Адвакатку Калеснікавай хочуць пазбавіць ліцэнзіі за «непадпарадкаванне» сілавікам


Сталі вядомыя падрабязнасці магчымага пазбаўлення ліцэнзіі адвакаткі Людмілы Казак, якая абараняе палітзняволеную Марыю Калеснікаву. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што фармальнай нагодай стала адміністратыўная справа паводле артыкулу 23.4 («Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы»).

24 верасня мінулага года Людмілу Казак у цэнтры Менску затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. У будынку Цэнтральнага РУУС яе абшукалі і склалі два пратаколы: паводле 23.4 і 23.34 («Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў»). На наступны дзень суддзя Кастрычніцкага раёну Менску Аляксандр Рудэнка вынес рашэнне аб прызнанні адвакаткі вінаватай у непадпарадкаванні тым, хто схапіў і павёз яе без тлумачэння прычынаў, і аштрафаваў на 25 базавых велічыняў.

Пасля набыцця пастановай моцы дысцыплінарная камісія Менскай гарадской калегіі адвакатаў 20 студзеня прыцягнула Людмілу Казак да дысцыплінарнай адказнасці: ёй зрабілі заўвагу. І адразу за гэтым Міністэрства юстыцыі запусціла механізм пазбаўлення абаронцы Марыі Калеснікавай адвакацкага статусу. Падставу фармулююць як «здзяйсненне дзеянняў, што дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру, якое выявілася ў здзяйсненні адміністратыўнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 23.34 КаАП».

Пра магчымае пазбаўленне Людмілы Казак ліцэнзіі стала вядома 12 лютага. Праваабарончы цэнтр «Вясна» звязвае ціск на Казак з тым, што яна абараняе Марыю Калеснікаву. Раней пазбавіўся ліцэнзіі адвакат Калеснікавай Аляксандр Пыльчанка, а ў дачыненні двух іншых адвакатаў палітзняволенай – Іллі Салея і Максіма Знака – распачалі крымінальныя справы.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў