У судзе Ленінскага раёну Берасця 15 сакавіка прагучаў вырак для другой дзясяткі людзей у гэтак званай карагоднай справе. Дзве асобы атрымалі турэмныя тэрміны, іншых пакаралі «хіміяй» і «хатняй хіміяй».
Сёння суддзя Зміцер Шурын агучыў такі вырак: 1 год 8 месяцаў калоніі агульнага рэжыму для Змітра Буневіча (затрыманы 12 сакавіка), 1,5 года – Аляксею Арцецкаму (яго трымаюць у СІЗА з 20 лютага). Змітру Абрамуку і Віталю Бруху прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі», Змітру Качурку, Уладзіміру Талатынніку і Аляксею Бараноўскаму – 1,5 года «хіміі», а Генадзю Місюту – 1,5 года «хатняй хіміі».
Вырак Валянціне Жукоўскай і Сяргею Наліўку агучаць пазней.
Віна людзей толькі ў тым, што 13 верасня яны танчылі ў карагодзе на скрыжаванні праспекту Машэрава і бульвараў Касманаўтаў ды Шаўчэнкі ў Берасці. Іх судзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя ды рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»).
Гэта другая група асуджаных у «справе карагодаў», але пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі было прызначанае ўпершыню.
ЯП belsat.eu