Аперацыя «Масква»

Аўтарытарныя ўлады Беларусі пастанавілі весці палітычную вайну ўсімі магчымымі спосабамі і там, дзе гэта толькі магчыма, не абмяжоўваючыся дзяржаўнымі межамі.

Выкраданне і ліквідацыя палітычных апанентаў у іншых краінах – досыць распаўсюджаная практыка ўсіх дыктатарскіх рэжымаў. Рэалізацыя такіх аперацыяў мусіць паказаць і грамадству, і ворагам высокі карны патэнцыял, наяўнасць рэпрэсіўных рэсурсаў і эфектыўнасць сістэмы ў супрацьстаянні палітычным ды ідэалагічным пагрозам як унутры дзяржавы, гэтак і за яе межамі. Савецкія і расейскія ўлады, досвед якіх ува ўсіх адносінах пераймае рэжым Лукашэнкі, такім чынам паслядоўна распраўляліся з ворагамі за межамі краіны. Варта згадаць аперацыі ГПУ «Трэст» і «Сіндыкат» або нядаўнюю гісторыю сям’і Скрыпалёў.

Але, напэўна, упершыню ў гісторыі аўтарытарнага рэжыму Беларусі ўлады звяртаюцца да такой формы палітычных рэпрэсіяў, як выкраданне сваіх апанентаў у іншых краінах. Гаворка, вядома ж, пра выкраданне ў Маскве Аляксандра Фядуты і Юрыя Зянковіча. Што таксама кажа пра пераход сістэмы і палітыкі тэрору на якасна новы ўзровень.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: vot-tak.tv

На гэты момант цяжка ацаніць, якую рэальную пагрозу ўяўлялі сабою беларускія грамадскія ды палітычныя дзеячы Фядута і Зянковіч для рэжыму Лукашэнкі, але ўладам важны ўласна факт дэманстрацыі сілы і заключаны ў гэтым доўгатэрміновы ідэалагічны пасыл.

Перш за ўсё, выкраданне ўяўляецца як элемент мэтанакіраванай прадуманай расправы і запалохвання ўсіх, хто за мяжою. Можна меркаваць, што пры маўклівым судзеянні расейскіх спецслужбаў КДБ і, магчыма, служба бяспекі Лукашэнкі адпрацоўваюць навыкі расправы над апанентамі за мяжой. Як мне здаецца, наўрад ці такая аперацыя, з далёкімі палітычнымі наступствамі, магла б быць праведзеная без ведама расейскага боку.

Агулам, улічваючы неадэкватнасць уладаў у Беларусі, іх гатовасць ісці на адкрытую канфрантацыю з Захадам (што ўкладаецца ў парадыгму замежнай палітыкі Расеі), я б не выключаў і таго, што такая практыка можа ў перспектыве распаўсюдзіцца на актыўных беларусаў ва Украіне, Літве, Польшчы.

Зразумела, «аперацыі» будуць рэалізаваныя пад прыкрыццём дыпламатычных пляцовак. Магчыма, у гэтым заключаецца аптымізацыя замежнапалітычных дачыненняў. Не дзіўна, што да гэтага працэсу наўпрост падключыліся «сілавыя структуры». Беларускае МЗС фактычна ўжо стала інтэгральнаю часткаю сілавога апарату, пра гэта таксама сведчыць агрэсіўна-ваяўнічая рыторыка. Не ведаю, ці дойдзе да адкрытых расправаў і замахаў на праціўнікаў рэжыму ў эміграцыі, але відавочна, што Лукашэнка гатовы на самыя радыкальныя захады (палітыку застрашвання) для захавання ўлады. Вядома, беспасярэднія выканаўцы такіх загадаў мусяць мець высокую палітычную ды ідэалагічную матывацыю. Але, мяркуючы з «маскоўскай аперацыі», такіх людзей у сістэме яшчэ нямала.

Жыхары Каменнай Горкі і Кунцаўшчыны выйшлі на акцыю пратэсту. 15 красавіка 2021 года. Менск, Беларусь.
Фота: АК / Белсат

Агулам жа бясспрэчны той факт, што прастора тэрору ў Беларусі пашыраецца, а не звужаецца. Тым самым улады паказваюць, што ні на якія саступкі ў прынцыпе ісці не збіраюцца, пакуль не будуць зліквідаваныя ўсе пагрозы. У сваю чаргу маскоўская акцыя таксама даказвае, што Расея не будзе браць удзелу ні ў якіх працэсах (дыялогах, перамовах), накіраваных на змену рэжыму ў Беларусі. Больш за тое, як мы таксама бачым, Крэмль больш не жадае падтрымліваць або развіваць на сваёй тэрыторыі актыўнасці, накіраванай на інфармацыйнае або палітычнае ўздзеянне на сістэму Лукашэнкі.

Менавіта такім цэнтрам Масква (Расея ў цэлым) была доўгі час, асабліва ў перыяд выбарчай кампаніі 2020 года. Дзейнасць беларусаў у Расеі была адным з сурʼёзных раздражняльнікаў для Лукашэнкі і дэлегітымізатарам рэжыму. І тое, што гэтая актыўнасць ажыццяўлялася з маўклівай згоды Крамля, сведчыла пра зацікаўленасць расейскіх элітаў у той ці іншай ступені ліквідацыі Лукашэнкі. Прынамсі, так гэта ўспрымалася вонкавымі гульцамі.

Рэпартаж
«Свабоду Навальнаму!» і «Жыве Беларусь!» – што пагражае беларусам за ўдзел у акцыях у Расеі
2021.04.03 16:18

Крэмль прадэманстраваў: сітуацыя, якая склалася ў Беларусі і вакол яе, цалкам адпавядае інтарэсам Расеі.

У сваю чаргу выкраданне Фядуты і Зянковіча менавіта ў Маскве фармальна ліквідуе фактар Масквы ў гульні супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама ліквідуецца ключавы калідор бяспекі для беларускіх палітычных актывістаў.

Меркаванні
Пасля Дня Волі: сцэнары для ўлады і апазіцыі
2021.03.28 13:10

Павел Усаў/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў