Дачка Мацкевіча пра ягоную сухую галадоўку: «Я занадта яго люблю і паважаю, каб уплываць на гэтае рашэнне»


Беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч трымаў галадаванне ў СІЗА на Валадарскага з 4 лютага. Ён адмовіўся і ад вады. Што вядома пра справу Мацкевіча і стан ягонага здароўя, хто і як падтрымлівае філосафа?

Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Белсат

Справа Мацкевіча

Уладзімір Мацкевіч застаецца ў СІЗА з 4 жніўня 2021 года. Яго падазраюць паводле арт. 342, ч. 1 – у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Адвакаты, сведкі далі падпіску аб неразгалошванні, таму канкрэтныя дэталі справы невядомыя. На працягу паўгода следчыя дзеянні былі адзінкавыя і фармальныя. Ёсць ускосныя здагадкі, што супраць Уладзіміра Мацкевіча рыхтуецца яшчэ адна справа, звязаная са стварэннем экстрэмісцкай арганізацыі, дзе фігуруе «Сход».

Артыкулы
Ці варта палітвязням трымаць галадоўку і ці гэта дапаможа выйсці на волю?
2022.02.13 02:05

4 лютага закончыўся чарговы этап следства, і філосафу падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай. Уладзімір Мацкевіч не пагадзіўся з наўмысным зацягваннем справы. Ён аб’явіў галадоўку з патрабаваннямі змяніць яму меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, скончыць следства і прызначыць дату суда, дапусціць да яго пратэстанцкага пастара. Мацкевіч пачаў галадаваць насуха.

Пратэстанцкі пастар з царквы «Новае жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка звяртаўся да кіраўніцтва СІЗА з просьбай даць яму магчымасць сустрэцца з Уладзімірам, але яму не дазволілі. Кожны дзень да філосафа прыходзяць лекары і супрацоўнікі СІЗА, якія ўгаворваюць яго спыніць галадаванне і кажуць, што ніхто памерці яму не дасць, яго будуць прымусова карміць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэстантскія вернікі моляцца ля будынку царквы «Новае жыццё».
Фота: Белсат

Прыйшлі адказы Генпракуратуры на звароты грамадзянаў. Усё прадказальна: калі зварот не ад законнага прадстаўніка, падставаў для яго разгляду няма. Але сам факт такіх адказаў паказвае, што Генпракуратура ў курсе галадоўкі Мацкевіча.

Адміністрацыя СІЗА ў закладніках следчых органаў

«У нас засталося вельмі мала часу на дзеянні. Следства і ўся праваахоўная сістэма незваротна сябе дыскрэдытуюць сваім бяздзеяннем. Уладзімір на сваім прыкладзе дэманструе сітуацыю прававога дэфолту ў Беларусі», – кажа Надзея Лучанок, дачка Уладзіміра Мацкевіча, падчас адмысловай прэс-канферэнцыі, арганізаванай Прэс-клубам 15 лютага.

За гэты час родныя Уладзіміра напісалі хадайніцтва аб допуску пастара, 10 чалавек напісалі хадайніцтва аб вызваленні філосафа пад іх паруку, аднак Следчы камітэт гэтай магчымасцю не скарыстаўся. Родныя патрабуюць неадкладнага рэагавання ад Следчага камітэту, допуску да Уладзіміра кваліфікаванага лекара, не звязанага з сістэмай МУС.

«Я ведаю цвёрдыя намеры свайго бацькі, які заўсёды ідзе да апошняга. Смерць Мацкевіча нікому не патрэбна, ні нам, ні Беларусі», – адзначыла Надзея.

Надежда Лученок, в Варшаве представили электронную книгу Владимира Мацкевича «Отвечая за себя», Центр белорусской солидарности
Надзея Лучанок, дачка Уладзіміра Мацкевіча, на прэзентацыі кнігі «Адказваючы за сябе» у Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве.
Фота: ЯМ / Белсат

З ейных словаў, следчыя, начальнік следчай групы персанальна адказныя за сітуацыю з філосафам і тым, што з ім будзе адбывацца далей. Адміністрацыя ж СІЗА аказваецца закладніцаю дзеянняў следчых органаў і Генеральнай пракуратуры.

