«На месцы сына я б рабіла тое самае». Маці і сястра сцяганосца Руслана Акосткі расказваюць пра свой 1937-ы


Вольга Акостка, маці Руслана Акостка, і яго сястра Марыя.
Фота: Белсат

Неяк Вольга Акостка ўбачыла сон: у вёсцы правалілася зямля, а ейны дом застаўся стаяць. Яна яшчэ падышла да краю і паглядзела ў прорву. Калі ейнага сына Руслана затрымалі, абвінавацілі ды асудзілі, жанчыну накрыла хваля дапамогі ад чужых людзей, але не ад сваякоў ды аднавяскоўцаў.

У Вялікіх Заўшыцах лічаць, што яе сям’я палітычна недасведчаная. Праз сны Вольга ведала, што Руслана затрымаюць, што яго паб’юць, што яму дадуць рэальны тэрмін. А цяпер такжа дакладна ведае, што ў траўні сын ужо будзе ўдома. У лютым трыццацігадоваму хлопцу, што з бела-чырвона-белым сцягам прайшоў ледзь не праз увесь Салігорск, далі тры гады за супраціў і нанясенне цялесных пашкоджанняў супрацоўніку РАУСу. Мы пагаварылі з ягонай маці і сястрой Марыяй.

«Мяне адолеў жах, што пачалася вайна»

У Вялікія Заўшыцы Вольга разам з дзецьмі – апроч Руслана і Марыі ў яе яшчэ сын Мікіта – пераехала ў 2005 годзе. Да гэтага сям’я жыла ў Гомельскай вобласці, пакуль муж Вольгі не знік без вестак.

«Яго дзесяць гадоў ніхто не шукаў. Урэшце людзі знайшлі выпадкова, і мы змаглі пахаваць косткі. Калі муж знік, я зразумела, што сама не спраўлюся: там не было працы, дом – у дрэнным стане, на руках – трое дзяцей. А тут, у Салігорску, у мяне былі сваякі. Я пераехала і за гэты час паспела папрацаваць і даяркай, і цялятніцай, і асемянатаркай. У першы месяц, помню, заробак аддавалі цукрам, і я не зарабіла нават на мяшок цукру. Я тады ці то пазычыла грошы, ці то ўзяла іх з дзіцячай дапамогі, каб забраць цэлы мяшок».

Марыя, сястра Руслана Акостка, паказвае фота брата.
Фота: Белсат

Руслан у Вольгі – старэйшы сын. Былы дэсантнік, ён адзяваў цяльняшку і берэт і ездзіў у Менск альбо ў Салігорск, каб паўдзельнічаць у нядзельных маршах. У верасні, пасля аднаго з маршаў, да хаты Акосткаў пад’ехалі два пазадарожнікі з танаваным шклом, якія ўтрымлівалі каля чатырнаццаці амапаўцаў, мясцовага ўчастковага і яшчэ аднаго міліцыянта.

Марыя ўспамінае, што яны з братам у той момант размаўлялі ў зале. «Руслан такі: «О, напэўна, гэта па мяне». А я кажу: «Ды ты жартуеш». Я адкрыла дзверы, і там стаялі два супрацоўнікі міліцыі. Яны не назваліся, а калі выйшаў Руслан, спыталі ў яго: «Паедзеш?» Ён сказаў: «Не паеду». У сенцах пачалася патасоўка, прыбеглі шэсць ці сем амапаўцаў, Руслана завалілі. Мама крычала: «Людзі, людзі!» – а міліцыянты казалі, каб мы не стваралі сабе праблемаў. Мы намагаліся неяк дапамагчы, але нас з мамай трымалі, а Руслана ўзялі за рукі, за ногі і панеслі ў машыну».

На вачах у маці і сястры хлопец страціў прытомнасць. «Я бачыла, як з яго ўжо тут пачалі здзекавацца, цягнуць, біць, – кажа Вольга. – Здаецца, калі б было што-небудзь у руках, не стрымалася б, бо хочацца абараніць сваё дзіця. Напэўна, яго затрымалі за дэманстрацыю. Ён са мной усім гэтым дзяліўся. Я і сама ў дзень выбараў вярталася позна вечарам з працы і ўбачыла нейкі бранявік – дык схавалася ў кустах, такі мяне адолеў жах, што пачалася вайна».

Фота: Белсат

Дзве ночы маці не спала, бо не ведала, дзе Руслан. Урэшце стала вядома, што над хлопцам адбыўся суд і яму далі пятнаццаць содняў паводле адміністрацыйнага артыкулу – гэта было першае затрыманне ў яго жыцці. Пасля гэтага выпадку да Вольгі завітаў участковы.

«Ён пагражаў выселіць мяне. Маўляў, звернецца ў выканкам, каб я гэтага дому ніколі не прыватызавала і каб мне не працягнулі дамовы на арэнду. Я адказала: «Калі вам няма дзе жыць, бярыце ключы, ідзіце і жывіце». Я ўсё жыццё працавала, старалася, а тут проста за голас мяне пачынаюць высяляць. Я нават не ўяўляю, у якім стагоддзі мы апынуліся».

«На відэа ў «Тэлеграме» я ўбачыла, як затрымліваюць майго брата»

Марыя працуе памочніцаю доктара ў паліклініцы і жыве ў Салігорску. З братам у іх блізкая сувязь: «Мы ўвесь час разам, можам размаўляць гадзінамі, а дыялог у перапісцы проста не спыняецца». 15 лістапада хлопец вырашыў у памяць пра Рамана Бандарэнку прайсці па Салігорску з бела-чырвона-белым сцягам. На той момант ён ужо «адышоў» ад першага затрымання і падлячыў рабро, што балела пасля содняў. «Я паставілася скептычна. Маўляў, ці далёка ён зойдзе, а Руслан сказаў: «Разлічваю, што так». Ён ішоў адзін, проста каб паказаць, што неабыякавы да таго, што здарылася з Раманам. А пракурор на судзе сказаў, што мэтай Руслана было прыцягнуць да сябе ўвагу і справакаваць беспарадкі».

Вольга Акостка.
Фота: Белсат

Хлопца затрымалі ў парку Чатырох стыхіяў. Да яго падышоў супрацоўнік Салігорскага РАУСу Ягор Царыковіч (потым ён выступіў пацярпелым на судзе) і папрасіў паказаць пашпарт. Паводле сведкаў, з якімі размаўляла Марыя, Руслан паказаў пашпарт і не праяўляў ніякай агрэсіі. Яму прапанавалі прайсці ў машыну, але на пытанне аб прычыне затрымання не адказалі, і хлопец ісці адмовіўся.

«У адным з каналаў у «Тэлеграме» я ўбачыла відэа, як затрымліваюць майго брата. Да Руслана падбеглі амапаўцы, яго трымалі за рукі, а ззаду сталі выцягваць сцяг. Ён упаў разам з міліцыянтам, які стаяў перад ім, на відэа гэта бачна. Потым ён расказваў, што папросту не ўтрымаў раўнавагі. Гэта палічылі нанясеннем цялесных пашкоджанняў».

Вольга ў гэты дзень працавала і пра затрыманне сына даведалася пасля змены – паведаміла калега. Ноч маці не спала.

«Я папрасіла сваякоў адвезці мяне на машыне, каб перадаць Руслану нейкія рэчы, але яны адмовіліся. Сэрца маё было не на месцы, хацелася прынамсі ведаць, дзе мой сын, можа, яго ўжо няма ў жывых. Мне тады здавалася, што я адна на ўсім белым свеце, і, напэўна, сам Бог паслаў мне званок ад жанчыны з валанцёраў. Яна сказала, што трэба рабіць, адправіла свайго мужа, каб ён мяне забраў, і мы разам паехалі да адваката».

Родныя чакалі, што Руслану дадуць чарговыя пятнаццаць содняў, але адвакатка паведаміла, што гэтым разам яму пагражае крымінальная справа. Праз адвакатку ж стала вядома, што ў бусе хлопца збівалі і засоўвалі ў рот сцяг. Траўмы былі настолькі сур’ёзныя, што яго адвезлі на камп’ютарную тамаграфію галаўнога мозга.

«Я адчувала, што з яго здзекуюцца, мацярынскае сэрца не падманеш. Мне і сон напярэдадні прысніўся, я папярэджвала Руслана, што так будзе. Як любая маці, я клапачуся аб сваіх дзецях, бо мы нараджаем іх для шчасця і радасці, а не для таго, каб з іх здзекаваліся. Але была б я на ягоным месцы, зрабіла б тое самае. І пазней на спатканні ён сказаў, што ўсё роўна б дома не сядзеў, а быў бы з народам».

Фота: Белсат

Да суда Марыя з братам Мікітам – асобна ад мамы, каб яе не засмучаць, – прыйшлі да высновы, што Руслану дадуць год-паўтара, максімум – два. Сам абвінавачаны прагназаваў два з паловай. Суддзя Алеся Серадзенка дала тры.

«З першых хвілінаў на судзе ўзнікла ўражанне, што ўсё заранёў падстроена, і насамрэч разбірацца ніхто не будзе, – кажа Вольга. – Проста некаму захацелася задавіць чужыя думкі. Але гэта ж немагчыма. Я ведала, што дадуць гады, але не чакала, што запатрабуюць матэрыяльную кампенсацыю. Я не вытрымала і сказала пацярпеламу, што кожны мужчына павінен ведаць з маленства: сямёра аднаго не б’юць, і што гэтыя людскія штрафы – крывавыя грошы. Я зарабляю па трыста рублёў, я што, дастану з кішэні дзве тысячы і аддам? Ці мой сын, якога ў жніўні звольнілі з працы за ягоную пазіцыю? Нават Бог не прабачыць такой няпраўды. Дык пракурор зрабіў мне заўвагу».

«Званілі і казалі, што я вырасціла сапраўднага героя»

Пасля суда Руслан нарэшце ўбачыўся з маці і сястрой на спатканні. Хлопец прыйшоў на яго радасны, бо сустрэча была для яго нечаканая, і ўсё яшчэ з плямай на воку, якая не прайшла за тры месяцы пасля брутальнага затрымання. Прасіў, каб блізкія асабліва не клапаціліся аб перадачах, і пытаўся, як там Салігорск, ці выходзіць.

Фота: Белсат

«Ён вельмі ўзрадаваўся, калі я сказала, што за нас можна не перажываць, бо мы атрымліваем вялікую падтрымку ад людзей, – кажа Вольга. – Прынамсі, ты адчуваеш, што не адзін у гэтай сістэме, дзе не працуе закон і ўвогуле, скажам так, нічога не працуе. Людзі званілі мне, дапамагалі, казалі, што я цудоўная маці і вырасціла сапраўднага героя. Я быццам аказалася ў дзяцінстве, калі ўсе пра цябе клапоцяцца, і адчула нейкую радасць за будучыню. Я б ніколі не падумала, што да мяне будзе столькі ўвагі, што я буду камунікаваць з журналістамі, – здавалася, для гэтага трэба быць спявачкай ці намесніцай прэзідэнта».

Марыя стараецца падтрымаць брата ў лістах, расказвае яму пра побыт, пра новую працу, пра сад, які яны з маці нядаўна пасадзілі. Руслан падтрымлівае родных у адказ – піша, што ў яго ўсё добра, што сумуе і любіць, а ў канцы кожнага ліста дадае: «Жыве мая воля».

«Мне было складана нават паверыць, што ўсё гэта адбываецца. Калі такое чытаеш, яно ўспрымаецца не так, а калі здараецца з табой, разумееш, праз што могуць праходзіць людзі. Я на 98 адсоткаў упэўненая, што Руслан не будзе сядзець усе тры гады. Але часам вера знікае: мае сябры і знаёмыя нічым гэтым не цікавяцца, а блізкая сяброўка – яна юрыстка – пэўны час са мной нават не віталася. Зараз па вёсцы ходзяць чуткі, што ўжо і мяне пасадзілі, і Мікіту. Мне шмат звоняць са словамі падтрымкі, але ў большасці гэта пенсіянеры. І сведкі затрымання Руслана – таксама ўсе пенсіянеры. Таму часам задумваешся, як яно будзе далей».

Фота: Белсат

Вольга кажа, што паводле адчуванняў яна апынулася ў 1937 годзе, але пры гэтым агучвае аптымістычныя прагнозы і глядзіць так, быццам нешта ведае. І выказваецца так, быццам ейны сын не ў закладніках сістэмы і выселіць з дому ёй не пагражаюць.

«Мая бабуля зазнала рэпрэсіі і расказвала, як гэта жахліва, калі ты аказваешся абвінавачаным ці асуджаным проста так, ні за што, за нейкую думку. Мы ўсё жыццё спачувалі іншым і хацелі, каб і да нас ставіліся прынамсі як да людзей. А наўзамен атрымліваем жахлівыя здзекі. Але я бачу, што добрых людзей больш, проста, відаць, у бочцы мёду, як наша Беларусь, ёсць лыжка дзёгцю. Я ведаю, што Руслан не будзе сядзець тры гады, і ўсіх несправядліва асуджаных выпусцяць. Проста трэба трошкі патрываць».

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў