Юрысты пра стан права ў Беларусі: «Цяжка, але выкінуць свой дыплом не хацелася»


«Белсат» ананімна пагутарыў з двума юрыстамі, якія працуюць у розных галінах заканадаўства, каб зразумець іхнае стаўленне да прававога калапсу ў краіне.

Юрыстка, якая займаецца справамі людзей, пацярпелых ад рэжыму

У межах крымінальнай справы звяртацца да адваката вельмі карысна.

«У такім выпадку адвакат – гэта адзіная сувязь чалавека, якога трымаюць у следчым ізалятары, з яго блізкімі. Часцяком гэта і адзіная сувязь з вонкавым светам увогуле, бо лісты часцяком не перадаюць, і людзі перабываюць у інфармацыйным вакууме. Чалавек не ведае, што адбываецца, як рухаецца ягоная справа і што за падзеі на волі», – распавяла наша суразмоўца.

У межах адміністратыўных справаў патрэба ў адвакаце неадназначная:

«Хочацца верыць, што мы раней ці пазней вернемся ў прававое поле. Гэта калі-небудзь дакладна адбудзецца. На сёння адвакаты могуць дапамагчы сабраць доказы, якія могуць стаць грунтам для крымінальных справаў у дачыненні суддзяў і праваахоўнікаў, якія сёння выносяць неправасудныя рашэнні. З гэтага гледзішча – так, адвакаты карысныя. Але з практычнага боку ў тых справах, што цяпер разглядаюцца, на вялікі жаль, уплыў адваката вельмі малы, бо не працуе закон. А дзейнасць адваката не можа прыносіць выніку, калі не працуе судовая сістэма».

Ілюстрацыйнае фота belsat.eu

Нягледзячы на тое, што прававая сістэма перабывае ў стане дэфолту, змяніць прафесію ў нашай суразмоўцы жадання няма:

«Прававы дэфолт – гэта калі перастае працаваць сістэма правасуддзя, сістэма стасавання законаў у дачыненні грамадзянаў. Я гэтую сітуацыю не магу памяняць, таму я яе прымаю і працягваю змагацца знутры, каб нешта змянілася. Проста плакаць – гэта не варыянт. Выкінуць дыплом не хацелася. Я стаўлюся да гэтай сітуацыі як да пэўнага прамежку часу, які трэба перажыць. Складанасці загартоўваюць».

Стан бездапаможнасці, са словаў юрысткі, накрывае людзей незалежна ад іх прафесіяў:

«Адвакаты – гэта такія ж людзі грамадства, як і іншыя. Ёсць тыя, хто глядзіць у тэлевізар і не глядзіць у вакно. А ёсць вялікая колькасць адвакатаў, якія працягваюць змагацца, каб было іначай. Іх бачна па справах, за якія яны бяруцца, і па каментарах, якія даюць».

Юрыст, які працуе ў галіне гаспадарчага права

«Прававая сістэма – гэта як адзін агульны арганізм. Не можа быць так, што адна яго частка паражоная хваробаю, а другая функцыянуе нармальна. У маёй галіне засталіся збольшага працоўныя законы, калі яны не датычаць пратэставай дзейнасці. Але гэта сёння, заўтра ўсё можа змяніцца. Наўрад ці нехта сёння можа быць цалкам упэўнены ў беларускім заканадаўстве. Не, кідаць працу не збіраюся. Усё мінае, і гэтае бяспраўе міне».

МГМ, Белсат

Стужка навінаў