Беларусы Нямеччыны: «Кавалак Берлінскай сцяны стаіць дагэтуль з беларускімі сімваламі»


Рэпрэсіі сталі каталізатарам аб’яднання беларусаў у розных краінах. Гэтым разам мы гутарым пра тое, як у Берліне арганізавалася супольнасць «Разам» і чым яны займаюцца цяпер.

Старшыня рады супольнасці «Разам» Антон Нядзелька кажа, што ў Нямеччыне здаўна былі аб’яднанні беларусаў, аднак 2020 год надаў землякам імпульс сабрацца ў буйнейшыя арганізацыі. Спадар Нядзелька з’ехаў з радзімы ў 2011 годзе як студэнт і назваць сябе гарачым актывістам у той перыяд не можа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці ў Нямеччыне.
Фота: прадстаўлена рэдакцыі

«Я быў на дэманстрацыях, не на ўсіх. У 2010 таксама быў на Плошчы. Я не паспеў стаць актыўным у грамадскім жыцці ў Беларусі і з’ехаў».

Антон кажа, што за гады жыцця ў Нямеччыне паступова губляў сувязь з Беларуссю.

«Шмат сяброў з’язджала. Калі я прыязджаў у Беларусь, было ўсё менш і менш людзей, з якімі я мог сустрэцца. Я пачаў наведвацца толькі раз на год у Беларусь і ўжо два з паловай гады там не быў», – прызнаецца старшыня рады.

Пра беларусаў Нямеччыны наш суразмоўца кажа, што яны мала ведалі адзін аднаго да супольных акцыяў.

«У Берліне здаўна была невялікая суполка, якая ладзіла сустрэчы, на якіх абмяркоўваліся цікавыя тэмы. А напрыканцы ліпеня была вялікая дэманстрацыя ў Берліне з нагоды таго, што затрымалі Віктара Бабарыку, і тады мы зразумелі, наколькі нас шмат у Нямеччыне».

Першая акцыя была стыхійная – насупраць беларускай амбасады. Наступную ўдзельнікі беларускай супольнасці ўжо рыхтавалі адмыслова. Гэта была дэманстрацыя з удзелам людзей з розных гарадоў.

«Тады ўжо быў тэлеграм-чат на чалавек 500. Збольшага беларусы адзін аднаго не ведалі, але кожны быў знаёмы хаця б з двума, таму чалавек заходзіў, запрашаў сваіх знаёмых, і чат рос хутка. Прыйшло больш за 200 чалавек на другую акцыю. Людзі перазнаёміліся, і пасля таго пачаліся дэманстрацыі ў розных гарадах Нямеччыны», – згадвае Антон.

Антон Нядзелька на акцыі салідарнасці.
Фота: deutsche welle

У той жа час беларусы пачалі думаць, ці ёсць нейкая арганізацыя, каб рабіць больш справаў і кантактаваць з палітыкамі ды медыямі, а таксама каб прасцей развязваць розныя арганізацыйныя пытанні.

«Мы ведалі, што ёсць «By_help», што гэта не юрыдычная асоба, і што будзе вельмі цяжка давесці немцам, чаму ім варта на нейкі прыватны рахунак пераводзіць грошы. Таму было разуменне, што мусіць быць установа, якая б рабіла ўсё афіцыйна, і была афіцыйная адказнасць», –тлумачыць наш суразмоўца.

Пакуль адныя арганізоўвалі акцыі салідарнасці, другія пісалі статут. 9 жніўня 2020 года быў падпісаны пратакол аб заснаванні супольнасці беларусаў «Разам», якая цяпер мае свае суполкі не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах Нямеччыны. Наяўнасць афіцыйнай арганізацыі была надзвычай важная ў час, калі ў Беларусі выбухнуў паслявыбарчы гвалт сілавікоў і медыі ды палітыкі шукалі, з кім можна скантактавацца, каб дапамагчы.

«Палітыкі самі прыйшлі шукаць, з кім паразмаўляць у Нямеччыне пра беларускія пытанні. Ім трэба было неяк адрэагаваць, гэта было ва ўсіх СМІ, а яны нават не ведалі, з кім пагутарыць і зразумець сітуацыю, ды што можна зрабіць. Яны знайшлі нас, бо мы былі адзінымі, хто заявіў сябе як установа. Пасля мы пачалі запрашаць палітыкаў на нашы мерапрыемствы. Ёсць палітыкі, якія ў сваіх партыях адказныя за Усходнюю Еўропу, таму мы з імі ў кантакце і з Міністэрствам замежных справаў», – распавядае Антон.

Артыкулы
Беларусы Брытаніі ціснуць на ўрад у пытаннях Інтэрполу і дамагаюцца, каб бізнес не фінансаваў дзяржаўных тэлеканалаў
2022.02.19 15:12

Акрамя таго «Разам» трымае сувязь з журналістамі федэральных і мясцовых медыяў.

«Спачатку нямецкім журналістам не было зразумела, з чаго пачаць. Калі нешта адбываецца, ты можаш апісаць. А калі нешта ўжо адбылося, трэба браць інтэрв’ю. А ў каго браць? Трэба было некуды ехаць і кагосьці шукаць. Мы ўзялі на сябе гэтую ролю: даем інтэрв’ю, былі на радыё і тэлебачанні, ужо былі фільмы знятыя. Мне падаецца, што за паўтара года пра нас пісалі разоў 70», – адзначае спадар Нядзелька.

З таго жніўня і да цяперашняга часу ўстанова ўзялася за некалькі кірункаў працы.

«Мы дапамагаем уцекачам найперш ва Украіне і ў Нямеччыне. Гэта розныя дапамогі. Ва Украіне – гэта дапамога з жытлом, мы кааперуемся ў гэтай працы з Free Belarus Centre. У Нямеччыне дапамогі з жытлом няма, ёсць акалічнасці юрыдычнага характару і цяжкасці з разуменнем, куды ісці і што рабіць. Таксама мы дапамагаем палітзняволеным у Беларусі. У нас ёсць праграма медычнай дапамогі, дзе мы кааперуемся з іншымі арганізацыямі», – кажа Антон Нядзелька.

Супольнасць збірае ахвяраванні на рэабілітацыю пацярпелых беларусаў. Гэтак, самая дарагая рэабілітацыя каштавала 20 тысяч еўраў, аплаціць яе атрымалася з унёскаў.

«Апроч гэтага мы праводзім розныя культурніцкія праекты: выставы, канцэрты, прэзентацыі новых кніг не толькі для беларускай дыяспары, але і для нямецкага насельніцтва. Мы таксама дапамагалі ў паказах фільму «Кураж» у розных гарадах. Займаемся інфармаваннем супольнасці пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Трымаем сувязь з палітыкамі, абмяркоўваем з імі пытанні, як яшчэ можна дапамагчы Беларусі ў гуманітарных пытаннях», – распавядае Антон.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці ў Нямеччыне.
Фота: прадстаўлена рэдакцыі

Беларусы Нямеччыны працягваюць ладзіць акцыі. Нядзелька згадаў, як у цэнтры Берліну ім дазволілі размаляваць сцяну беларускімі графіці:

«Гэты кавалак Берлінскай сцяны стаіць дагэтуль з беларускімі сімваламі. А напрыканцы верасня мастачка Фабіфа зрабіла карціну па матывах Марка Шагала (твор, дзе ён стаіць, а яго жонка ляціць), і там быў бел-чырвона-белы сцяг. Гэтая карціна была размешчаная ў цэнтры Берліну, і кожны мог яе пабачыць. Выглядала вельмі прыгожа».

Антону асабліва запомнілася прэзентацыя кнігі дырыжора Віталя Алексіёнка, які жыве ў Нямеччыне. Алексіёнак напісаў біяграфічны твор пра ўдзел у мітынгах і супрацу з Вольным хорам.

«Прэзентацыю гэтай кнігі мы рабілі онлайн, бо тады былі антыковідныя абмежаванні, і нельга было сустракацца. Першую офлайнавую прэзентацыю мы правялі для кнігі «У рэвалюцыі жаночы твар» Вольгі Шпарагі. Яна першапачаткова выйшла па-нямецку, і мы ладзілі сустрэчу. Яшчэ прыязджалі Альгерд Бахарэвіч з Юліяй Цімафеевай, была з імі сустрэча вельмі цікавая. Мы ладзілі канцэрт Лявона Вольскага на гадавіну пасля выбараў. Праводзілі некалькі канцэртаў Вольнага хору і дапамагалі ім з флэш-мобамі. Вольны хор хадзіў па Берліне і выступаў каля метро, на плошчах. Гэта вельмі ўражвае – іх узровень майстэрства і гісторыя іх пераследу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці ў Нямеччыне.
Фота: прадстаўлена рэдакцыі

Супольнасць «Разам» ладзіць багата імпрэзаў, на якія часцяком прыходзяць немцы. Яны цікавяцца падзеямі ў Беларусі, і шмат хто дапамагае пацярпелым.

«Ёсць такая група людзей, якая заўсёды прыходзіць на нашы канцэрты. У Гетсэманэкірхэ (Gethsemanekirche) у Берліне праводзіцца малебен за Беларусь. Кожны чацвер у гэтай царкве размаўляюць пра Беларусь, дапамагаюць нам з выставамі, ходзяць на нашы сустрэчы, дапамагаюць нам звязацца з палітыкамі. Царкву ў Нямеччыне нельга недаацэньваць – гэта не толькі пра рэлігію, а яшчэ і пра сацыяльныя сувязі. Ёсць яшчэ адзін чалавек, які ходзіць амаль на ўсе канцэрты і ахвяруе грошы на ўсе магчымыя ініцыятывы кожны месяц і вельмі нам дапамагае».

У Берліне ёсць «Haus der Statistik», дзе адбываюцца розныя культурніцкія імпрэзы. З нядаўняга часу беларуская супольнасць абжывае частку гэтай прасторы.

«У гэтай лакацыі праводзяцца культурніцкія мерапрыемствы немцамі для немцаў, а праз тое, што і ў нас там ёсць свая лакацыя, мы спрабуем, каб у праграмах тамтэйшых фестываляў была беларуская выстава ці нешта іншае. Мы праводзілі выставу пра рэпрэсіі супраць журналістаў у той жа час, калі там праходзіў мастацкі фестываль. І госці фестывалю таксама траплялі на нашу выставу і нешта даведваліся пра Беларусь», – распавядае Антон.

Гісторыі
«Праз мастацтва распавядаць пра Беларусь, дзяліцца болем». Беларускі бункер у цэнтры Берліну
2021.12.11 13:08

Там жа «Разам» і Ксюша Ангелава зладзілі выставу партрэтаў палітвязняў. Гэтая экспазіцыя будзе дапаўняцца па меры таго, як мастачка будзе ствараць новыя партрэты.

«Было больш за 300 выяваў палітзняволеных, намаляваных на шпалерах, каб яны хоць так былі бліжэй да дому. Яна малюе іх далей, і мы паспрабуем гэтыя партрэты правезці па іншых гарадах, цяпер вядзем перамовы з сябрамі і суполкамі», – кажа старшыня рады.

Ён адзначыў, што на пачатку дзейнасці да арганізацыі «Разам» было багата недаверу, але супольнасць прыдумала чын, каб людзі з розным бачаннем сітуацыі не перасварыліся паміж сабой:

«Нам дапамагло, што мы спачатку вельмі доўга працавалі над нашай арганізацыяй і структурай. А ўжо потым у нас з’явіўся рахунак для ахвяраванняў, недзе праз паўгода. Да гэтага моманту мы перажылі ўсе гэтыя сваркі, перараслі ў дыскусіі. І потым мы пабудавалі сістэму, празрыстую для ўсіх. Нашы сябры і сяброўкі выбіраюць не толькі раду, а яшчэ і аўдытараў, якія правяраюць дзейнасць рады».

На бягучы год у супольнасці багата планаў:

«Мы працягнем культурніцкія праекты, будзем арганізоўваць рэзідэнцыі для мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў. Таксама будзем праводзіць адукацыйныя праекты для падвышэння кваліфікацыі беларускіх арт-менеджараў. У нас ёсць добрыя сувязі з выдатнымі спецыялістамі, якія гатовыя ў гэтым паўдзельнічаць. Я спадзяюся, што мы правядзем як мінімум сем канцэртаў, а можа і болей. У нас ёсць напрацоўкі па пяці выставах, якія пройдуць у розных гарадах. Маем дзейную ініцыятыву з наведваннем школ і расповедам падлеткам пра Беларусь. Мы бачым шмат рэчаў, якія добра працуюць у Нямеччыне, і хочам, каб беларускае грамадства пераняло добры досвед. Будзем працаваць і ў гэтым накірунку», – падсумоўвае Антон Нядзелька.

Цяпер аб’яднанне RAZAM займаецца зборам гуманітарнай дапамогі для Украіны і ўцекачоў. Дапамагае з інфармацыяй людзям, якія бягуць у Германію. Прымае актыўны ўдзел ва ўкраінскіх дэманстрацыях. А таксама пытаецца дабіцца дадатковай абароны для беларусаў, якія стала жылі ва Украіне ці збеглі па палітычных матывах. Падрабязней у instagram.

Звязацца з супольнасцю беларусаў у Нямеччыне можна праз пошту .

Фота
У мястэчку пад Кіевам украінцаў папрасілі напісаць лісты беларускім палітвязням
2022.02.19 16:50

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў