Сістэма выпісвае сабе прысуд: вядомыя беларусы – аб галадаванні Мацкевіча за кратамі


14 лютага адбыўся онлайн-марафон падтрымання палітзняволенага філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча, які трымаў галадаванне за кратамі цягам 11 дзён і з 15 лютага пераходзіць на сухое галадаванне.

У стрыме для тых, хто суперажывае і не згаджаецца, удзельнічалі вядомыя беларусы з розных сфераў: Лявон Вольскі, Андрэй Хадановіч, Таццяна Шчытцова, Алена Танкачова, Юлія Міцкевіч, Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, Аляксандр Кныровіч, Павел Свярдлоў і іншыя. Яны распавядалі пра сваё знаёмства з Уладзімірам Мацкевічам, зачытвалі ўрыўкі з працаў філосафа, чыталі прысвечаныя яму вершы, а таксама разважалі пра месца філосафа і інтэлектуала ў сучаснай Беларусі і чаму Уладзімір Мацкевіч патрэбны нашай краіне.

Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Белсат

«Сухое галадаванне – гэта не крок ахвяры, а крок моцнай асобы, гатовай ісці да канца»

Людзі, якія ведаюць Уладзіміра Мацкевіча, кажуць: ён цвёрды ў сваіх перакананнях і нязручны для рэжыму. Такім ён застаецца і цяпер, падчас галадавання ў менскім СІЗА, якое ён аб’явіў 4 лютага. Мацкевіч патрабуе змянення меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, завяршэння следчых дзеянняў і прызначэння даты судовага разбору.

4 лютага скончыўся чарговы тэрмін расследавання ў справе Уладзіміра Мацкевіча. Яму падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай. Філосаф не пагадзіўся з гэтым і аб’явіў галадаванне.

«Такіх людзей, як Уладзімір Мацкевіч, ні ў адной краіне не бывае шмат. Але такія людзі, як Уладзімір Мацкевіч, у кожнай краіне жыццёва патрэбныя. Кожнай краіне патрэбны людзі, якія ўмеюць свабодна думаць, якія не баяцца крытычна выказвацца і агучваць непапулярныя меркаванні, людзі, якія дэманструюць на сваім асабістым прыкладзе свабоду і моц чалавечага духу, вернасць прынцыпам і гатовасць за гэтыя прынцыпы ісці да канца», – адзначыў адзін з вядоўцаў марафону, культуролаг Максім Жбанкоў.

Ён падкрэсліў, што Уладзімір Мацкевіч сапраўды – «нязручны персанаж».

«Крытычны мысляр, з’едлівы назіральнік рэальнасці і ў той жа час – неймаверны грамадскі актывіст, які кожнае сваё дзеянне ператвараў у вельмі эфектыўны перформанс і ў кожны сваім дзеянні крайне верны сваім прынцыпам і перакананням. Ён фактам свайго існавання задае планку якасці чалавечай персоны. Побач з Мацкевічам дзіўна не быць таленавітым, крытычным, рызыкоўным. Ён для нас важны як той арыенцір, з якім заўсёды нязручна, але які заўсёды вельмі шмат значыць», – перакананы Максім Жбанкоў.

В Варшаве представили электронную книгу Владимира Мацкевича «Отвечая за себя», Центр белорусской солидарности
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзентацыя кнігі філосафа Уладзіміра Мацкевіча «Адказваючы за сябе» ў Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве.
Фота: ЯМ / Белсат

Ён падкрэсліў драматызм сітуацыі, у якой апынуўся Уладзімір Мацкевіч і па вялікім рахунку – усе мы таксама.

«Сухое галадаванне – гэта апошняя зброя палітвязняў у сучаснай Беларусі. Калі няма іншых магчымасцяў дамагчыся сваіх законных патрабаванняў праз легальныя формы і апеляцыю да законаў, таму што яны ў нас не працуюць, у палітвязня застаецца адзіная зброя – уласнае цела. Сістэма не разумее іншых аргументаў, акрамя аргументаў сілы. Сухое галадаванне – гэта не крок ахвяры, а крок моцнай асобы, гатовай ісці да канца», – сказаў культуролаг.

Артыкулы
Ці варта палітвязням трымаць галадоўку і ці гэта дапаможа выйсці на волю?
2022.02.13 02:05

Адміністрацыя СІЗА будзе несці адказнасць за сваё бяздзеянне перад усім грамадствам

Таццяна Вадалажская, куратарка «Лятучага ўніверсітэту», паплечніца Уладзіміра Мацкевіча, падчас марафону распавяла пра тое, што адбываецца з філосафам на сённяшні дзень.

«Няма ніякіх рашэнняў і прыкметаў руху па выкананні патрабаванняў. За 11 дзён пастар так і не трапіў да Уладзіміра Мацкевіча. Усё так ахутана таямніцай, што мы не можам давяраць фармальным працэдурам, запэўніванням, што памерці яму не дадуць. Мы не можам давяраць аператыўнасці і адэкватнасці аказання дапамогі, таму мы стараемся зрабіць усё, каб забяспечыць допуск незалежнага лекара. Патрабаванні, якія высунуў Уладзімір, настолькі простыя і відавочныя, што становіцца зразумелым: адсутнасць іх выканання – гэта наўмысныя дзеянні, за якія гэтыя людзі будуць несці адказнасць», – адзначыла Таццяна.

Напярэдадні марафону, у суботу і нядзелю, прайшоў шэраг акцыяў падтрымання патрабаванняў Уладзіміра Мацкевіча. Беларусы і не толькі ў розных гарадах і краінах выходзілі на плошчы і да амбасадаў, каб расказаць пра асобу і значэнне філосафа і метадолага для беларускай і еўрапейскай культуры, выказаць падтрымку і салідарнасць, асудзіць бяздзейнасць уладаў. Акцыі прайшлі ў Кракаве, Адэсе, Лодзі ды іншых гарадах.

Беларусы зладзілі акцыю падтрымання Уладзіміра Мацкевіча. Батумі, Грузія. 13 лютага 2022 года.
Фота: АЗ / Белсат

Удзел у марафоне прыняў беларускі паэт Андрэй Хадановіч. Ён гаварыў пра сённяшнюю Беларусь і ролю ў ёй інтэлектуалаў на прыкладзе Уладзіміра Мацкевіча.

«У сітуацыі, калі прыгожая рэвалюцыйная формула «свабода альбо смерць» губляе метафарычнасць, добрыя людзі не могуць маўчаць, як не маўчаў бы на нашым месцы Уладзімір Мацкевіч. Ён робіць такі жэст, не маючы іншых спосабаў гуляць у гульні па сваіх правілах. Спадар Уладзімір, вы мудры чалавек, і я веру, што вы зробіце правільны выбар, разважаючы пра вашую ролю і патрэбнасць для сённяшняй Беларусі. Гэта важней, чым любы самы гераічны жэст. Беларусь, усё беларускае грамадства з вамі», – кажа Андрэй Хадановіч.

Hавiны
«Калі ў турме галадае філосаф, гэта нейкі край». Што ў сацсетках пішуць пра Уладзіміра Мацкевіча
2022.02.12 00:35

Рэчы, важнейшыя за жыццё

Падчас марафону паказваліся ўрыўкі з выступаў Уладзіміра Мацкевіча. Ён разважаў пра розныя рэчы, а мы хочам вылучыць ягоныя выказванне пра тое, што можа быць даражэйшым за жыццё.

«Я заўсёды шукаў такія рэчы ў свеце, якія даражэйшыя і больш важкія, чым індывідуальнае жыццё, бяспека, камфорт. Усё ж такі вышэйшыя каштоўнасці, радзіма, нацыя, для кагосьці – мова, з якой найперш асацыюецца радзіма, гэта рэчы, якія большыя за кожнага з нас. Гэта добра вядома рэлігійным людзям, тым, хто трапляў у экстрэмальныя сітуацыі, калі ў іх не было выбару: або здрадзіць сабе і згубіць сябе, або ісці на ражон. Я нікому не прапаноўваю быць героямі, але часам узнікаюць такія сітуацыі, калі выбару няма. І калі людзі ў такіх сітуацыях ставяць сваё жыццё, камфорт вышэй за ўсё астатняе, напэўна, яны здраджваюць іншым каштоўнасцям».

Над гэтай думкай паразважаў Максім Жбанкоў:

«Кожны палітычны галадоўнік – гэта чалавек, які не проста ставіць пад удар сваё здароўе, але дзейнічае ад усіх нас у імя таго, што нас аб’ядноўвае – тых самых найвышэйшых каштоўнасцяў, у імя чалавечай годнасці, без якой ты проста не можаш заставацца чалавекам… У мяне добрая навіна. Забараняючы вольнае мысленне і падштурхоўваючы філосафаў да такіх апошніх жорсткіх аргументаў, сістэма фактычна выпісвае сабе дыягназ, а пасля і прысуд. У такой сістэмы не тое што будучыні, у яе і сучаснага няма».

