Журналіст Зміцер Лупач пра пчол, КДБ і пра тое, як на чужыне адбівацца ад адчаю


«Белсат» наведаўся ў госці да глыбоцкага журналіста-фрылансэра Змітра Лупача, які цяпер жыве і працуе Варшаве. Ён расказаў нам, як жывецца без глыбоцкай згушчонкі і якім чынам на пачатку журналісцкага шляху зарабіў на свой першы ноўтбук, а таксама – як адбіваўся ад КДБ і чаму вырашыў прымераць белы халат лекара псіхіятрычнай клінікі.

Журналіст «Белсату» Зміцер Лупач у сваёй кватэры ў Варшаве.
Фота: КК / Белсат

У варшаўскую «кавалерку», якую здымае глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач, заходзім амаль адначасова з выхадам на канале NEXTA Live чарговай «Палаты нумар жэсць», у якой Зміцер – у ролі лекара-псіхіятра. Сам здымаецца, сам здымае і сам мантуе. Да нашага прыходу паспявае скінуць белы халат і амаль канчаткова выйсці з вобразу, але выбачаецца, што пачуваецца як выціснуты лімон: клаўся а першай ночы, а ад паловы пятай ужо працаваў – падціскаў дэдлайн.

«Ну не заўсёды ў такім рэжыме, але відэа ж трэба здаць. Сцёпа (Сцяпан Пуціла – заснавальнік Nexta) пазваніў, падагнаў. Гэтым разам у якасці эксперыменту зрабілі «Палату нумар жэсць» па-беларуску. Відаць, народ «задзяўбала» мая расейская з беларускім акцэнтам», – смяецца Зміцер.

Кажа, што, калі служыў у савецкім войску, размаўляў па-расейску добра і троху нават падсмейваўся са сваіх землякоў, якія гаварылі з акцэнтам. Але на пачатку нулявых пачаў працаваць у газеце «Вольнае Глыбокае» і тады цалкам перайшоў на беларускую мову.

Пасвіў цялят, каб зарабіць на ноўтбук

Зміцер ідзе варыць каву і выбачаецца, што, на жаль, не можа пачаставаць нас глыбоцкай згушчонкай. Але прызнаецца, што сам да яе абыякавы – не любіць згушчонку («Калі і сумую па чым, дык па сале – няма ў Варшаве такога, як у Глыбокім»).

Кватэра-студыя Змітра Лупача ў Вашаве.
Фота: КК / Белсат

«Дык вось пра «Вольнае Глыбокае». Адтуль я і пачынаў сваю кар’еру журналіста. Першы артыкул недзе ў 1999 годзе напісаў. А ў 2003-м ужо працавалі з Алесем Касцянём (журналіст «ВГ», яго не стала ў 2009 годзе). Дык паколькі я журналіст, які нічога такога не заканчваў, то вучыўся ад яго», – расказвае Зміцер Лупач.

Да «Вольнага Глыбокага» Зміцер прайшоў сапраўдную школу жыцця. Працаваў паляводам, лесарубам, аграномам, брыгадзірам, электрыкам, будаўніком (ездзіў, дарэчы, на заробкі ў Польшчу), паштальёнам…

«А на свой першы ноўтбук зарабіў, працуючы пастухом. Ох, некаторыя мяне гэтым папракалі: два сезоны цялят пасвіў у 2007–2008 гадах. Тады ноўтбукі зʼявіліся, а ў мяне грошай свабодных не было купіць», – згадвае журналіст.

Кажа, што грошы тады за такую працу плацілі добрыя, але, каб купіць ноўтбук, усё адно давялося ісці ў банк па крэдыт.

«І было, дзяўчына звоніць мне з банку і запытвае: «А зачэм вам ноўтбук?» Ну бо там жа напісана што я пастух, а на халеру ён пастуху? Я адказваю: газеты вярстаць. «А дак вы ешчо і газеты вярстаеце?..»

Фота: КК / Белсат

Ну вось тады гэта была апошняя такая праца. Далей на хлеб толькі журналістыкай зарабляў. Хоць было – і слесарам працаваў на зернетаку. Можна будзе цікавыя ўспаміны напісаць. Але – ці дабяруся?..» – пасміхаецца Зміцер.

«А цяпер і белы халат псіхіятра прыйшлося прымераць», – жартуем.

Як адбіваўся ад КДБ

«Вольнае Глыбокае», «Каталіцкі веснік», «Еўрарадыё», «Белсат», цяпер – Nexta. А яшчэ была рэкламная газета «Прэфект-інфо» (2009–2014), дзе Зміцер быў галоўным рэдактарам.

«Зарэгістравалі ў 2009-м, калі ўлады гуляліся ў лібералізацыю. Хацелі адразу зарэгістраваць і грамадска-палітычнае выданне, але нам адмовілі: маўляў, мая адукацыя не адпавядае. Але рэкламную газету выдавалі і, магчыма, выдавалі б і надалей, аднак, як толькі чарговая выбарчая кампанія пачыналася – нас судзілі і штрафавалі.

А кіраўнік раёну казаў рэкламадаўцам: «Вы думайце, каму рэкламу даяце – не трэба спансараваць гняздо апазіцыі», – успамінае Лупач.

Адным з пераломных момантаў у жыцці Зміцер лічыць спробу КДБ завербаваць яго ў 2015 годзе. Падманам выклікалі ў мясцовы ДФР «для размовы». Начальнік ДФР хвілінаў пяць сапраўды нешта спрабаваў казаць. А потым заляцелі два чалавекі:

«У твар мне – свае коркі, што яны з упраўлення контрразведкі з Менску. Ну і мурыжылі гадзіны дзве. А калі сышлі, размаўляў яшчэ з паўгадзіны са сваімі мясцовымі гэбістамі. Ужо больш за 40 гадоў мне было, і ніколі не быў цікавы спецслужбам, а тут… Ну я, вядома, не збіраўся на іх працаваць ніводнай хвіліны, але хацелася па-ціхаму адмовіцца, каб адчапіліся. Аднак не атрымалася – прыйшлося апублічыць. Пасля таго з імі больш ніякіх кантактаў не меў», – кажа журналіст.

Фота: КК / Белсат

Зміцер мяркуе, што, магчыма, акурат тая адмова супрацоўнічаць з КДБ спрычынілася да шматлікіх судоў над ім. Толькі ў 2018 годзе такіх судоў было дзевяць. Наагул жа, ад 2017 года на Змітра было складзена больш за 30 адміністратыўных пратаколаў.

Як стаў «тэрарыстам» і «экстрэмістам»

8 ліпеня 2021 года, у дзень «журналісцкага хапуна», Змітра выцягнулі проста з возера ў санаторыі «Пліса», дзе ён спрабаваў паправіць праблемы з сэрцам.

«Я нават сабрацца не мог, так гэта было нечакана. Пакінуў свае рэчы ў санаторыі, замкнуў нумар, аддаў ключ. На той момант у санаторыі шмат расейцаў адпачывала, дык не хацелі мяне адкрыта выводзіць. Акуратна вывелі за корпус, а потым на машыне вывезлі – таксама праз чорную брамку», – расказвае.

Пасля затрымання ў хаце Змітра правялі ператрус, адвезлі ў РАУС для допыту і кінулі ў мясцовы ізалятар на трое содняў. Як высветлілася пазней, Лупач праходзіў у якасці падазраванага ў крымінальнай справе за распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК). Нібыта ў тэлеграм-канале «Глубокое для жизни» хтосьці выклаў ролік, дзе нейкія людзі ў лесе выраблялі выбухоўку і раілі выкарыстоўваць яе супраць міліцыі.

Пастанова аб затрыманні Змітра Лупача.
Фота: КК / Белсат

Адметна, што пасля арышту ў Глыбоцкім ІЧУ Зміцер Лупач вярнуўся ў санаторый («Ну дык такія ж грошы аддадзеныя!»), дзе яму далі-такі некалькі дзён перарванага адпачынку. Адтуль журналіст зʼехаў спачатку ў Менск, потым – за межы краіны…

Як працуецца з «Нехтам»

«Так, гэта бадай другі пераломны момант у маім жыцці, калі прыйшлося стаць… эмігрантам. «Уцекачом» неяк няёмка казаць. Прыйшлося зʼехаць, бо немагчыма ўжо было працаваць. І я ніколі не думаў, што на старасці гадоў буду лічыцца «тэрарыстам» і «экстрэмістам», бо і «Белсат» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем, і «Нехту» прызналі», – гаворыць Зміцер Лупач.

Журналіст кажа, што з пераездам шмат чаго змянілася, бо раней было шмат паездак – працаваў, як кажуць, «у полі». Цяпер жа – Варшава: «Тут я сплю, а тут – маё працоўнае месца». Але сцвярджае, што не было часу сумаваць, бо трэба было зарабляць на арэнду жытла, зусім нятаннага ў Варшаве. Ну а праца разганяе любы сум.

«Я часта, калі кладуся спаць, думаю: ну, лепш класціся на чужую канапу на чужыне, чым на шконку ў глыбоцкім ізалятары», – смяецца Зміцер.

Фота: КК / Белсат

Кажа, што з Нехтам – Сцяпанам Пуцілам – працаваць лёгка. Першы сюжэт для яго зрабіў яшчэ на «Субʼектыў», які выходзіў на «Белсаце». Сюжэт быў пра Мёрскі металапракатны завод і аказаўся, як кажа Зміцер, прарочым. У ім сцвярджаў, што Мёраў той завод не выратуе. Так і ёсць: завод стаіць – кіраўніцтва сядзіць…

«Я, па сутнасці, застаюся фрылансэрам па жыцці. Прасцей працаваць, калі сам сабе начальнік. Нават калі ў «Каталіцкім весніку» працаваў, то галоўны рэдактар быў за 200 кіламетраў. Тут нешта, вядома, мне падказваюць, але тэмы я выбіраю сам», – распавядае Зміцер.

Як адбіваецца ад адчаю

Кажа, што добрае пачуццё гумару, магчыма, перадаў яму бацька, які працаваў простым трактарыстам. Але і сам у 1980-я любіў глядзець Жванецкага. Гумар і цяпер дапамагае жыць і не выключацца з працэсу.

«Не, з працэсу я не выключыўся. І думаю, што не выключуся ўжо, бо гэта стыль жыцця, і я не ўяўляю сябе ўжо ў іншай прафесіі», – кажа Лупач.

Але прызнаецца, што бываюць моманты, калі нават здалёк не хочацца глядзець на стужку навінаў («Таго затрымалі, таго збілі, таго пасадзілі…»). Навальваюцца стомленасць і адчай.

Фота: КК / Белсат

«Па-рознаму ратуюся. Вось я быў знаёмы з Антонам Фурсам з Паставаў, які летась на 95-м годзе пайшоў з жыцця. Ён быў асуджаны на 15 гадоў, адседзеў 10. І параўноўваеш ягонае жыццё са сваім. Супраць яго была ўся магутнасць савецкай дзяржавы. І ён выстаяў. Гэта дае сілы. Бо цяпер, нягледзячы на ўсё, сітуацыя ўсё ж не такая страшная. Прынамсі, людзей не расстрэльваюць, хоць і блізка да гэтага. І ёсць магчымасць выехаць з Беларусі, а пры Сталіну – не было. Ёсць магчымасць атрымліваць незалежную інфармацыю – тады людзі і гэтага не мелі. Таму… Калі апусцім рукі – дык што тады?» – пытаецца Лупач.

Не апускаць рук дапамагаюць і вандроўкі. Нядаўна, першы раз у жыцці, Зміцер пабываў у Празе.

«Вось гэта першая мая вандроўка была, але зразумеў, што трэба гэта рабіць, што гэта дае сілы. Па скарынаўскіх месцах пахадзіў. Тры дні пабыў, а вярнуўся зусім іншым чалавекам», – усміхаецца Зміцер Лупач.

Кажа, што вандроўка – гэта і нагода пачытаць у дарозе добрую кніжку. У самалёце на Прагу чытаў «Ферму» Орўэла.

Пра што марыць і калі пасвятлее ў Беларусі

«Ці верыш, што, працуючы на чужыне, набліжаеш змены на радзіме?» – пытаемся.

«Я вельмі хацеў бы, каб гэта было так. Без веры ў гэта не мае сэнсу і працаваць», – адказвае ён.

Фота: КК / Белсат

«Можа, прагучыць занадта пафасна, але сапраўды хочацца, каб у Беларусі наступілі змены. І вядома, хочацца, каб хутчэй. І я менавіта праз сатыру, праз смех хачу паказваць тое, што робіць улада, што гэта ні ў якія межы не ўкладаецца. Што нават у псіхушцы цяпер больш адэкватныя людзі», – дадае наш суразмоўца.

Зміцер кажа, што з сэрцам цяпер усё ў парадку («Вунь апарат на стале ляжыць – мераю ціск»). Адціскаецца ад падлогі, качае прэс і плануе ўвесну пачаць бегаць, каб пазбавіцца лішняй вагі. Курыць кінуў яшчэ ў 2007-м, але, седзячы ў ізалятары, зноў закурыў. Прызнаецца, што прыйшлося зрабіць вялікае намаганне, каб кінуць яшчэ раз.

«У мяне была мара – завесці пчолаў. Мой дзед быў пчаляром. І я некалі меў свой вулей. Ну, думаў, паеду ў вёску, дзе нарадзіўся, і завяду сабе пчол. Думаў, завяду і буду з пчоламі… Ну але лёс так вырашыў, што пакуль мая мара недасяжная», – гаворыць Зміцер Лупач.

«Калі-небудзь здзейсніцца, – сцвярджаем. – Як былы электрык скажы: калі ўжо ў Беларусі пасвятлее?»

Задумваецца. Маўчыць дзясятак секундаў. І нарэшце выдае: «Трэба, каб галоўны энергетык змяніўся – тады і пасвятлее».

Фота: КК / Белсат

Змітру Лупачу 54 гады, ён жанаты, мае траіх дарослых дзяцей. Жыве па-за межамі радзімы ўжо паўгода. Ягоная варшаўская «кавалерка» прасякнутая святлом.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў