У Горадні дапыталі сведак-міліцыянтаў па справе пасажыра таксі, які замест пацярпелага стаў абвінавачваным

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні працягваюць судзіць 30-гадовага гарадзенца Ігара Лазавіка – пасажыра таксі, які быў збіты падчас затрымання і спачатку праходзіў па справе як сведка. 15 лютага дапыталі сведак-міліцыянтаў, а таксама кіроўцу таксі Аляксея Лапу.

Кампанія гарадзенцаў вечарам 11 жніўня каталася на машыне па горадзе і была жорстка затрымана групай АМАПу.

Ігар Лазавік з адвакатам. Фота: Белсат

Ігара Лазавіка вінавацяць у гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Гарадзенцу пагражае да 6 гадоў зняволення.

Вядзе працэс суддзя Віталь Лабоцкі.

«Пасля ўдару амапаўца з вуха палілася кроў»: у Горадні судзяць сведку збітага АМАПам таксоўца

Пацярпелы: 34-гадовы міліцыянт Дзмітрый Рахунок. Вышэйшая адукацыя, старшы лейтэнант, працуе ў АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама камандзірам групы.

Версія абвінавачвання

Па матэрыялам справы, вечарам 11 жніўня 2020 году Ігар Лазавік знаходзіўся на пл. Дзекабрыстаў у Горадні ў аўтамабілі «Skoda Rapid», кіроўца якога наехаў на амапаўца і спрабаваў уцячы. Пасля пагоні машыну заблакавалі сілавікі.

Лазавік, які быў на пярэднім пасажырскім сядзенні, не падпарадкаваўся патрабаванням міліцыянтаў аб разблакоўцы дзвярэй і выхадзе з машыны. А пры прымусовым выманні і затрыманні ўжыў гвалт да Дзмітрыя Рахунка: наўмысна нанёс яму не менш за 6 удараў рукамі і нагамі. У выніку гэтага пацярпеламу сілавіку прычыненыя менш цяжкія цялесныя пашкоджанні: удары мяккіх тканін, пералом фалангі пальца.

Рахунку за перыяд часовай непрацаздольнасці выплацілі больш за 1500 рублёў. На судзе амапавец запрасіў у якасці кампенсацыі за маральныя і фізічныя пакуты адну тысячу рублёў, якую хоча перавесці на рахунак аднаго з дзіцячых дамоў.

«Калі б я нешта бачыў, я б сказаў»

15 лютага ў судзе дапыталі сведкаў: амапаўцаў, якія ўдзельнічалі ў затрыманні пасажыраў таксі.

Міліцыянт Максім Абрамчык падчас допыту распавёў, што 11 жніўня быў на службе, паступіў сігнал, што супрацоўніка міліцыі збіла машына. Яго група выехала па арыентыроўцы, каб затрымаць аўтамабіль.

«Заблакавалі машыну і пачалі здзяйсняць дзеянні па затрыманні. Мы гучна крычалі, што гэта міліцыя, і патрабавалі адчыніць дзверы. Аднак нашым патрабаванням ніхто не падпарадкаваўся, матор ніхто не прыглушыў. Тады я некалькі разоў ударыў лабавое шкло, каб дэзарыентаваць кіроўцу. Бо ён мог працягнуць рух і збіць калегу наперадзе. Маёй задачай было разбіць шкло, каб кіроўца не мог ехаць далей. Самога затрымання я не бачыў», – распавядае сведка.

Многіх дэталяў ён ужо не памятае: колькі супрацоўнікаў АМАПу з ім ехала, дзе знаходзілася машына ДАІ, на якой вуліцы ўсё адбывалася і г. д.

– То бок вы стаялі перад машынай, каля лабавога шкла, і не бачылі больш нічога? – запытаў адвакат.

– Я не бачыў, хто каго і як затрымліваў. Кожны выконваў сваю задачу, – адказаў сведка.

– Калі ў метры ад вас супрацоўніку міліцыі прычыняюць гвалт, вы мусілі гэта бачыць? – дапытваецца адвакат.

– Я стаяў каля пярэдняга кола з боку кіроўцы, глядзеў перад сабой, не глядзеў па бакам. Таму не мог нічога бачыць, – адказаў Максім Абрамчык.

У паказаннях падчас следства, згодна матэрыялам справы, сведка бачыў, што спераду сядзеў кіроўца і пасажыр. Дзверы былі заблакаваныя, бо «калегі не маглі трапіць унутр», таму пачалі біць шкло.

– Вы кажаце, што не бачылі, як у метры ад вас супрацоўніку міліцыі наносілі цялесныя пашкоджанні. Гэта вымушае сумнявацца ў вашых паказаннях ці паказаннях вашага калегі. І нават сумнявацца, што вы самі там былі, – кажа адвакат.

– Калі б я нешта бачыў, я б сказаў, – адказаў сведка.

Напарнік Абрамчыка, міліцыянт Аляксандр Шышко біў лабавое шкло з боку пасажыра. Ён таксама не бачыў, што да супрацоўнікаў АМАПу хтосьці ўжываў гвалт.

– Калі б вы ў метры ад сябе бачылі драку, патасоўку з удзелам супрацоўніка міліцыі, што яго нехта б’е, вы бы гэта заўважылі? – пытае адвакат.

– Калі б сапраўды была патасоўка, думаю, што так. Але я нічога такога не бачыў, я быў сканцэнтраваны на сваёй задачы, – адказаў Шышко.

У яго групе пацярпелага міліцыянта Рахунка не было. Ці быў ён падчас затрымання – на судзе сведка сказаць не змог, усе былі ў аднолькавай чорнай форме і масках. Але ў паказаннях падчас следства ён адзначаў, што машына з групай калег-амапаўцаў падʼехала да іх ужо пасля таго, як пасажыры таксі ляжалі на асфальце.

Абодва сведкі адзначылі, што ў дачыненні непасрэдна да іх ніякага гвалту не ўжывалася, і самі яны таксама не ўжывалі фізічную сілу – яны толькі кантралявалі аўтамабіль.

«Людзі ў чорным аказаліся сілавікамі»

У судзе ў якасці сведкі дапыталі кіроўцу таксі Аляксея Лапу.

Аляксей Лапа вечарам 11 жніўня катаўся з трыма сябрамі, сярод якіх быў Ігар Лазавік, па горадзе. Паехалі да пл. Дзекабрыстаў, прыпыніліся каб папаліць, збіраліся зʼязджаць, як адчулі ўдары па машыне.

«Вашае збіццё не мае дачынення да справы». У Горадні судзяць таксіста, якога збіў АМАП

– Калі я збіраўся адʼязджаць, адчуў удары па капоце машыны. Спалохаўся і зʼехаў, – узгадвае Аляксей Лапа.

Ніякіх машын ДАІ з маячкамі і службовых аўтамабіляў, якія б гналіся за ім, ён не заўважыў.

Таксі адʼехала на метраў 700 і трапіла ў корак, тут ім дарогу перагарадзіў белы бус. Да машыны падскочылі людзі ў чорным. Ніякіх спроб зʼехаць Аляксей ужо не здзяйсняў.

– Адзін з сілавікоў падбег да машыны спераду з боку пасажыра і ўдарыў па лабавым шкле. Затым падбег чалавек з майго боку, ён таксама ўдарыў па шкле. Я адкрыў дзверы, выйшаў з машыны, мяне пачалі біць, – распавядае Лапа.

Паводле яго слоў, стаяў гул, былі чутны ўдары па корпусе машыны, і ў гэтым шуме яны не чулі, што крычалі людзі ў чорным, якія ў выніку аказаліся амапаўцамі.

Праз некалькі хвілін усіх пасажыраў аўто жорстка дасталі з аўтамабіля, кінулі на асфальт і пачалі збіваць 10−15 супрацоўнікаў. Кіроўца і пасажыры ляжалі ў крыві на праезнай частцы, на бітым шкле прыкладна гадзіну. Мінакам сілавікі казалі, што «хуткая» не патрэбна. Яе выклікалі прадстаўнікі Следчага камітэту, якія прыехалі для ўзбуджэння крымінальнай справы.

Трое з чацвярых пасажыраў таксі трапілі ў шпіталь з траўмамі, сярод іх і Ігар Лазавік. Пасля абследавання яму пацвердзілі чэрапна-мазгавую траўму. Гарадзенец звяртаўся ў Следчы камітэт, каб праверылі факт збіцця сілавікамі. Аднак ва ўзбуджэнні справы яму адмовілі.

Аляксей Лапа таксама звярнуўся ў Следчы камітэт па факце збіцця сілавікамі. Аднак да гэтай пары ніякай справы ці праверкі не распачата. Сам жа сведка перанёс ужо некалькі аперацый і праходзіць падазраваным па крымінальнай справе – за гвалт над сілавікамі, па тым жа самым артыкуле 364.

Суд працягнецца 19 лютага.

АР, belsat.eu

Hавiны