Артыкулы
Стаўка большая, чым жыццё: галадаванне Мацкевіча ў СІЗА. Пра што піша філосаф з-за кратаў
2022.02.10 16:19

«Салідарнасць і адзінства – тое, што не дасць нам рассыпацца як грамадству»

Кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін прыгадаў прыклады грамадзянскай барацьбы і перамогаў Мацкевіча. Напрыклад, галадаванне ў царкве «Новае жыццё», якое скончылася перамогай.

«Цяперашняе знаходжанне Уладзіміра за кратамі абумоўленае яго здольнасцю да самастойнага крытычнага мыслення. Тут самастойна мысліць забаронена. Гэта – экстрэмізм. Як вырашыць гэтую сітуацыю? Варта прыгадаць, што раіў сам Уладзімір: думаць. Але трэба не проста заклікаць думаць, але і задаць напрамак гэтых думак. Гэта ж не толькі праблема з Уладзімірам. За кратамі за свае перакананні знаходзяцца больш за тысячу чалавек.

Як зрабіць так, каб палегчыць іх знаходжанне там, выцягнуць іх адтуль? Няма опцыі ўздзеяння на рэжым, ён перакрочыў ужо ўсё, заплюшчыўшы вочы, закрыўшы вушы ўжо ляціць у бездань. Вырашэнне праблемы можа быць толькі комплексным. Першы важны момант: адзінства, якое спрабуюць цяпер разбурыць. У нас адзіная, агульная мэта, якую трэба дасягнуць. Для гэтага нам патрэбна гуртаванне вакол аднаго цэнтру. Другі момант: салідарнасць. Калі чалавек прымае рашэнне рызыкнуць сваім жыццём, гэта рашэнне дарослага чалавека. Таму не мае сэнсу заклікаць Уладзіміра спыніць галадаванне – ён застанецца сабой і вырашыць усё сам. Але яму і іншым людзям, хто знаходзіцца за кратамі, патрэбная падтрымка. Салідарнасць – тое, што не дасць нам рассыпацца як грамадзянскай супольнасці і грамадству, якое жыве нягледзячы на ўсе высілкі па яго вынішчэнні», – кажа Красулін.

Філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Павел Хадзінскі

Да марафона таксама далучыліся палітычны прадстаўнік руху «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі, грамадская актывістка Юлія Міцкевіч, філосаф, прафесар Таццяна Шчытцова, паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева ды іншыя. Яны адзначаюць: для Уладзіміра каштоўнасці даражэйшыя за жыццё.

«Ён заўсёды верыў у грамадзянскую супольнасць. Калі ён трымаў галадаванне з царквой «Новае жыццё», то казаў, што менавіта грамадзянская супольнасць выратавала яго ад смерці. Ён пісаў пра адраджэнне грамадзянскай супольнасці ў 2020 годзе. І працягвае верыць у яе. Таму так важна нам выказвацца ў яго падтрымку, бо наш голас – гэта голас Уладзіміра Мацкевіча», – адзначыла Юлія Міцкевіч.

Легендарны рок-музыка Лявон Вольскі зачытаў урывак з працы Уладзіміра Мацкевіча і адзначыў, што мы жывем у каралеўстве наадварот, калі каты і забойцы спакойна ходзяць па вуліцах, а інтэлектуалы, мастакі сядзяць у турмах.

«Новы беларускі космас зробіць свет Лукашэнкі неістотным»

Максім Жбанкоў паразважаў над яркай думкай Мацкевіча, актуальнай сёння як ніколі.

«Лукашэнка стварае вакол сябе свой свет, міфалагічную рэальнасць. Сіла і эфектыўнасць нашых дзеянняў залежаць ад таго, наколькі мы здольныя выйсці з-пад уплыву гэтай адукацыйнай, прапагандысцкай, інфармацыйнай сістэмы праграмавання мазгоў. Мы марнуем шмат часу на сусвет Лукашэнкі. Рэальнае выйсце – стварэнне свайго, іншага сусвету. Наш новы беларускі космас не проста адменіць свет Лукашэнкі, ён зробіць яго неістотным і пустым. Ці мы ствараем беларускую культуру, ці новы беларускі медыяпраект, не важна, унутры Беларусі ці за яе межамі. У нас ёсць агульны план, агульная мэта, агульная будоўля», – падкрэсліў Максім Жбанкоў.

Белорусы провели акцию у посольства Беларуси в Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя «Лукашэнка перайшоў усе межы» каля амбасады Беларусі ў Польшчы.
Фота: Белсат

Бізнесовец і былы вязень Аляксандр Кныровіч у сваёй прамове казаў пра важнасць адукацыі як працэсу і як фактара аб’яднання нацыі.