«У мяне няма прамога кантакту з бацькам – мае лісты паўгода блакуюцца і не даходзяць да яго. Але нават калі б у мяне была такая магчымасць, прасіць яго спыніць галадоўку я б не стала, бо ведаю, як бы цяжка яму было гэта чуць. Вядома, для мяне вельмі важна, каб ён быў здаровы і жывы. Мне гэта неабходна. Але адзінае, што я магу, – гэта ўсяляк яго падтрымліваць, паказваць, што мы прымаем ягоны выбар і паважаем ягонае рашэнне. І рабіць усё, каб яму дапамагчы і паўплываць на сітуацыю. Але ўплываць на ягонае рашэнне – я занадта яго люблю і паважаю, каб гэтага не рабіць», – кажа Надзея.

Hавiны
«Калі ў турме галадае філосаф, гэта нейкі край». Што ў сацсетках пішуць пра Уладзіміра Мацкевіча
2022.02.12 00:35

Хто падтрымлівае філосафа за кратамі

На пачатку галадоўкі была запушчаная петыцыя, якая сабрала ўжо больш за 5 тысяч подпісаў.

У падтрымку філосафа выказваюцца беларускія інтэлектуалы, грамадскія актывісты і дзеячы культуры. Гэтак, 14 лютага быў арганізаваны адмысловы онлайн-марафон, прысвечаны Мацкевічу.

Сваю думку выказала міжнародная акадэмічная і інтэлектуальная супольнасць. Пад зваротам, накіраваным у пракуратуру, падпісаліся больш за 140 вядомых навукоўцаў з усяго свету (Беларусь, Расея, ЗША, Вялікая Брытанія, Германія, Швецыя, Італія, Ізраіль, Польшча, Украіна, Швейцарыя, Літва, Славакія, Венгрыя, Чэхія ды іншыя краіны).

Занепакоенасць выказвалі палітыкі, грамадскія дзеячы, дыпламаты, напрыклад, былы амбасадар ЗША ў РФ, амерыканскі навуковец і палітолаг, прафесар Стэнфардскага ўніверсітэту Майкл МакФол (Michael McFaul); былы міністр фінансаў Польшчы, намеснік прэм’ер-міністра Ян Вінцэнт-Растоўскі (Jan Anthony Vincent-Rostowski); былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка (Leszek Szerepka) ды іншыя.

Прэс-канферэнцыя наконт сітуацыі з галадаваннем Уладзіміра Мацкевіча ў Цэнтры беларускай салідарнасці. Варшава, Польшча. 15 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Выказваліся і царкоўныя структуры, у прыватнасці – Аб’яднанне пратэстанцкіх цэркваў Нямеччыны. У падтрымку Уладзіміра Мацкевіча выступілі кафедра філасофіі Цэнтральнаеўрапейскага ўніверсітэту, Шведскі ПЭН-клуб.

Артыкулы
Стаўка большая, чым жыццё: галадаванне Мацкевіча ў СІЗА. Пра што піша філосаф з-за кратаў
2022.02.10 16:19

Міжнародная хрысціянская супольнасць таксама сочыць за сітуацыяй з Уладзімірам Мацкевічам з часу ягонага затрымання.

«Пастары, розныя цэрквы з Нямеччыны пісалі лісты начальніку менскага СІЗА і ў СК. Яны просяць выканаць патрабаванні палітвязня, а таксама дазволіць яму сустрэцца са святаром. Уладзімір Мацкевіч шмат гадоў прысвяціў адстойванню права на свабоду рэлігіі і веравызнання ў Беларусі. Хрысціяне ўсяго свету сочаць за сітуацыяй і салідарныя з Уладзімірам Мацкевічам. Не толькі пратэстанты, але праваслаўныя і каталікі. Мы хочам, каб яго патрабаванні былі задаволеныя. Спадзяюся, беларускія епіскапы праваслаўнай і каталіцкай цэркваў таксама адрэагуюць на галадоўку Уладзіміра Мацкевіча і яго дыскрымінацыю як верніка-хрысціяніна», – кажа Наталля Васілевіч, прадстаўніцы групы «Хрысціянскае бачанне».

Таксама яна адзначыла, што вернікі розных канфесіяў моляцца за Уладзіміра Мацкевіча, пра гэта паступае інфармацыя ў чат-бот «Хрысціянскага бачання».

Акцыі падтрымання філосафа прайшлі ў многіх гарадах і краінах: Лондане, Стакгольме, Варшаве, Каўнасе, Батумі ды іншых. Далучыліся і беларускія гарады: акцыі прайшлі ў Менску, Горадні, Ваўкавыску, Лідзе.

Святлана і Уладзімір Мацкевічы з дачкой Надзеяй.
Фота: Белорусский журнал

«Мы не ведаем, які каменьчык стане вырашальным, таму працягваем шукаць падтрымкі ў самага шырокага кола людзей. Досвед галадовак, якія завяршыліся поспехам, сведчыць, што шырокая грамадская падтрымка – адзін з галоўных фактараў ціску і ўзмацнення дзеянняў галадоўніка», – адзначаюць паплечнікі Уладзіміра Мацкевіча.

Артыкулы
«Гэтае зняволенне вельмі сімвалічнае». Філосаф Уладзімір Мацкевіч – паўгода за кратамі
2022.02.04 10:00

«Такой ганебнай практыцы трэба пакласці канец»

Важна інфармаваць міжнародную супольнасць аб стане здароўя Уладзіміра і аб захадах дзяржавы. Такую думку выказаў эксперт у пытаннях міжнародных праваабарончых механізмаў Дзмітрый Чарных.

«Калі не вядуцца ніякія следчыя дзеянні, то навошта так доўга трымаць чалавека за кратамі? Таму патрабаванні Уладзіміра цалкам абгрунтаваныя і выканальныя. Яшчэ адзін абавязак дзяржавы – забяспечыць права на жыццё. Міжнародныя структуры ў галіне правоў чалавека атрымалі інфармацыю аб гэтай сітуацыі», – сказаў Дзмітрый Чарных.

Ён адзначыў, што, акрамя іншага, парушаюцца правы Уладзіміра на здароўе, на ўдзел у культурніцкім і навуковым жыцці – бо ягоная дзейнасць непасрэдна звязаная з рэалізацыяй гэтага права. На прыкладзе Уладзіміра Мацкевіча бачна, што ў Беларусі рэалізуецца практыка нематываванага ўтрымання чалавека за кратамі ў палітычных справах, і такой ганебнай практыцы трэба пакласці канец.

Артыкулы
«Беларусь запаўняе ўсё ягонае сэрца, і канкураваць тут ніхто не можа». Былая жонка – пра Уладзіміра Мацкевіча
2021.09.15 11:09

Што кожны з нас можа зрабіць?

«Дзеянні будуць мець поспех, калі атрымаюць шырокую публічную падтрымку. У 2006 годзе, калі Мацкевіч падтрымліваў галадоўку царквы «Новае жыццё» ў барацьбе за іх будынак, ён пісаў: «Я ведаю, што грамадзянская супольнасць у Беларусі існуе, таму што яна мяне выратавала». Цяпер у нас тая самая сітуацыя. Мы, беларусы, у якім бы пункце на мапе ні перабывалі, а таксама міжнародная супольнасць можа сёння выратаваць Мацкевіча», – перакананы палітолаг і метадолаг Андрэй Ягораў.

Ён кажа, што кожны сёння можа як мінімум інфармаваць і выказвацца аб гэтай сітуацыі, падпісваць петыцыі. Варта працягваць адпраўляць звароты ў органы, нягледзячы на фармальныя адказы і адпіскі. Чым больш зваротаў, званкоў з просьбай звярнуць увагу на сітуацыю, тым большы ціск аказваецца на следчыя органы і пракуратуру. Таксама трэба звяртацца ў структуры і арганізацыі грамадзянскай супольнасці, выходзіць на лідараў меркаванняў і прасіць іх падтрымаць Уладзіміра.

Беларусы зладзілі акцыю падтрымання Уладзіміра Мацкевіча. Батумі, Грузія. 13 лютага 2022 года.
Фота: АЗ / Белсат

«Усе мы належым да пэўных сацыяльных групаў: навукоўцы, пісьменнікі, святары. Усё гэта можна выкарыстоўваць як рэсурс для грамадзянскага дзеяння і ціску на ўлады. Важна ствараць рэзананс: беларускія ўлады павінны апынуцца ў сітуацыі, калі зразумеюць, што галадоўка Мацкевіча стварае больш шкоды і рызыкаў для іх, чым канкрэтныя элементарныя дзеянні, якія б дазволілі Уладзіміру спыніць галадаванне», – кажа Андрэй Ягораў.

Як падтрымаць філосафа за кратамі?

● Пісаць яму лісты падтрымання (адрас: СІЗА № 1, Валадарскага 2, 220030 Менск);

● Напісаць зварот у Генеральную пракуратуру і Цэнтральны апарат Следчага камітэту (шаблон тут, інструкцыя тут);

● Падпісаць петыцыю на Change.org;

● Прыцягваць увагу да галадоўкі, дэманстраваць усімі магчымымі шляхамі салідарнасць;

● Тыя, хто за мяжой, могуць звяртацца да ўладаў сваіх краінаў з просьбаю падтрымаць Мацкевіча.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў