Да маці анархісткі Касінеравай прыйшлі з ператрусам. Касінерава: «На нашу пазіцыю гэта не паўплывае»


Касінеравы з’ехалі з Беларусі больш як год таму. Мінулай вясной у іхную менскую кватэру прыходзілі з ператрусам, мінулай восенню – на месца прапіскі Вячаслава Касінерава. Цяпер прыйшлі да маці Марыны.

Архіўнае фота. Марына Касінерава ў майцы ў падтрымку палітвязня Мікіты Емельянава.
Фота: Белсат

Актывістка анархісцкага руху і каардынатарка ініцыятывы «DissidentBy» Марына Касінерава расказала на Facebook, што да ейнай маці прыйшлі з ператрусам, выклікаюць на допыт у КДБ. Ператрус, паводле Марыны, звязаны з крымінальным артыкулам за «Заклікі да санкцыяў» (арт. 361 КК РБ). У маці была прапісаная Марына.

На месца прапіскі ейнага мужа Вячаслава Касінерава (які таксама ёсць адным з арганізатараў «DissidentBy» і актывістам анархісцкага руху) сілавікі прыходзілі ў мінулым верасні. Тады сілавікі ледзь не выбілі дзверы ў кватэру, дзе жывуць кватаранты. Сілавікоў тады цікавіла месцазнаходжанне братоў Вячаслава і Паўла Касінеравых, а таксама іхнай маці. На Паўла ўжо завялі крымінальную справу за ўхіленне ад прызыву.

У мінулым красавіку ператрус учынілі ў менскай кватэры, дзе раней жылі Касінеравы. Фармальная прычына — шукалі брата Вячаслава Касінерава ў межах справы пра «ўхіленне ад вайсковай службы». Пры ператрусе прысутнічала маці Вячаслава – пыталі больш не пра Паўла, а пра Вячаслава. Сілавікі апісалі маёмасць, у тым ліку прынтар і канапу.

Hавiны
Сілавікі затрымалі і адпусцілі актывістаў Леаніда Кулакова, Маю Навумаву і Яўгена Батуру
2022.02.14 22:23

«Яны даўно ведаюць, што мы не ў Беларусі»

Марына Касінерава расказала «Белсату», што ператрус трываў з 9:44 да прыблізна 10:40, яго праводзілі супрацоўнікі бабруйскага КДБ. Вядома, што крымінальны артыкул – супраць Марыны, а не ейнай маці, але ніякіх копіяў дакументаў супрацоўнікі КДБ не далі.

На думку Марыны, сапраўдная прычына ператрусу – дзейнасць «DissidentBy» і дапамога палітзняволеным. Супольнасць актыўная з 2019 года, дапамагае вязням перадачамі, грашыма на атаварку, падпіскай на прэсу і акцыямі салідарнасці на волі. Таксама яна згадвае і тое, што яны з мужам – прадстаўнікі анархісцкага руху, што мужа раней затрымлівалі з палітычных прычынаў, двойчы прызнавалі палітвязнем. Хоць яны з’ехалі ў 2020 годзе і пазбеглі затрымання, сілавікі (у іх ліку ГУБАЗіК) рэгулярна пагражаюць ім у публічных каналах.

«Я думаю, яны даўно ведаюць, што мы не ў Беларусі, і браць дакладна няма каго, – кажа Марына. – Я думаю, гэта звязана з дапамогай палітычным зняволеным, асабліва падтрымцы тых, каго вінавацяць у тэрарызме».

Касінерава перакананая: «DissidentBy» гэта моцны інструмент падтрымкі зняволеных, што і раздражняе сілавікоў. Раз «дастаць» чальцоў ініцыятывы не могуць наўпрост, ціснуць на сваякоў, якія засталіся ў краіне.

«Да рэгулярных рэпрэсіяў мы прызвычаіліся яшчэ будучы ў Беларусі, і ведаем, што гэта такое. На нашую пазіцыю гэта не ўплывае і дзейнасць не спыняе», – заяўляе Марына Касінерава.

Hавiны
5 галоўных пытанняў пра палітычных вязняў
2021.03.21 16:23

На момант публікацыі праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі 1062 чалавек. «DissidentBy» у ліку тых, хто заяўляе: спіс няпоўны, а крытэры прызнання палітвязнямі трэба мяняць. Вячаслаў Касінераў прыводзіў прыклады Святаслава Барановіча, які «абараняў людзей ад невядомых без формы, што выцягвалі іх з тралейбуса», і Іллю Валовіка, якога асудзілі на 10 гадоў строгага рэжыму – фармальна праз бойку футбольных фанатаў, але «па факце гэты быў разгром грамадскага руху».

АА belsat.eu

Стужка навінаў