«За рэпарацыйныя грошы ад Расеі потым усё адновім». Як Украіна абараняе ад вайны культурную спадчыну


Ад ракетных абстрэлаў з боку Расеі ва Украіне цярпяць гістарычныя будынкі, якія перажылі Другую сусветную вайну. Пад пагрозай – 7 аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЭСКО. Адмыслоўцы зазначаюць: Расея, а разам з ёй і Беларусь парушаюць Гаагскую канвенцыю 1954 года аб абароне культурных каштоўнасцяў у выпадку ўзброеных канфліктаў. Гэты дакумент забараняе знішчэнне помнікаў культуры падчас баявых дзеянняў і прыраўноўвае такія дзеянні да ваеннага злачынства. Пра тое, як Украіна абараняе свае гісторыка-культурныя каштоўнасці, і пра адказнасць бакоў-агрэсараў размаўляем з украінскімі і беларускімі экспертамі ў пытаннях спадчыны.

Помнік герцагу Рышэльё, які закрылі мяшкамі з пяском. Прыморскі бульвар, Адэса, Украіна. 9 сакавіка 2022 года.
Фота: Nina Lyashonok / Avalon / Photoshot / East News

Чарнігаў: «узброеная маскоўская арда» напала знянацку, эвакуяваць музейныя калекцыі не паспелі

За няпоўныя тры тыдні вайны ад расейскай агрэсіі ва Украіне пацярпеў шэраг помнікаў культуры: некаторыя былі пашкоджаныя, іншыя – зруйнаваныя.

Вельмі моцна пацярпелі Харкаў – сталіца ўкраінскага канструктывізму, а таксама Чарнігаў, каштоўны тым, што ў ім месцяцца найстаражытнейшыя бажніцы Украіны, датаваныя ХІ стагоддзем. Гістарычны цэнтр Чарнігава ўваходзіць у папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКО (кандыдат на ўлучэнне ў асноўны).

У адрозненне ад таго ж Львова, дзе робяцца актыўныя прэвентыўныя захады для абароны помнікаў, у Чарнігава не было магчымасці падрыхтавацца, зазначае Сяргей Лаеўскі, дырэктар Чарнігаўскага абласнога гістарычнага музею ім. Васіля Тарноўскага.

«Каб музейная калекцыя была ў бяспецы, яна павінна быць далёка ад поля бою, – зазначае спадар Сяргей. – Чарнігаў не паспеў падрыхтавацца, бо гэта было і немагчыма – узброеная маскоўская арда напала на Украіну знянацку, і да Чарнігава дабралася за адзін дзень».

Калекцыю работнікі музею В. Тарноўскага не паспелі эвакуяваць, аднак што маглі – схавалі. І калі музейныя прадметы можна схаваць, то з архітэктурай і манументальнай скульптурай складаней, кажа Сяргей Лаеўскі. Нават прэвентыўныя захады ў выглядзе мяшкоў з пяском, якімі абкладаюць помнікі, могуць абараніць ад аскепкаў снарадаў, часам ад выбуховай хвалі, аднак не ўратуюць ад наўпроставага трапляння бомбы.

«Казалі «можам паўтарыць» – вось і паўтарылі. Страляюць па тых жа цэлях, што гітлераўцы ў 1941»

На сённяшні дзень у Чарнігаве, паводле нашага суразмоўцы, пашкоджаныя каля 10 помнікаў.

«Кінатэатр наш 1939 года разбамбілі. Ён быў знішчаны ў 1941 годзе, але потым яго адбудавалі, – распавядае дырэктар музею. – У 2022 годзе ў гэтае ж месца трапіла ракета. Быў пашкоджаны будынак нашага музею ім. Васіля Тарноўскага – побач узарваліся дзве авіябомбы, унутраная сцяна ў выніку амаль цалкам вывалілася. У Мемарыяльным музеі-запаведніку Міхайлы Кацюбінскага аскепкам снараду наскрозь прашыла сцены. Абстраляны помнік нацыянальнага значэння Елецкі ўспенскі манастыр пачатку ХІІ стагоддзя. Вайскова-гістарычны музей пашкоджаны. Знішчылі Музей украінскіх старажытнасцяў. Ад гатэлю «Украіна» засталася палова. І вайна ж яшчэ не скончылася, і нашую культуру працягваюць знішчаць. Але пасля перамогі за рэпарацыйныя грошы мы ўсё адновім».

У Чарнігаве ў выніку абстрэлу знішчаны Музей украінскіх старажытнасцяў. Крыніца: Сергій Лаєвський / Facebook

Спадара Сяргея абурае, што расейскія войскі страляюць па цэрквах, здзіўляе – што таксама і па тых, што належаць да Маскоўскага патрыярхату, як святыня Феадосія Чарнігаўскага на могілках, яна згарэла цалкам 13 сакавіка пасля таго, як у яе трапіла ракета.

«Ваююць ужо і з могілкамі – там быў нанесены ўдар «Градам», – кажа дырэктар чарнігаўскага музею. – У нас пра гэта нават так кажуць, што літара Z – гэта зомбі, а па могілках яны страляюць, каб атрымаць падмацаванне – чарговых зомбі».

Спадар Сяргей застаецца ў музеі дзень і ноч – ён не можа кінуць калекцыі, за якія нясе адказнасць. Разам з ім фактычна «жывуць» у музеі яшчэ некалькі супрацоўнікаў.

«Нас працягваюць абстрэльваць, хоць сітуацыя ў горадзе кантралюецца ЗСУ, – кажа адмысловец. – А расейцы дзейнічаюць па той жа схеме, што гітлераўцы ў 1941 годзе. Нават страляюць па тых жа цэлях. Казалі «можам паўтарыць» – вось і паўтараюць. Забываюць толькі, што нацызм скончыўся – скончыцца і пуцінізм».

Львоў «апранае» помнікі ў вогнеўстойлівыя тканіны, Кіеў баіцца за Сафійскі сабор

Часам падрыхтавацца і як мага лепш абараніць помнікі скарыстаўся Львоў – горад Украіны, найбольш багаты на гісторыка-культурныя каштоўнасці.

На Львоўшчыне дзейнічаюць больш за 170 музеяў. У іх фондах захоўваецца 14 % усёй музейнай спадчыны Украіны. Паводле Ірыны Гаўрылюк, дырэктаркі дэпартаменту ў пытаннях культуры, нацыянальнасцяў і рэлігіяў Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі, зробленае ўсё неабходнае для абароны музейных калекцыяў. Што менавіта, чыноўніца не распавядае з мэтаў бяспекі.

Інтэрв’ю
Помнікі ў час вайны. Як Львоў абараняе сваю культурную спадчыну
2022.03.14 15:41

Ад магчымых пашкоджанняў у выніку абстрэлаў на Львоўшчыне абараняюць таксама скульптуры і архітэктурныя помнікі. Гэтак, фантаны на плошчы Рынак ля ратушы «апранулі» ў вогнеўстойлівыя ахоўныя матэрыялы. Абаранілі таксама скульптурныя кампазіцыі і вітражы Лацінскай катэдры і касцёлу Святога Антонія, ахоўнымі экранамі закрылі вітражы Успенскай царквы аўтарства Пятра Халоднага 1928–33 гадоў. Дэмантавалі драўляную скульптуру Ісуса Хрыста з Армянскага сабору – яна была часткай старажытнага алтара, які перажыў нават Другую сусветную вайну. Цяпер скульптура захоўваецца ў адмысловым бункеры.

Каштоўныя помнікі, унесеныя ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКО, месцяцца ў Кіеве: Сафійскі сабор і Кіева-Пячорская лаўра. Адмыслоўцы кажуць, што гэтыя будынкі пад сур’ёзнай рызыкай – засцярогі з’явіліся, калі расейцы абвесцілі, што зруйнуюць усе будынкі, звязаныя з СБУ, што зусім блізка да Сафійскага сабору. Паводле экспертаў, любы ўдар па СБУ прывядзе да пашкоджанняў святыні.

Расея і Беларусь здзяйсняюць ваеннае злачынства супраць спадчыны

Кіраўнік Беларускага камітэту ICOMOS, ліквідаванага ўладамі, дацэнт Дэпартаменту гуманітарных навук і мастацтваў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні Сцяпан Стурэйка звяртае ўвагу на тое, што Расея ў вайне супраць Украіны ўжо неаднаразова парушыла Міжнароднае гуманітарнае права, а менавіта – Гаагскую канвенцыю 1954 года, якая забараняе падчас баявых дзеянняў разбураць аб’екты культурнай спадчыны. Краіны, якія ратыфікавалі гэтую канвенцыю, абавязаныя яе выконваць, зазначае Стурэйка. Акрамя Расеі, Канвенцыю падпісала таксама і Беларусь, якая ў гэтай вайне яе таксама парушае.

Львоў спрабуе абараніць помнікі культуры. Львоў, Украіна. 11 сакавіка 2022 года.
Фота: Яна Сідач / Белсат

«У Канвенцыі ёсць артыкул № 3, які абавязвае забяспечыць ахову гісторыка-культурнай каштоўнасці ў выпадку пагрозы, – кажа эксперт. – Мы бачым, як ва Украіне ў той жа Адэсе помнік Рышэльё абкладзены мяшкамі з пяском, як у Львове скульптуры запакаваныя ў адмысловую ахоўную тканіну. Так Украіна рыхтуе сваю спадчыну да баявых дзеянняў там, дзе яна яшчэ паспявае гэта зрабіць. А Беларусь, тэрыторыю якой Лукашэнка аддаў для баявых дзеянняў, не робіць нічога. Тым больш што Лукашэнка сказаў, што нібыта Украіна хацела напасці на Беларусь. У такім выпадку Беларусь як удзельніца Гаагскай канвенцыі, калі ёй стала вядома пра рызыкі ўзброенага нападу, мусіла б нешта зрабіць, каб абараніць спадчыну ў найбольш уразлівых рэгіёнах – Берасцейскай і Гомельскай вобласцях. Аднак нічога не было зроблена».

Сцяпан Стурэйка зазначае, што ў сітуацыі пагрозы вайны кампетэнтныя органы павінныя праінфармаваць Узброеныя сілы пра наяўнасць культурных каштоўнасцяў на тэрыторыі імаверных баявых дзеянняў. Таксама мусіць быць арганізаваная папярэдняя эвакуацыя найбольш каштоўных музейных прадметаў. З супрацоўнікамі, адказнымі за ахову спадчыны, павінен быць праведзены інструктаж. Няма сведчанняў, каб у Беларусі нешта з гэтага рабілася, зазначае наш суразмоўца, і гэта – наўпроставае парушэнне Гаагскай канвенцыі.

«А невыкананне Гаагскай канвенцыі – гэта ваеннае злачынства, – рэзюмуе эксперт. – Усе выпадкі разбурэння будуць разглядацца, будзе падлічвацца матэрыяльны памер стратаў, і як некалі Нямеччына выплачвала так званыя рэпарацыі за разбурэнне культурнай спадчыны ў краінах, на якія напала, так гэта будзе рабіць і Расея ў цяперашняй сітуацыі. Украіна ўжо цяпер займаецца фіксацыяй пашкоджанняў і разбурэнняў.

Як асобную страту для спадчыны ад вайны Сцяпан Стурэйка вылучае разрыў супрацоўніцтва паміж Украінай і Беларуссю ў галіне аховы спадчыны, музейнай справы, наладжвання трансмежных турыстычных маршрутаў.

«Я асабіста ўдзельнічаў у арганізацыі музейнага форму ў Чарнігаве ў 2018 годзе для музеяў Гомельшчыны. Было шмат ідэяў, каб стварыць трансмежны маршрут, які б звязаў у адзіны лагічны ланцуг аповед пра гэты рэгіён: Чарнігаўшчына – Гомельшчына, – распавядае Стурэйка. – А якая цяпер супраца, калі з Беларусі ва Украіну ляцяць ракеты?»

Міжнародная рэакцыя на знішчэнне помнікаў культуры ва Украіне

На 15 сакавіка выканаўчая рада ЮНЭСКО запланавала адмысловую сесію аб Украіне.

Генеральны дырэктар ЮНЭСКО Адрэ Азуле (Audrey Azoulay) заклікала «абараняць украінскую культурную спадчыну, якая з’яўляецца сведкай багатай гісторыі краіны і ўключае сем аб’ектаў сусветнай спадчыны: у Львове, Кіеве, Адэсе і Харкаве, якія ўваходзяць у Сетку творчых гарадоў ЮНЭСКО, а таксама нацыянальныя архівы Украіны, некаторыя з якіх уключаныя ў рэестр ЮНЭСКО «Памяць свету», і месцы, звязаныя з трагедыяй Галакосту».

Цяпер ЮНЭСКО працуе разам з украінскімі ўладамі над тым, каб як мага хутчэй адзначыць асноўныя гістарычныя помнікі і аб’екты па ўсёй тэрыторыі Украіны «блакітным шчытом» – эмблемай Гаагскай канвенцыі 1954 года. Гэта міжнародна прызнаны сігнал аб абароне культурнай спадчыны ў выпадку ўзброенага канфлікту. ЮНЭСКО будзе адсочваць шкоду, нанесеную культурным аб’ектам, аналізуючы спадарожнікавыя выявы.

Львоў, Украіна. 11 сакавіка 2022 года.
Фота: Яна Сідач / Белсат

«На сённяшні дзень гэтай сістэмай маніторынгу ахоплена ўжо каля дзясятку прыярытэтных аб’ектаў, уключаючы аб’екты сусветнай спадчыны», – паведаміў Лязар Элюнду Асамо (Lazare Eloundou Assomo), дырэктар Цэнтру сусветнай спадчыны ЮНЭСКО. Акрамя таго, адмыслоўцы ЮНЭСКО наладзілі кантакты з грамадзянскай супольнасцю, спецыялістамі і практыкамі з галіны жывой спадчыны, каб зразумець уплыў бягучай сітуацыі на стан творчых работнікаў і культурных установаў.

Пры падтрыманні ЮНЭСКО і іншых міжнародных арганізацыяў ва Украіне паўстала музейная ініцыятыва «Штаб ратавання спадчыны».

Для аховы культурнай спадчыны Украіны ЮНЭСКО мабілізуе міжнародных партнёраў, у тым ліку Міжнародны даследчы цэнтр захавання і рэстаўрацыі культурных каштоўнасцяў, Міжнародны камітэт «Блакітны шчыт», Міжнародную раду музеяў, Міжнародную раду захавання помнікаў і славутых мясцінаў ды іншыя.

Гісторыі
«Мы будзем біцца да канца, але заклікаем: дапамажыце нам у гэтай вайне!» Размова з валанцёркаю з Украіны
2022.03.04 15:56

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў