Учынак, падрыхтоўка перавароту ці метадычка Суркова? Ацэнкі акцыі Марыны Аўсяннікавай у эфіры «Первого канала»


Не ўсе інтэрнэт-карыстальнікі ацанілі ўчынак расейскай журналісткі Марыны Аўсяннікавай, якая 14 сакавіка з’явілася з антываенным плакатам у эфіры «Первого канала». Некаторыя нават выказалі меркаванне пра пастаноўку акцыі. Разбіраліся, што думаюць беларусы і не толькі пра гэта.

Жанчына з антываенным плакатам у прамым эфіре. Скрыншот: Первый канал

Што адбылося

14 сакавіка ўвечары ў жывым эфіры расейскага «Первого канала» рэдактарка тэлеканалу Марына Аўсяннікава з’явілася ў кадры з антываенным плакатам у руках. Яна паспела сказаць некалькі разоў: «Спыніце вайну!»

Перад акцыяй яна запісала відэа, у якім заявіла, што напад Расеі на Украіну – злачынства, праз якое ад Расеі адвярнуўся ўвесь свет. Марыя Аўсяннікава сказала, што шкадуе і саромеецца таго, што працавала на Першым канале і «займалася крамлёўскай прапагандай».

Пасля акцыі на тэлеканале, жанчыну затрымалі. Яе месцазнаходжанне дагэтуль невядома, адзначае «ОВД-Инфо».

Hавiны
Супраць жанчыны, якая выступіла з плакатам на расейскім тэлеканале, распачалі крымінальную справу
2022.03.15 12:46

Як піша ТАСС, Следчы камітэт РФ пачаў даследчую праверку ў дачыненні да Марыны Аўсяннікавай. Паводле крыніцы выдання, адміністрацыйную справу ў дачыненні да яе пачынаць не сталі, матэрыялы перададзеныя ў СК.

Выданню Baza стала вядома, што супраць Марыны Аўсяннікавай рыхтуюць крымінальную справу. Нібыта напачатку на яе хацелі скласці пратакол па адміністратыўнай справе. Але потым сілавікі сабраліся на нараду, на якой вырашалі, што завядуць крымінальную справу за распаўсюд фэйкаў у СМІ. Марыне можа пагражаць да 15 гадоў зняволення.

Пастаноўка?

Між тым не ўсе паверылі ў шчырасць перформансу. Гэтак, беларускі журналіст Серж Харытонаў мяркуе, што акцыя Аўсяннікавай «цалкам укладваецца ў канву расейскай прапаганды».

«Гэта адначасова і спроба змяніць парадак дня (на менш ваяўнічы – бо РФ, відавочна, не выцягне працяглую вайну), і спроба зноў зарадзіць тэзу «не ўсё так адназначна», і, у некаторай ступені, спроба скампраметаваць усе наступныя акцыі пратэсту. А заадно – адцягнуць увагу медыяў ад злачынстваў расейскай арміі ва Украіне», – мяркуе ён.

На яго думку, «верагоднасць таго, што рэдактар «Первого канала» публікуе ў сацсетках антыпуцінскі маніфест, а потым спакойна прыходзіць на працу і ў псеўданаўпроставым эфіры ладзіць мітынг у студыі навін, які паказваюць у кадры 4 секунды (па мерках тэлебачання гэта вельмі доўга) – нават не нулявая, а ніжэй за нуль». Харытноў лічыць, што «мэтай пастаноўкі зʼяўляецца перакананне ў тым, што «звычайныя расейцы» раптам сталі відушчымі і наогул пакутуюць».

Эрнст, Хадаркоўскі ці Суркоў?

Пра «сцэнарную працу» піша і ўкраінскі журналіст Сяргей Дзідкоўскі. На ягоную думку, уласнік «Первого канала» Канстанцін Эрнст такім чынам «хоча пазбегнуць адказнасці перад светам за прапаганду». У якасці доказаў ён прыводзіць тое, што запіс з’явіўся на рэсурсах Ксеніі Сабчак і Міхаіла Хадаркоўскага, хоць і не тлумачыць сувязі. Дзідкоўскі згадвае, што былі відэа запісу тэлевізара і метадычкі, «у якіх пазнаецца яшчэ почырк Суркова». Пры гэтым ён жа кажа, што гэта «яшчэ адна спроба расейскіх апазіцыянераў расхістаць уладу ў РФ».

На думку журналіста, гэтак пашыраецца наратыў, што «што дзяўчына, якая атрымлівае звычайнае адміністрацыйнае пакаранне, большая ахвяра за людзей, якія знаходзяцца пад абстрэлам ва ўкраінскіх гарадах», а «расейская прапаганда ператвараецца ў ахвяру рэжыму».

«Усё ж такі гэта медыйная перамога Украіны. Па-першае, нават прапагандыст Эрнст зразумеў, што Пуцін скончыўся. Па-другое, гэта дало магчымасць убачыць іншы бок прапаганды. А веды заўсёды карысныя», – заключае тым не менш Дзідкоўскі.

Падрыхтоўка перавароту?

А беларуская актывістка, прадстаўніца Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звоскава Яўгенія Парашчанка лічыць, што «гэты дэмарш у «прамым эфіры» – падрыхтоўка глебы да палацавага перавароту», бо «Пуцін значна пагоршыў стан эліт і не даў ім нічога наўзамен».

Пры гэтым, на ейную думку, у зрыньванні Пуціна «нічога добрага для нас няма», бо «пераварот – не прыход да дэмакратыі».

«Не смяшыце»

У сваю чаргу беларускі журналіст Аляксандр Ачарэтны не верыць у магчымасць пастаноўкі, тым больш, арганізаванай расейскімі спецслужбамі.

«Ды годзе! Якая там тонкая гульня. ФСБ, якая пры спробе правядзення любой «спецаперацыі» свеціцца па ўсіх франтах? Арганізацыя, супрацоўнікі якой паводзяць сябе як бараны, выкладваючы па тэлефоне дэталі забойства, якое не адбылося? Арганізацыя, пра якую гавораць, што там раскралі грошы, выдаткаваныя на падрыхтоўку да вайны? Тонкая гульня? Ды не смяшыце мае гэтыя», – напісаў ён.

А ўкраінскі дыпламат Вадзім Трухан мяркуе, што акцыя Аўсяннікавай сведчыць пра тое, што «ў Расеі пачаліся ўнутраныя прарывы».

«Гэта не тая сітуацыя, калі «трэскаюць па ўсіх швах знутры». Аднак яго прадвеснік настолькі дакладны. Адважная жанчына Марына Аўсяннікава ўварвалася ў наўпроставыя навіны Першага федэральнага канала з плакатам «Не вайне». На першым, Карл!! Вядома, яе арыштавалі і могуць хутка пасадзіць на 15 гадоў, аднак сама акцыя заслугоўвае скрупулёзнага аналізу. Такія рэчы там не робяцца стыхійна. А тое, як яе падтрымлівалі паслядоўнікі ў сацыяльных сетках, сведчыць аб тым, што такія настроі ў расейскім грамадстве ўжо пераважаюць над звычайнай агульнай ухвалай дзеянняў іх фюрэра 2.0», – заявіў дыпламат.

У сваю чаргу расейскі блогер Міхаіл Пажарскі лічыць, што сваім учынкам журналістка паказала «з Саўлаў у Паўлы ніколі не позна». Маецца на ўвазе біблейская гісторыя пра ганіцеля хрысціянаў Саўла, які пасля сам стаў хрысціянскім апосталам Паўлам.

«Цяпер, вядома, некаторыя пішуць, што, маўляў, раней за яе ўсё задавальняла: і палітзэкі, і Крым, і выбары, і г.д. («дзе ты была 8 гадоў!»). Але вось пытанне: сыдзі яна з цырку яшчэ N гадоў назад, змагла б сёння зладзіць такі перформанс на ўсю краіну? Вось жа», – заключае ён.

https://twitter.com/Veterrr/status/1503459032610258956

Не толькі Аўсяннікава

Тым часам стала вядома, што вядоўца НТВ Лілія Гільдзеева, якая працавала на тэлеканале з 2006 года, зʼехала з Расеі і напісала з-за мяжы заяву аб звальненні.

«Спачатку зʼехала, баялася, што проста так не адпусцяць, потым напісала заяву», – расказала яна Varlamov News.

На НТВ Гільдзеева, у прыватнасці, вяла праграму «Сегодня». У першыя сем гадоў працы, да 2013 года, яе сувядоўцам быў Аляксей Півавараў.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў