Думаем Беларусь: топ артыкулаў і кніг філосафа Уладзіміра Мацкевіча


Беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч прыпыніў галадоўку. Справа мае зрушыцца з мёртвага пункту, але 65-гадовы філосаф гатовы аднавіць свой чын, калі палічыць гэта неабходным. Ён 11 дзён не еў і тры дні галадаваў насуха.

Філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Белсат

Гэта вельмі паказальная і яскравая рыса цяперашняга рэжыму, калі філосафы, інтэлектуалы сядзяць за кратамі ды гатовыя памерці за тое, каб людзьмі звацца, а каты, тыя, хто збіваў і забіваў беларусаў падчас пратэстаў 2020 года, спакойна ходзяць па вуліцах.

Як для сапраўднага інтэлектуала, для Уладзіміра Мацкевіча вельмі важна тое, каб яго думкі, развагі, погляды, укладзеныя ў радкі артыкулаў і кніг, пашыраліся сярод грамадства, знаходзілі сваіх чытачоў і нараджалі дыскусіі. Прапаноўваем пазнаёміцца з Уладзімірам Мацкевічам праз ягоныя працы.

Топ артыкулаў і відэакурс-лікбез

«Думаць Беларусь»

Тэкст-маніфест, з якога «ўсё закруцілася» і з якога варта пачаць, каб разабрацца, хто такі Уладзімір Мацкевіч.

Што вы там рабілі, на гэтым скрыжаванні?

Мы думалі туман, – адказала Ірма.

Пра туман, – паправіў Віктар, – аб тумане.

– Навошта гэта – пра туман? – сказала Ірма.

Думаць – непераходны дзеяслоў, – растлумачыў Віктар. – Ён патрабуе прыназоўнікаў. Вы праходзілі непераходныя дзеясловы?

Гэта калі як, – сказала Ірма. – Думаць туман – гэта адно, а думаць пра туман – гэта зусім іншае… і каму гэта трэба – думаць пра туман…

Гэтае пытанне, зададзенае Стругацкімі ва ўрыўку, Уладзімір узяў эпіграфам да свайго тэксту. У ім ён разважае пра тое, што Беларусь як унікальны аб’ект мусіць быць не проста прадметам вывучэння, а мэтай і клопатам мыслення. Памятаеце, як у Стругацкіх дзеці «думалі дождж», і ён ішоў? Вось таксама і Уладзімір прапаноўвае «думаць Беларусь» і расказвае, як менавіта гэта трэба рабіць. Бо толькі Розум здольны стварыць Беларусь. Калі вы хочаце зразумець, чым Уладзімір кіруецца ў тым, што робіць: філасофія, грамадская дзейнасць, аналітыка – вам сюды.

Надежда Лученок, в Варшаве представили электронную книгу Владимира Мацкевича «Отвечая за себя», Центр белорусской солидарности
Прэзентацыя кнігі філосафа Уладзіміра Мацкевіча «Адказваючы за сябе» у Цэнтры беларускай салідарнасці. На здымку – Надзея Лучанок, дачка Уладзіміра Мацкевіча. Варшава, Польшча. 16 студзеня 2021 года.
Фота: ЯМ / Белсат

«Грамадзянская супольнасць: насуперак відавочнасці»

Тут можна паглядзець і паслухаць цэлы відэакурс Уладзіміра Мацкевіча. Пасля 2020 года мы ўсе ведаем, што мы – грамадзянская супольнасць, і што гэта сёе-тое ды азначае. Але паколькі мінулыя 30 гадоў мы зусім мала думалі пра гэта, то вось вам «лікбез». Тут і пра ўяўленні аб грамадзяніне, і пра тое, як адбываецца камунікацыя і прымаюцца рашэнні, і пра індывідуальнасць, і пра дзяржаву. Але не думайце, што тут будуць простыя азначэнні – прачытаў і вывучыў на памяць. Тут хоць і лікбез, але такі, каб падумаць, з тонкасцямі і калізіямі. Не так ужо і проста – быць грамадзянінам.

«Грамадзянскае дзеянне і паводзіны»

Грамадзянская супольнасць у Беларусі ёсць. Я гэта дакладна ведаю, бо менавіта салідарнасць грамадзянскай супольнасці выратавала мяне ад смерці ў кастрычніку 2006 года.

Чалавек паводзіць сябе, здзяйсняе грамадзянскія ўчынкі і дзеянні не ўвесь час, а толькі ў адпаведных сітуацыях. Што азначае «грамадзянскія паводзіны»? Калі французскія рэвалюцыянеры падбухторвалі натоўп на штурм Бастыліі, хто быў у гэтым натоўпе? Грамадзяне? Чым падобныя і чым адрозніваюцца паводзіны грамадзянаў у час Французскай рэвалюцыі і ў XXI стагоддзі ў Беларусі? Каб разабрацца, чытайце гэты тэкст.

Гэта фрагмент з серыі тэкстаў аб грамадзянскай супольнасці за снежань 2019 – студзень 2020. Выдатнае чытво на выходныя.

Уладзімір і Святлана Мацкевічы.
Фота: сямейны архіў Мацкевічаў

«Глабальнае пацяпленне пасля халоднай вайны»

Так, Уладзімір Мацкевіч любіць даваць назвы, з якіх не зразумееш, пра што гэта. Калі вы падумалі, што ідзецца пра далёкія абстрактнасці, то не. Перад намі вельмі актуальны тэкст пра тое, што з сябе ўяўляе сучасны свет пасля заканчэння халоднай вайны ў рэчышчы развіцця тэхналогіяў, інавацыяў і ўсяго таго, што яны з сабой нясуць. Тэкст пачынаецца з пытання: «Ці магчымыя ў Беларусі рэформы?» – і заканчваецца стратэгіяй дзеянняў.Тэкст: https://drive.google.com/file/d/19VK1LpJX4e1q652YIW_4UlVDZiG2Z3hI/view

«Паліттэхналогіі трэцяга пакалення»

Палітыка датычыць кожнага. Думаем, пасля жніўня-2020 у гэтым пераканаліся ўсе, нават самыя адчайныя паслядоўнікі канцэпту «мая хата з краю». Але палітыка – справа няпростая, асабліва з улікам сучасных палітычных тэхналогіяў. Каб не быць наіўнымі прасцячкамі і не трапіць на вуды палітычных ашуканцаў, чытайце пра розныя пакаленні паліттэхналогіяў у Беларусі. Вельмі сцісла. Разгорнуты поўны тэкст і відэалекцыі.

«Асаблівасці нацыянальных адносін на фоне культурных катастроф»

Гісторыя Беларусі поўная драматычных і трагічных момантаў. Як яны паўплывалі на нацыянальную самасвядомасць і ідэнтычнасць беларусаў? Уладзімір Мацкевіч кажа, што кожны раз, калі наша культура пачынала набіраць моц, здараліся катастрофы. Культурныя катастрофы. Адно радуе – беларуская культура, як тая птушка фенікс, заўсёды адраджалася з попелу. Жадаеце разабрацца з тым, чаму ў нас да гэтага часу столькі праблемаў і што з імі рабіць, чытайце гэты артыкул.

«Масква павінна быць разбурана»

Не, тут не тое, пра што вы падумалі. Гэта тэкст-разважанне аб тым, колькі месца займае ў нашых галовах Масква як цэнтр свету. А яшчэ (і гэта самае цікавае!) пра розныя тыпы мыслення – імперцаў і хобітаў. Пра тое, як яны (не) могуць спалучацца і чаму хобіты ўсё роўна перамогуць. Калі, вядома, будуць чытаць патрэбныя кнігі і выкарыстоўваць іх па прызначэнні. Тэкст.

Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг. Менск, Беларусь. 14 красавіка 2018 года.
Фота: 34mag

Адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку ад грамадзяніна Уладзіміра Мацкевіча (2019 г.)

Гэта адваротны бок філосафа – публічны інтэлектуал і грамадзянін. Мацкевіч напісаў не адзін адкрыты ліст, але тут вы зможаце даведацца, чаму грамадзяніну Лукашэнку трэба было скласці паўнамоцтвы ці хаця б арганізаваць працэс пераходу ўлады з мінімальнымі стратамі для краіны.

Стужка навінаў