Беларускія банкі ўводзяць ліміты на зняцце і продаж валюты. Чаго чакаць далей?


Беларускія банкі ва ўмовах санкцыяў за ўдзел у вайне супраць Украіны працягваюць уводзіць абмежаванні на валютныя аперацыі. Сярод іншага, абмяжоўваецца магчымасць мяняць рублі на замежную валюту і здымаць наяўную валюту з рахункаў. Сабралі звесткі аб банках, якія ўжо ўвялі свае ліміты. А што на гэты конт думаюць эканамісты?

«Альфа-банк». Менск, Беларусь, 5 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Якія банкі ўвялі абмежаванні

У «Альфа-банку» з валютнага дэпазіту можна зняць максімум $ 10 000 і € 3000 адзін раз за 30 дзён (для кліентаў A-Private $ 50 000 і € 15 000).

«Банк БелЗЭБ» усталяваў абмежаванне на абмен валют, але не ўдакладніў, якое. З валютных жа рахункаў, калі да іх прывязаная картка, можна зняць не больш за $ 1000 / € 1000 за содні.

«Белаграпрамбанк» забараніў здымаць з картак больш як $ 100 за месяц. Таксама з рублёвых картак можна выдаткаваць толькі $ 100 у месяц пры здзяйсненні аперацыі ў валюце: абмежаванні распаўсюджваюцца на пераводы, абслугоўванне ў інфакіёсках, банкаматах і аплату ў інтэрнэт-крамах.

«Беларусбанк» абмежаваў абмен валют з дапамогай картак – у межах Br 400 за содні. Таксама ён узняў камісію з 3 да 20 % за зняцце наяўных долараў і еўраў з картак, выпушчаных іншымі банкамі, а таксама за мяжой, праз свае прылады і сэрвісы.

З рублёвай карткі «Белгазпрамбанку» за мяжой можна зняць гатоўкай да $ 5000 долараў за содні. З валютнай карткі можна зняць да $ 500 долараў за содні.

«БНБ-Банк» увёў камісію ў 1 % за зняцце наяўнай валюты з валютнага рахунку.

Банк «Дабрабыт» з 16 сакавіка абмежаваў максімальную суму заказу фізічнай асобай замежнай валюты з рахунку на працягу 30 каляндарных дзён: $ 3000 / € 3000 / RUB 350 000.

«МТБанк» усталяваў, што праз інтэрнэт-банк або мабільны дадатак можна абмяняць да Br 1500 за содні.

Hавiны
Беларускія банкі ўвялі жорсткія абмежаванні аперацыяў з валютай
2022.03.15 13:11

«Парытэтбанк» увёў ліміт на выдачу наяўнай валюты з бягучых валютных рахункаў, да якіх не прывязаныя банкаўскія карткі. Гэтак, абмежаваная выдача наяўнай валюты ў суме да $ 3000 / € 3000 не часцей за адзін раз за 30 дзён пры ўмове папярэдняй замовы наяўных грошай, пададзенай у банк за 10 працоўных дзён.

«Прыёрбанк» абмежаваў абмен валюты па картках: Br 3000 за содні. Зняць валюту можна на падставе замовы, якая прымаецца адзін раз на 14 банкаўскіх дзён у будныя паводле графіку працы аддзяленняў ці кантакт-цэнтру. Папярэдняя замова патрабуецца пры зняцці сумы больш за Br 1000 або замежнай валюты ў памеры, эквівалентным больш за $ 10. Максімальная сума замовы адным кліентам – не больш за $ 3000 у эквіваленце. Валюту можна атрымаць на 14-ы банкаўскі дзень пасля афармлення замовы.

Белорусские банки, деньги, Беларусбанк
Аддзяленне «Беларусбанку». Менск, Беларусь. 28 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

У «РРБ-банку» з валютных дэпазітаў да запатрабавання можна зняць у межах $ 100 / € 100 за содні.

«Тэхнабанк» паведаміў, што з дапамогай картак можна купіць да $ 2000, € 100 за содні. Калі ж да валютнага рахунку прывязаная картка, то з яе можна зняць да $ 2000 / € 500 за содні.

А ў «Цэптэр-банку» з дэпазітаў да запатрабавання можна зняць максімум $ 500 / € 500 за месяц.

Магчымыя і іншыя абмежаванні?

Раней у каментары «Белсату» эканаміст Дзмітрый Крук, каментуючы ўведзеныя Цэнтрабанкам суседняй Расеі валютныя абмежаванні, прадказаў сённяшняе развіццё сітуацыі.

На думку суразмоўцы, бліжэйшымі днямі рашэнняў, аналагічных расейскім, у Беларусі можа не быць, а замест гэтага будуць прынятыя нейкія прамежкавыя – з надзеяй «лепш перачакаць, раптам стане лепш». Дзмітрый Крук не выключыў, што банкі проста будуць негалосна цягнуць час, калі людзі будуць спрабаваць забраць свае ашчаджэнні.

«Але гэта не азначае, што такога кшталту абмежаванні не могуць быць уведзеныя трошкі пазней – праз некалькі дзён ці тыдняў. Далей ёсць шмат варыянтаў, як будзе развівацца сітуацыя», – мяркуе эканаміст.

Аналітыка
Дэфолт – не самае страшнае. Наколькі глыбока на дно расейская эканоміка пацягне за сабой беларускую
2022.03.10 09:00

У сваю чаргу іншы беларускі эканаміст на ўмовах ананімнасці падкрэсліў, што для таго, каб мець валюту ў касах, прадаваць яе або вяртаць уклады, банкі павінныя рэгулярна прывозіць наяўную валюту: наяўныя еўры ідуць з ЕЗ, а наяўныя долары – з ЗША.

«У апошнія гады, калі з’яўляліся чэргі ў абменнікі, улады любілі распавядаць, што гэта тэхнічныя цяжкасці. Што наяўнай валюты не хапае праз рост попыту, але самалёты з валютай ужо на падлёце. А цяпер розніца ў тым, што гэтых самалётаў з валютаю больш не будзе», – мяркуе эканаміст.

Калі абмежаванні ўвядзе Нацбанк, на яго думку, сказаць цяжка, але ва ўмовах прынятых санкцыяў наяўныя валютныя сродкі «рана ці позна» скончацца. Паводле эканаміста, грамадзяне яшчэ могуць паспрабаваць зняць валюту са сваіх рахункаў, іншая рэч – калі і колькі ім выдадуць.

Hавiны
«Самалётаў з валютай больш не будзе». Эканаміст распавёў, чаму Нацбанк увядзе абмежаванні на валюту
2022.03.09 16:54

Нагадаем, што з 9 сакавіка Цэнтрабанк Расеі забараніў на паўгода банкам прадаваць наяўную валюту грамадзянам, яе можна толькі мяняць на расейскія рублі. Таксама са сваіх валютных рахункаў грамадзяне РФ могуць здымаць не болей за $ 10 тысячаў. Астатнія сродкі можна будзе атрымаць толькі ў рублях.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў