Чаму некаторых беларусаў не пускаюць ва Украіну? Адказ адзін: «Усё паводле закону»


На пытанне, як беларусу трапіць ва Украіну, вымалёўваецца такі адказ: набраць максімум дакументаў і спадзявацца на ўдачу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Памежнік на ўкраінскім пункце пропуску «Сенькоўка», Украіна. 27 студзеня 2022 года.
Фота: АД / Белсат

З канца мінулага тыдня грамадзяне Беларусі сталі вычуваць прабелмы з уездам ва Украіну: на памежных пераходах і ва ўкраінскіх аэрапортах беларусаў адводзяць ад астатніх, выклікаюць на дадатковыя размовы, правяраюць прычыны ўезду і «фінансавую забяспечанасць» – і ў выніку некаторых не пускаюць.

Праблемы з уездам беларусаў супалі з пачаткам расейска-беларускіх вучэнняў «Саюзная рашучасць», якія ва Украіне і на Захадзе разглядаюць як падставу сцягнуць расейскія войскі да паўночнай мяжы Украіны.

Hавiны
Вайна ў «любы момант», эвакуацыя і перамовы. Хроніка вайсковай эскалацыі
2022.02.15 09:27

Што кажуць украінскі і беларускі бок

«Белсат» накіраваў праз электронную пошту пытанні аб праблемах з уездам беларусаў ва Украіну ў Памежную службу Украіны і Службу бяспекі Украіны, але пакуль не атрымаў адказу.

«Усе падставы [для ўезду] прапісаныя ў заканадаўстве Украіны, якім нашыя службоўцы кіруюцца і дакладна датрымліваюцца нормаў, – сказаў «Белсату» праз тэлефон прэс-сакратар Памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка. – Вядома, што кожны дзень дзясяткі замежнікаў атрымліваюць адмову ва ўездзе ва Украіну з розных прычынаў.

Хтосьці мае забарону на ўезд, хтосьці не можа пацвердзіць мэту паездкі, хтосьці не мае дастатковага фінансавання, хтосьці перавысіў тэрмін перабывання ва Украіне, праз ковідныя абмежаванні… Сярод гэтых замежнікаў могуць быць і грамадзяне Беларусі.

Але яшчэ раз адзначу: у заканадаўстве Украіны ёсць выразна вызначаныя нормы. Калі хтосьці з іншаземцаў не падпадае пад крытэрыі ўмоваў уезду, то такія асобы могуць атрымаць адмову ў перасячэнні мяжы Украіны».

Прэс-сакратар Памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка.
Фота: dpsu.gov.ua

Пытанне адносна таго, што сітуацыя з мінаннем мяжы відавочна змянілася, прэс-сакратар Памежнай службы не даслухаў і паўтарыў: «Ёсць заканадаўства». Пацвярджаць ці абвяргаць тое, што цяпер да беларусаў на мяжы асаблівая ўвага, ён не стаў і зноў паўтарыў: «Ёсць законы Украіны».

Памежны камітэт Беларусі ж заяўляў 11 лютага, што Украіна не паведамляла яму пра ўзмацненне кантрольных захадаў на мяжы, і з таго часу пра Украіну не згадваў. Міністэрства замежных справаў Беларусі не казала пра Украіну з 10 лютага, калі выклікала ўкраінскага амбасадара праз тое, што мэр горада Дняпро замяніў каля мэрыі дзяржаўны беларускі сцяг на нацыянальны бел-чырвона-белы.

Святлана Ціханоўская заявіла 11 лютага, што трымае сувязь з Міністэрствам замежных справаў Украіны і робіць усё магчымае, каб развязаць сітуацыю, а таксама што мае ад украінскага боку пацверджанне: падвышаная ўвага да беларусаў звязаная з расейска-беларускімі вучэннямі і што «праз дзеянні рэжыму да беларусаў пачынаюць ставіцца як да магчымых акупантаў і ворагаў».

Hавiны
Міністры абароны Украіны і Беларусі дамовіліся пра ўзаемныя візіты вайсковых аташэ на вучэнні каля межаў
2022.02.14 16:49

Каго напраўду прапускаюць і не прапускаюць?

Праблемы з уездам датычаць не толькі шараговых беларусаў, але і вядомых людзей, інфармацыю пра мэты візіту якіх не праблема «нагугліць» за хвіліну. 12 лютага з Польшчы ва Украіну не пусцілі журналіста Мікіту Мелказёрава, інтэрв’ю якога на YouTube-канале збіраюць сотні тысяч праглядаў. Яму адмовілі праз адсутнасць «дастатковага фінансавага забеспячэння». На наступны дзень з Беларусі ва Украіну не прапусцілі рок-гурт «J:Морс», які меўся даць канцэрт у Кіеве 14 лютага, квіткі на які прадавалі са снежня. У іх «не было падставаў для ўезду».

«Еўрарадыё» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляла, што Украіна не пускае на сваю тэрыторыю беларускіх мужчынаў прызыўнога ўзросту. Беларускі Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацыяў сцвярджае, што тых, хто едзе з санаторна-курортнымі пуцёўкамі, на ўкраінскай мяжы не разварочваюць.

Здымае мае ілюстрацыйны характар. Украінскія памежнікі ўсталёўваюць калючы дрот уздоўж украінска-беларускай мяжы. Кантрольна-прапускны пункт «Дольск», Украіна. 28 студзеня 2022 года.
Фота: АД / Белсат

Мяркуючы з чатаў беларусаў, пропуск ці няпропуск непрадказальны: могуць і прапусціць мужчыну прызыўнога ўзросту, могуць не прапусціць жанчыну з аб’ектыўнымі падставамі для ўезду, могуць прапусціць маці і не прапусціць сына, могуць нават не прапусціць з пуцёўкай на лекаванне, а могуць нічога асаблівага і не спытаць, а проста прапусціць.

Адна чытачка «Белсату» расказала: яе не ўпусцілі ва Украіну, калі яна прыляцела з Польшчы, хоць да таго яна ўжо жыла ва Украіне. Ніякіх «жорсткіх» пытанняў не было: пытала, куды едзе і колькі мае з сабой грошай, ці мае ва Украіне знаёмых і сваякоў. Але ў яе ва Украіне не было віду на жыхарства – таму ва ўездзе ўрэшце адмовілі, бо «не змагла пацвердзіць мэту». За кошт авіялініяў выправілі назад у Польшчу, давялося 24 гадзіны чакаць вылету.

Памежнікі нават не захацелі паглядзець пацверджанне таго, што яна ўжо жыла ва Украіне, ейныя банкаўскія карткі і ўкраінскі сертыфікат вакцынацыі, не захацелі звязацца з ейнымі знаёмымі ва Украіне, У першы раз, калі яна прылятала ва Украіну з Турэччыны, у яе не пыталі нічога пра мэты прылёту і прапускалі без праблемаў.

Што рабіць, каб падвысіць шанцы ўехаць?

Арганізацыя «Беларускі дом ва Украіне» ацэньвае шанцы як «50 на 50»: наяўнасць дакументальных пацверджанняў мэты візіту можа спрасціць працэдуру, але ўезду не гарантуе.

Таму лепей мець пры сабе максімум дакументаў. Пацверджаннем фінансавага забеспячэння могуць быць як наяўныя грошы, так і выпіска з банку (на дзень патрэбны эквівалент 9570 грывень, на 10 дзён – 23 925 грывень, на 30 дзён – 55 825 грывень, агульная формула тут). Калі паездка туды і назад, варта адразу мець зваротны квіток. Калі паездка ў адзін бок і з’яўляецца ўцёкамі ад палітычных рэпрэсіяў, на мяжы варта так і казаць, нават калі ёсць пуцёўка ў санаторый.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Памежныя слупы на ўкраінска-беларускай мяжы. Кантрольна-прапускны пункт «Дольск», Украіна. 28 студзеня 2022 года.
Фота: АД / Белса

Вядома, для мінання мяжы патрэбныя страхоўка, ПЛР-тэст на каронавірус або сертыфікат вакцынацыі (лепей – прызнанай ва Украіне вакцынай, да якіх не адносіцца расейскі «Спутнік»), хоць украінскі бок заяўляе, што ўкраінскія памежнікі не правяраюць страхоўкі і тэстаў або сертыфікатаў, звязаных з каронавірусам.

Калі ж трэба тэрмінова з’ехаць з Беларусі праз палітычны пераслед і немагчыма рызыкаваць з шанцамі «50 на 50», варта выбраць замест Украіны Грузію або краіну Еўразвяву.

Hавiны
«Ужо сем гадоў вайна ідзе, чаго баяцца». Рэпартаж з украінска-беларускай мяжы напярэдадні вучэнняў
2022.02.02 21:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў