«Ваяваць супраць нас дорага, загінуць мільёны». Што казаў Лукашэнка міратворцам, якія вярнуліся з Казахстану


У суботу 15 студзеня Аляксандр Лукашэнка на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах сустрэўся з міратворцамі, якія вярнуліся з Казахстану, паведамляе ягоная прэс-служба.

Аляксандр Лукашэнка выступіў перад беларускімі вайскоўцамі, якія вярнуліся з Казахстану, дзе ўдзельнічалі ў міратворчай аперацыі ў складзе войскаў АДКБ.
Фота: president.gov.by

Лукашэнка казаў вайскоўцам пра тое, што падзеі ў Казахстане – «чарговая спроба вонкавага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы незалежных дзяржаваў». Паводле ягоных словаў, «арганізатары мецяжа імкнуліся ўзарваць» сітуацыю ў Казахстане, каб такім чынам «дэстабілізаваць абстаноўку па перыметры Расеі, каб аслабіць галоўнага саюзніка Беларусі».

ВІДЭА
АДКБ – хуткая дапамога дыктатарам
2022.01.14 17:30

Аперацыю АДКБ Лукашэнка назваў вельмі паспяховай, а падрыхтавалі яе Лукашэнка разам з Уладзімірам Пуціным цягам гадзіны.

Аперацыя АДКБ у Казахстане, паводле Лукашэнкі, стала першым выпадкам, калі міратворчыя сілы АДКБ былі задзейнічаныя ў масавых пратэстах.

«Поспех нашай місіі можна расцэньваць як праяўленне эфектыўнага механізму барацьбы з так званымі каляровымі рэвалюцыямі, – заявіў Лукашэнка. – Канешне, ваяваць супраць нас дорага, вельмі затратна, загінуць мільёны людзей. А вось знутры перавярнуць і дамагчыся тых жа мэтаў – яны прафесіяналы. Але першы аблом у іх адбыўся ў Беларусі. Яны мадэрнізаваліся, удасканалілі гэтую аперацыю, так званую каляровую рэвалюцыю, пачынаючы з мецяжа, і вырашылі прымяніць у Казахстане. І там не атрымалася. Значыць, проціяддзе знойдзена».

Абноўлена
У Казахстане пасля пратэстаў затрыманы амаль шэсць тысяч чалавек. Распачата 125 крымінальных спраў
2022.01.09 13:15

Паводле Лукашэнкі, «фундамент эфектыўнага прымянення міратворчай групоўкі АДКБ быў закладзены загадзя» падчас вучэнняў «Непарушнае братэрства».

Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаўэзене пасля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі знізіць цану, але пасля з’явіліся палітычныя патрабаванні, перадусім – адхіліць ад улады Назарбаева.

6 студзеня Камітэт нацыянальнай бяспекі Казахстану пачаў дасудовае расследаванне дзяржаўнай здрады паводле арт. 175 ч. 1 Крымінальнага кодэксу Казахстану. У гэты ж дзень у краіну пачаўся ўвод войскаў АДКБ.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў