Генпракуратура накіравала ў суд справу аб рыхтаванні масавых закалотаў і перашкодзе ЦВК. Гаворка можа ісці пра Статкевіча


Мікалай Статкевіч каля ЦВК, 15 траўня.
Фота: Арцём Лява, belsat.eu

Генеральная пракуратура перадала ў суд крымінальную справу аб рыхтаванні да ўдзелу ў масавых закалотах і перашкодзе працы Цэнтральнай выбарчай камісіі. Абвінавачаныя – пяць асобаў.

Чатырох чалавек вінавацяць паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 («Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых закалотах»), ч. 3 арт. 293 («Навучанне і іншае рыхтаванне асобаў да ўдзелу ў масавых закалотах») Крымінальнага кодэксу. Пяты абвінавачаны мае яшчэ і ч. 2 арт. 191 («Перашкода працы ЦВК»).

Мяркуючы з артыкулаў, гаворка можа ісці ў тым ліку пра лідара незарэгістраванага аб’яднання «Народная грамада» Міколу Статкевіча. Следчы камітэт паведамляў, што расследаванне ягонай крымінальнай справы закончанае, але канкрэтных абвінавачанняў не назваў. Пры гэтым сцвярджалася, што абвінавачаныя (Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі ды іншыя асобы) рыхтавалі масавыя закалоты.

Да таго ж Статкевіч у пачатку выбарчай кампаніі спрабаваў зарэгістраваць кандыдатаў пратэсту, што маглі палічыць за перашкоду працы ЦВК.

Абноўлена
Ціханоўскаму выставілі канчатковае абвінавачанне. Ён можа атрымаць да 15 гадоў зняволення
2021.03.11 10:27

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў