У Ціхім акіяне адбылося магутнае вывяржэнне вулкану, ёсць пагроза цунамі

Папярэджанні аб небяспецы цунамі пасля вывяржэння гіганцкага падводнага вулкана ў Ціхім акіяне распаўсюдзілі ўлады многіх краін рэгіёну – ад Аўстраліі да Злучаных Штатаў. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Вывяржэнне ўжо прывяло да ўдару хваляў вышынёй больш за метр на ўзбярэжжа дзяржавы Тонга, паблізу якога размяшчаецца вулкан Хунга-Тонга-Хунга-Хаапай. Хвалі залілі гарадскую набярэжную і вуліцы, што прымыкалі да яе, разбурылі некалькі хацін, якія стаялі на беразе. Кароль дзяржавы Тонга быў эвакуяваны.

Паводле жыхароў Тонга, вывяржэнне было такой моцы, што зямля пад нагамі трэслася на працягу некалькіх хвілін, а вакол чуўся грукат, які нагадвае грому. Відавочцы паведамляюць аб дажджы з попелу ў сталіцы Нукуалофа, за 65 кіламетраў ад вулкану.

Васьміхвіліннае вывяржэнне было такім магутным, што падобныя на грому гукі былі чутныя нават на Фіджы – больш за ў 800 кіламетрах ад вулкана.

Аб’явы аб пагрозе цунамі былі распаўсюджаныя ўладамі шэрагу краінаў, размешчаных у паўднёва-ціхаакіянскім рэгіёне, уключаючы Аўстралію і Новую Зеландыю.

Спецыялісты адзначаюць, што гэта самае магутнае вывяржэнне вулкану на Тонга за апошнія 30 гадоў.

РР belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны