагляд справы».

Дэвід Масціцкі (яму пракурор патрабуе 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму): «Мам, не хвалюйся за мяне. Усё будзе добра. Вельмі моцна цябе люблю. Высокі суд, я ўсё зразумеў, прашу апраўдаць мяне».

Раман Багнавец (пагражае 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму): «Калі б была магчымасць перажыць той дзень нанова, я думаю, усё б па-іншаму склалася».

Алег Рубец (верагодна, будзе пакараны 5,5 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму) – «(…) Хачу выказаць удзячнасць бацькам і ўсім тым, хто падтрымліваў мяне. Хачу папрасіць прабачэння ў мамы і таты за прынесеныя ім перажыванні. У мяне ёсць прычыны, з-за якіх я кінуў у супрацоўніка міліцыі жменю зямлі.

Я зрабіў гэта пад уздзеяннем эмацыйнага ўзрушэння ад скрываўленага выгляду мужчыны, які ўпаў недалёка ад мяне. Мяне абурыла несправядлівасць. Гэты кідок стаў ахоўнай рэакцыяй з майго боку. І сам ён не можа быць кваліфікаваны як наўмыснае дзеянне з мэтай прычынення гвалту. Жменя зямлі не зʼяўляецца прыладай здзяйснення злачынства, як гаворыцца ў абвінавачванні. Яна не можа прычыніць шкоды. Абвінавачванні ў мой адрас не абгрунтаваныя. Следствам не вызначана, які менавіта гвалт псіхалагічны ці фізічны я здзейсніў. Як і тое, што зрабіў гэта менавіта я. Няма доказаў і таго, што пашкодзіў альбо знішчыў маёмасць. Следствам таксама не ўстаноўлена, якім спосабам я асабіста пасягаў на грамадскую бяспеку… Прашу ў сувязі з адсутнасцю ў маіх дзеяннях складу злачынства мяне апраўдаць».

Аляксандар Цярэшка (патрабуюць пакараць 6,5 гадамі калоніі строгага рэжыму): «Мне няма чаго сказаць, акрамя таго, што я ні перад кім не вінаваты».

Артур Халімончык (для яго пракурор абраў пакаранне ў 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму): «Найперш хачу падзякаваць людзям, якія падтрымалі мяне за час знаходжання ў СІЗА, пад следствам. Шмат чаго новага я ўсвядоміў і зразумеў у сваіх дзеяннях. І шмат да чаго новага прыйшоў. Гэты перыяд застанецца часткай майго жыцця».

Данііл Богнат (мажліва, будзе пакараны 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму): «Высокі суд, тое, у чым мяне абвінавачваюць, – няпраўда. Прашу вас даць справядлівую ацэнку маім дзеянням».

Станіслаў Міхайлаў (пракурор хоча для яго 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму): «Высокі суд, я проста хачу, каб вы разабраліся ў гэтай справе. Таму што я не браў удзелу ў падзеях, у якіх мяне абвінавачваюць, нікому нічога не зрабіў. Я спадзяюся, вы ва ўсім разберацеся. Таму што я ўвогуле не разумею. Такі тэрмін…».

Ігар Салавей (пагражае 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму): «…У Пінску існуе такая праблема, як чынавенства і «бязмежжа» з боку супрацоўнікаў міліцыі. У нашым горадзе ўсе гэта ведаюць, але мала хто пра гэта кажа (…), бо гэта можа прынесці дыскрымінацыю ў працы і выклікаць рэпрэсіі з боку ўлады…

Ёсць такі афарызм – «Хто больш лянуецца, той сваю працу прадстаўляе як нейкі подзвіг», што мы і бачым з паказанняў пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі. Тое, як яны рызыкавалі жыццём, ратавалі таварыша, затуляючы яго шчытом. Нібыта гэта мемуары пра Другую сусветную вайну. Толькі пінскія міліцыянты рабілі з сябе герояў і пакутнікаў (…). Яшчэ не вынесены прысуды ў адносінах да абвінавачаных, а Каравякоўскі (начальнік Пінскага ГАУС) ужо атрымаў званне ад гарвыканкаму «Чалавек году»… Значыцца, у Пінску нас ужо ўсіх завочна асудзілі. Што тычыцца маёй ролі ў гэтых падзеях, то, як я сказаў раней, сваіх паказанняў не змяняю. І цалкам падтрымліваю абарону. Пацярпелыя не пазначылі канкрэтна, што атрымалі траўмы менавіта ад маіх дзеянняў. Абвінавачванне будуецца толькі на домыслах і здагадках следчых, якія пры тых падзеях нават не прысутнічалі і толькі па відэа выказалі здагадку, што я там раблю нешта супрацьпраўнае. Сведак няма».

Суды над 14 пінчукамі працягваюцца з 23 сакавіка, а прысуд будзе вынесены 30 красавіка.

Hавiны
У «пінскай справе» патрабуюць паўмільёна кампенсацыі і да 6,5 гадоў калоніі
2021.04.14 15:48

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў