У Марыупалі пачалі захопліваць шпіталі, дзе ратуюць людзей


У адным з самых бамбаваных расейскімі вайскоўцамі ўкраінскім горадзе Марыупалі 15 сакавіка працягваюць баі. Там захапілі будынак абласнога шпіталю, а дактароў узялі ў закладнікі, распавяла ў жывым эфіры «Белсату» карэспандэнтка з Марыупалю Ганна Герасіменка.

«Калі думаеш, што ў горадзе ўсё настолькі дрэнна, што горш быць ужо не можа, абавязкова адбываецца нешта, што робіць сітуацыю яшчэ больш жахлівай. Такой навіной стала сёння інфармацыя пра ўзяцце абласнога шпіталю ў закладнікі», – распавядае Ганна.

Са словаў журналісткі, сёння ёй патэлефанаваў чалавек з тэрытарыяльнай абароны, які абараняе вайсковы шпіталь, і расказаў, як дактары на ​​месцы ратуюць не толькі вайскоўцаў, а ўсіх.

«Да іх прывозяць людзей з адарванымі канцавінамі – гэта тое, што паступае да іх кожны дзень, дзясяткамі. І падчас размовы ён закрычаў, што да іх зайшлі ўзброеныя людзі, пасля чаго адключыўся, – перадае карэспандэнтка. Гэта іншы шпіталь, і гэта дае зразумець, што сітуацыя з закладнікамі адбываецца і ў іншых шпіталях гораду. Я не ведаю, што гэта за зверства і новы від тэрору – браць дактароў у закладнікі».

Ганна расказвае, што медыкі працуюць, не выходзячы са шпіталяў, з 24 лютага, «яны там жывуць».

Гісторыі
«Яны білі па вакзале, адкуль ехалі бежанцы». Аповед украінкі, якая апошнім цягніком з’ехала з Ірпіня
2022.03.15 19:45

У Марыупалі не спыняюцца абстрэлы, толькі крыху знізілася іх інтэнсіўнасць. Раніцай 15 сакавіка было разгромлена некалькі жылых кварталаў і епархіяльнае ўпраўленне праваслаўнай царквы ва Украіне.

14 сакавіка колькасць загінулых у Марыупалі складала 2357 чалавек, але дакладную колькасць ахвяраў можна будзе сказаць толькі пасля спынення баявых дзеянняў.

Таксама ў горадзе другі дзень праходзіць эвакуацыя, але толькі на прыватных аўтамабілях. Ганна расказвае, што шмат машынаў пацярпела ад абстрэлаў – і людзі не могуць на іх выехаць. І нават калі аўтамабіль ёсць, яго няма чым запраўляць. Таму гэтую эвакуацыю нельга назваць масавай і такім чынам з гораду могуць эвакуявацца толькі 10-20 тысяч чалавек.

Некаторыя людзі праз адсутнасць сувязі дагэтуль не ведаю пра магчымасць выезду з гораду пэўным маршрутам, – перадае Ганна.

Hавiны
З Марыупалю працягваецца эвакуацыя: выехала 2 тысячы легкавых машынаў
2022.03.15 16:42

АД belsat.eu

Стужка навінаў