«Галадаванне філосафа за кратамі – гэта трагедыя. Нам патрэбны Мацкевіч. Каб падняць вочы ад зямлі, убачыць мапу мясцовасці, шляхі, якія вядуць у розныя варыяцыі нашай будучыні… Перамагаюць ідэі. І ў гэтым шанец. Мацкевіч патрэбны нам. Патрэбны мне», – сказаў Кныровіч.

Артыкулы
«Гэтае зняволенне вельмі сімвалічнае». Філосаф Уладзімір Мацкевіч – паўгода за кратамі
2022.02.04 10:00

«Супраціў Мацкевіча важны для ўсёй краіны»

Праваабаронца Алена Танкачова адзначыла, што Мацкевіч, аб’яўляючы галадаванне, так ці іначай прымушае вярнуцца да абмеркавання парадку, які закладае ён. Менавіта ў дзеянні ён бачыць выказванне пазіцыі філосафа.

«Ён выстаўляе ясныя патрабаванні. Рэалістычныя, законныя і, што самае галоўнае, цалкам выканальныя. Мацкевіч, знаходзячыся ў закладніках, вядзе дыялог на сваіх умовах з уладай. Кіраўніцтва СІЗА адказвае перад грамадствам, краінай і светам за ўсё, што адбываецца з Мацкевічам у турме: за стан яго здароўя, адсутнасць ці наяўнасць пагрозаў для яго жыцця. Цяпер мы падышлі да той фазы галадавання, калі кожны дзень будзе несці пагрозу здароўю і жыццю Мацкевіча. Мы мусім вельмі дакладна гэта асэнсоўваць. Я вельмі паважаю Уладзіміра. І сёння вельмі важна працягваць настойваць на тым, каб яго патрабаванні былі выкананыя», – кажа Алена Танкачова.

Далучыўся да марафону і вядомы беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч:

«Для Уладзіміра было экзістэнцыйным выбарам – жыць і працаваць у Беларусі, дзяржаве, дзе мысленне само па сабе з’яўляецца злачынствам. Гэта чалавек, які не толькі думае, але і заўсёды дзейнічае. Тое, што з ім зараз адбываецца – гэта ягоны супраціў, важнае дзеянне не толькі для яго і для нас, але і для ўсёй краіны і руху супраціву. Уладзімір Мацкевіч патрэбны Беларусі ў тысячы разоў больш, чым усе фікцыі, створаныя рэжымам. Гэта не значыць нічога ў параўнанні з яго дзейнасцю і філасофскай творчасцю».

Філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Павел Хадзінскі

Словы падтрымання пакідалі ў каментарах і гледачы марафону. Прыводзім некалькі з іх:

«Уладзімір Мацкевіч павінен жыць, ён патрэбны беларускаму народу! Свабоду!»

«Нельга губляць такіх людзей, гэта залішне для ўлады».

«Трэба надаваць акцыі міжнародны маштаб і заручацца падтрымкай інтэлектуалаў свету!»

«Трымайся, паважаны філосаф, дзеля нас, Беларусаў, якія заўсёды будуць табе ўдзячныя!»

«Мне думаецца, што наш герой адлюстроўвае ўсіх палітвязняў, бо пытанне аб палітвязнях удалося прыдушыць эмігрантамі».

«Свабоду Мацкевічу і ўсім палітвязням! Мы мусім за іх змагацца!!»

«Вы наш герой, Уладзімір!»

«Учынак гераічны… дзеля нас усіх, дзеля справядлівасці, дзеля простага права чалавека… а ці вартыя мы гэтага…»

Адзін з важных урокаў Мацкевіча – галоўнае пачынаецца пасля словаў. Як можна падтрымаць філосафа за кратамі?

● Пісаць яму лісты падтрымання (адрас: СІЗА № 1, Валадарскага 2, 220030 Менск);

● Напісаць зварот у Генеральную пракуратуру і Цэнтральны апарат Следчага камітэту (шаблон тут, інструкцыя тут);

● Падпісаць петыцыю на Change.org;

● Прыцягваць увагу да галадоўкі, дэманстраваць усімі магчымымі шляхамі салідарнасць;

● Тыя, хто за мяжой, могуць звяртацца да ўладаў сваіх краінаў з просьбаю падтрымаць Мацкевіча.

Фота вокладкі: АЗ / Белсат

СП, belsat.eu

Стужка навінаў