У справе звольненых «азотаўцаў» змянілі суддзю. Папярэдні заклікаў да мірнага пагаднення


Звольненыя азотаўцы на судзе аб аднаўленні на працы.
Фота: Саша Праўдзіна/Белсат

У Горадні прызначылі іншага суддзю ў справе аднаўлення на працы працоўных «Азоту», якія ў кастрычніку мінулага года далучыліся да страйку і былі звольненыя. Адбылося гэта пад канец судовага працэсу без тлумачэння прычынаў.

Прымаць рашэнне замест Сяргея Слашчова будзе Дзмітрый Шанін. Справу разгледзяць наноў.

13 звольненых работнікаў прадпрыемства «Горадня Азот» са студзеня судзяцца за аднаўленне на працы. Яны патрабуюць прызнаць іх звальненне незаконным і скампенсаваць маральную шкоду памерам ад 3000 да 10 000 рублёў.

На апошнім судовым паседжанні на мінулым тыдні суддзя заклікаў бакі пайсці на мірнае пагадненне. «Азотаўцы» былі згодныя, але пры абавязковай умове: аднаўленні на працы. Прадстаўнік ад «Азоту» не змог уцямна адказаць, ці гатовы іх бок пайсці на кампраміс.

Саша Праўдзіна/ЯП belsat.eu

Стужка навінаў