Агнешка Рамашэўская-Гузы: Адказнасць за жыццё Уладзіміра Мацкевіча ляжыць на Аляксандру Лукашэнку


Філосаф, метадолаг і вядоўца «Белсату» Уладзімір Мацкевіч галадае ў няволі 12 дзён, з 15 лютага галадае насуха. Але гэта не выклікае належнай міжнароднай рэакцыі.

Агнешка Рамашэўская-Гузы на прэс-канферэнцыі наконт сітуацыі з галадаваннем Уладзіміра Мацкевіча ў Цэнтры беларускай салідарнасці. Варшава, Польшча. 15 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

У Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве 15 лютага прайшла прэс-канферэнцыя наконт сітуацыі з галадаваннем Уладзіміра Мацкевіча з удзелам ягонай калегі і былой жонкі Святланы Мацкевіч і шэрагу польскіх грамадскіх і палітычных дзеячаў.

Дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы выказалася адносна міжнароднай увагі да галадоўкі філосафа ў няволі:

«У гэты момант галадоўка Уладзіміра Мацкевіча прыпала на перыяд такой агульнай зацікаўленасці міжнароднай сітуацыяй. Гэта значыць, я лічу, у некаторым сэнсе нават засталася перакрытай той сітуацыяй, якая цяпер ёсць ва Украіне, усімі гэтымі заявамі пра вайну».

На думку Рамашэўскай-Гузы, тое, што галадоўка «сышла з асноўных радараў», ёсць вельмі сур’ёзнай праблемай.

Агнешка Рамашэўская-Гузы на прэс-канферэнцыі наконт сітуацыі з галадаваннем Уладзіміра Мацкевіча ў Цэнтры беларускай салідарнасці. Варшава, Польшча. 15 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Галадоўніку могуць пачаць прымусова ўводзіць харчаванне праз трубку ў горла – працэс можна апісаць як катаванне, пагрозу жыццю і здароўю.

«Гэта з найгоршага, што можна перажыць, пра гэта ўсе вязні расказвалі», – адзначыла Рамашэўская-Гузы пра прымусовы прыём харчавання.

І нават без гэтага, дадала яна, галадоўка – вялізны стрэс для арганізму.

Артыкулы
Уладзімір Мацкевіч слабее, страчвае вагу
2022.02.15 17:55

«Мы баімся, каб чагосьці кепскага не адбылося, – сказала Рамашэўская-Гузы. – Але адказнасць за тое, што б ні здарылася, ляжыць на ўладах Беларусі. Яны будуць мець на сваім сумленні кроў гэтага чалавека, жыццё гэтага чалавека. Яно ў гэты момант залежыць непасрэдна ад спадара Лукашэнкі».

У гэты момант усё, што можна зрабіць, гэта звяртаць увагу на ягоны пратэст усіх – ад прэзідэнтаў да звычайных грамадзянаў, – і выказваць падтрымку з усіх бакоў, а таксама падкрэсліваць адказнасць Лукашэнкі і ўладаў за жыццё і здароўе зняволенага.

Справа Мацкевіча, заўважыла Рамашэўская-Гузы, гэта сімвал таго, што адбываецца з беларускімі палітычнымі зняволенымі, – а толькі тых, чые справы праваабарончая супольнасць ужо разгледзела і прызнала палітычна матываванымі, на сёння 1062.

Артыкулы
Сістэма выпісвае сабе прысуд: вядомыя беларусы – аб галадаванні Мацкевіча за кратамі
2022.02.15 13:31

Як можна падтрымаць філосафа за кратамі?

  • Пісаць яму лісты (адрас: СІЗА № 1, Валадарскага, 2, 220030 Менск).
  • Напісаць зварот у Генеральную пракуратуру і Цэнтральны апарат Следчага камітэту (шаблон тут, інструкцыя тут).
  • Падпісаць петыцыю на Change.org.
  • Прыцягваць увагу да галадоўкі, дэманстраваць усімі магчымымі шляхамі салідарнасць.
  • Тыя, хто за мяжой, могуць звяртацца да ўладаў сваіх краінаў з просьбаю падтрымаць Мацкевіча.

АА belsat.eu

Стужка навінаў