Тры чалавекі пацярпелі, больш за тысячу будынкаў пашкоджаныя: МНС пра наступствы моцнага ветру


Міністэрства па надзвычайных сітуацыях падвяло папярэднія вынікі моцнага ветру, які пракаціўся па Беларусі 14 студзеня. Месцамі фіксаваліся парывы да 32 м/с.

У 58 раёнах краіны пацярпелі 458 населеных пунктаў: у Берасцейскай вобласці – 27, у Віцебскай – 39, Гомельскай – 20, Гарадзенскай – 74, Менскай – 178, Магілёўскай – 120.

Hавiны
Наступствы шторму ў Беларусі: падзенне навагодніх ялінак і перакуленыя прыпынкі
2022.01.14 20:25

Былі пашкоджаныя дахі 427 жылых дамоў, 66 сацыяльных і культурных аб’ектаў, 20 – вытворчых, 602 сельскагаспадарчых будынкаў.

Зафіксаваныя 170 выпадкаў падзення дрэваў, найбольш – у Менскай вобласці (78).

Наступствы моцнага ветру ў Менску.
Фота: onliner.by

Элементамі дахаў і дрэвамі пашкоджаныя 32 аўтамабілі. Дрэвы падалі таксама на чыгуначныя шляхі і лініі электраперадач. У выніку затрымка руху 18 пасажырскіх і 24 грузавых цягнікоў склала ад 11 хвілінаў да 3 гадзінаў 22 хвілінаў.

З 16.45 да 21.00 14 студзеня без электрычнасці заставаліся г.Быхаў і населеныя пункты Быхаўскага раёну Магілёўскай вобласці. Перыядычна парушалася электразабеспячэнне 3114 населеных пунктаў па ўсёй краіне, найбольш – у Віцебскай вобласці – 915 населеных пунктаў.

Паводле дадзеных на раніцу 15 студзеня без электрычнасці заставаліся 366 населеных пунктаў па ўсёй Беларусі, найбольш у Магілёўскай вобласці – 156.

Наступствы моцнага ветру ў Менску.
Фота: onliner.by
Наступствы моцнага ветру ў Менску.
Фота: onliner.by

У Воршы без ацяплення засталіся інтэрнат, прыватны дом і 2 адміністратыўных будынка, бо праз падзенне апораў эстакады на станцыі Ворша-Цэнтральная была пашкоджаная цеплатраса. Абяцаюць усё выправіць 15 студзеня.

У Менску на праспекце Ракасоўскага пластыкавым пакрыццём, сарваным з прыпынку, была траўмаваная жанчына 1955 г.н. Пасля аказання медыцынскай дапамогі яе адпусцілі дамоў.

У Магілёве рэкламнымі шчытамі былі траўмаваныя мужчына 1973 г.н. і жанчына 1990 г.н. Абодва шпіталізаваныя.

У Менску з вадасховішча Дразды працаўнікі АСВОД даставілі з лёду на бераг 15 рыбакоў, якія не змаглі самастойна дабрацца з-за моцных парываў ветру. Рыбакі не пацярпелі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў