Тадэвуш Кандрусевіч: «Заклік Касцёлу і іншых рэлігійных супольнасцяў да малітвы, пакаяння і дыялогу ігнаруецца»


14 лютага ў менскім касцёле Узняцця Святога Крыжа ганаровы мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч блаславіў памятную дошку беларускаму мастаку пачатку ХІХ стагоддзя Яну Дамелю, піша Catholic.by.

На імпрэзе Тадэвуш Кандрусевіч не абмінуў увагай праблемы, з якімі сутыкнуўся сучасны свет. Гэта «праказа матэрыялістычнага атэізму, нязгоднага з Божым законам сексуальнага жыцця, гневу, нянавісці, сацыяльнай несправядлівасці, гвалту, тэрарызму, вайны». Ён падкрэсліў, што Касцёл, паводле свайго сацыяльнага вучэння, абавязаны выказвацца наконт пытанняў маральнасці, бараніць пакрыўджаных і дапамагаць у пераадоленні праблемаў, з якімі сутыкаецца грамадства.

«Аднак заклік Касцёлу і іншых рэлігійных супольнасцяў да малітвы, пакаяння і дыялогу ігнаруецца», – лічыць Кандрусевіч.

Таму, як адзначыў арцыпастыр, актуальнымі з’яўляюцца словы святога айца Францішка, прамоўленыя 8 лютага падчас аўдыенцыі для дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе: «Палітычны крызіс у свеце ўзмацніўся з прычыны павышэння ўзроўню палітычных супярэчнасцяў і адсутнасці супольнага пошуку вырашэння праблем, што закранаюць планету».

«Няхай сённяшняе Божае слова і мастацкая творчасць Яна Дамеля дапамагаюць нам імкнуцца да духоўнай прыгажосці, каб мы і наша Бацькаўшчына вылечыліся ад грахоўнай і грамадска-палітычнай праказы з мэтай будавання жаданага міру і супакою», – пазычыў Тадэвуш Кандрусевіч.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў