У Берасці зноў судзілі за карагоды: на «хімію» адправілі нават за дзве хвіліны на дарозе


Суд у «карагоднай справе», Берасце.
Фота: Belsat.eu

Сёння ў Берасці вынеслі прысуд васьмі фігурантам гэтак званай карагоднай справы. Два хлопцы паедуць у калонію, яшчэ шасцёх чакаюць «хімія» і «хатняя хімія».

Hавiны
У Берасці яшчэ 8 чалавек асудзілі ў «карагоднай справе». Дваіх пазбавілі волі
2021.03.15 11:59

Сёння судзілі восем асобаў, але не ўсе змаглі пачуць вырак суддзі Дзмітрыя Шурына, бо міліцэйскі канвой не прапусціў у залу нікога з журналістаў і большасць людзей. Сілавікі спаслаліся на выгадны сёння каронавірус. У выніку месцаў у судовай зале хапала, а на 14 чалавек (без асуджаных) было 10 міліцыянтаў. Паводле нашай інфармацыі, ёсць сакрэтны загад не пускаць журналістаў на суды, дзе працуе канвой. Як правіла, так і адбываецца.

Суддзя Шурын зачытаў прысуд, які папрасіла абвінавачанне. Асуджаны на 1,5 года «хіміі» Дзмітрый Качурка думае, што вырак пісаўся не ў судзе.

«У мяне такое адчуванне, што прысуд нам пісаўся на самым версе, было распісана, колькі і каму даваць. Прысуд занадта ўпярэджаны і неадэкватны ў дачыненні ўсіх людзей, якіх судзілі разам са мной. Але я адчуваю падтрымку людзей, усе мае знаёмыя кажуць, што я ўсё рабіў правільна, і перажываюць за мяне», – адзначае ў размове з «Белсатам» Дзмітрый Качурка.

Віталь Брух, асуджаны на два гады «хіміі», на месцы, дзе вадзілі карагод, апынуўся выпадкова і прабыў там усяго паўтары хвіліны. Але гэтага хапіла для абвінаваўчага прысуду.

«Суд несправядлівы, я не лічу, што нас справядліва асудзілі, бо асудзілі нас ні за што. Я ехаў дадому і апынуўся там выпадкова, трапіў на гэты мітынг, які сапраўды быў за справядлівасць. Два гады ні за што, два гады страчанага жыцця, мне нават давялося звольніцца з працы», – кажа Віталь Брух.

Асуджаны ў «карагоднай справе» Віталь Брух.
Фота: Belsat.eu

Алену Гнаўк будуць судзіць у трэцім дзясятку, і вядомая ўжо на ўсю Беларусь пенсіянерка абяцае падчас свайго працэсу шэраг неспадзяванак.

«Судзяць нас, але баяцца яны. Факт, што асноўную масу людзей не пусцілі ў судовую залу і што зала была напоўненая людзьмі ў форме, – гэта ўжо ненармальна. Я думаю, сістэма дае збоі. Што гэта так, мы хутка ўбачым. Ідуць суды, сістэма плануе людзей запалохаць, але гэта на месяц ці два, а там мы заменімся месцамі з тымі, хто гэтыя рашэнні прымаў».

13 верасня людзі вадзілі карагод на скрыжаванні праспекту Машэрава ды бульвараў Касманаўтаў і Шаўчэнкі ў Берасці, а пасля іх разагналі з дапамогай вадамёта. Улады распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 342 («Арганізацыя ды рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Сілавікі для яе старанна падбіралі людзей: праглядалі камеры відэаназірання і матэрыялы журналістаў, затрымлівалі і апытвалі людзей. Усяго набралася некалькі дзясяткаў чалавек, некаторыя з фігурантаў гэтай справы – дасюль у СІЗА.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў