У Берасці за масавыя закалоты пачалі судзіць 10 чалавек. Працягваюцца паседжанні і ў «справе карагодаў»


Паседжанне па справе аб масавых закалотах у Берасці.
Фота: Белсат

У Берасці 15 лютага пачаліся два судовыя працэсы. У судзе Маскоўскага раёну судзяць першую дзясятку жыхароў гораду за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня мінулага года.

Гэта Віталь Бандарэнка, Сяргей Гацкевіч, Аляксандр Драздоў, Сяргей Крыўчэня, Ілля Мігно, Ягор і Віталь Пракапчукі, Цімур Рызапур, Сяргей Салоха, Дзяніс Хазей. Усяго ў гэтай справе праходзяць больш за 60 чалавек. Усіх вінавацяць паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых закалотах»).

Карэспандэнт «Белсату» адзначае, што міліцэйская ахова на гэтым працэсе паводзіць сябе вельмі нахабна і не дае здымаць журналістам нават у калідоры. Частка людзей не здолела трапіць у залу.

А ў судзе Ленінскага раёну пачалі судзіць другую дзесятку людзей у так званай карагоднай справе. Віна людзей толькі ў тым, што 13 верасня яны танчылі ў карагодзе на скрыжаванні праспекту Машэрава і бульвараў Касманаўтаў ды Шаўчэнкі ў Берасці. Цяпер іх судзяць паводле арт. 342 КК («Арганізацыя ды рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Сёння пачаўся працэс над Арцёмам Арцецкім, Змітром Абрамуком, Змітром Буневічам, Змітром Качуркам, Сяргеем Наліўкам, Генадзем Місютам, Уладзімірам Талатынікам, Аляксеем Бараноўскім, Паўлам Брухам і Валянцінай Жукоўскай.

З 10 чалавек толькі двое цалкам не прызнаюць сваю віну. Напрыклад, адзіная жанчына ў гэтай дзясятцы – Валянціна Жукоўская сказала: «Я не разумею, дзе ў тым, у чым вы мяне абвінавачваеце, склад злачынства?» «Разбярэмся», – сказаў суддзя Зміцер Шурын.

Арцём Арцецкі, які першы дае сведчанні ў судзе, сказаў наступнае: «Кожны ў Берасці ведаў, што па нядзелях праходзяць мірныя мітынгі, таму і прыйшоў. 10 жніўня мяне затрымалі, зламалі рэбраў, адвезлі ў СІЗА». Пракурор: «Вы кажаце, што вас затрымалі проста так». – «Так, шмат каго затрымлівалі проста так, без усялякіх прычынаў, так было і 10 жніўня так і 13 верасня», – адказаў Арцецкі. Таксама Арцём не згодны, што людзі заміналі гандлю: крамы і шапікі працавалі, яны куплялі ваду і сігарэты. «А потым прыехалі людзі ў чорным і сталі ламаць хлопцаў».

Для першай дзясяткі людзей у гэтай справе пракурор запрасіў ад 1,3 года хатняй хіміі да 2 гадоў калоніі. Вырак для першай дзясяткі прагучыць 25 лютага.

АС/ЯП belsat.eu

Стужка навінаў