На зборы за мяжу не пускаюць беларускіх футбольных клубаў


Уся футбольная Еўропа рыхтуецца да сезону на зборах за мяжой: у Турцыі, Іспаніі, Кіпры, Партугаліі. Раней так было і ў беларускіх клубаў, але цяпер ім гэта забараніла рабіць Міністэрства спорту і Федэрацыя футболу. Там лічаць, што ў Беларусі створаныя цудоўныя ўмовы для рыхтавання да сезону: укладзеныя палі, пабудаваныя манежы. Хоць гэта далёка не так, здаецца, сёлета футбольныя клубы прымаюць умовы гульні.

Беларускія клубы робяць выгляд, што нікуды не збіраюцца

Не пускаюць футбольных клубаў за мяжу ўжо другі год. Калі раней пра гэта гучна казалі, і некаторыя каманды – «Шахцёр», «БАТЭ», «Рух» і менскае «Дынама» – усё ж паехалі за мяжу, дык цяпер прадстаўнікі беларускіх клубаў баяцца нават казаць пра гэта ўслых.

Больш за тое, у гэтым сезоне на афіцыйных сайтах клубаў няма поўнай інфармацыі пра рыхтаванне да сезону, хаця раней гэта было нормаю. Ніводны з беларускіх клубаў не заявіў, што ён адправіцца на замежны збор.

План рыхтавання да сезону засакрэчаны

Чэмпіён Беларусі – салігорскі «Шахцёр» – ніяк пакуль афіцыйна не акрэсліў жадання выехаць на замежны збор. Ён пачаў рыхтавацца да сезону ў Салігорску, дзе правёў першы спарынг супраць «Славіі» ды выгуляў 3:0.

Публічна пра гэта не гаворыць і другі клуб Беларусі – барысаўскі БАТЭ. Планы на міжсезонне проста не публікуюцца на яго афіцыйным сайце.

Трэці клуб краіны – сталічнае «Дынама» – паведамляе, што каманда пачне рыхтавацца ў Менску, а потым паедзе на зборы. Вось толькі куды, не паведамляюць.

Чацвёртая каманда Беларусі – «Гомель» – таксама выйшла з адпачынку і паведаміла, што першыя тыдні будзе рыхтавацца да сезону ў манежы ў родным горадзе.

«Рух» абʼявіў, што замест Турцыі паедзе ў Пінск. Берасцейскае «Дынама» за мяжу не збіралася: на гэта ў каманды проста няма грошай. Жодзінскае «Тарпеда» таксама рыхтуецца ўдома, пасля чаго возьме ўдзел у традыцыйным турніры «Белазавец», які пройдзе 31 студзеня – 1 лютага і, здаецца, стане галоўным турнірам міжсезоння.

У Жодзіна прыедзе палова найвышэйшай лігі: берасцейскі «Рух», менскае «Дынама», ФК «Менск», «Іслач», «Арсенал», «Нёман» і «Слуцк».

Hавiны
«Не найлепшы час». Алігарх Зайцаў прызнаў затрыманне з выплатаю заробкаў у ФК «Рух»
2021.12.30 09:07

Спартовы журналіст: У Беларусі немагчыма якасна падрыхтавацца да сезону

Беларускі футбольны журналіст, які цяпер у Беларусі, на ўмовах ананімнасці падзяліўся з «Белсатам» сваім меркаваннем адносна сітуацыі, якая склалася.

«Відавочна, кіраўнікам беларускіх клубаў не стае смеласці і рэсурсаў супрацьстаяць федэрацыі ды Міністэрству спорту. Спачатку яны падпісвалі лісты за ўладу, цяпер не едуць за мяжу. Што яны страчваюць? Найперш, якасць падрыхтоўкі: немагчыма параўноўваць умовы ў Турцыі і Беларусі. У Турцыі ўсё зроблена для прафесійнага рыхтавання да сезону. У Беларусі такіх умоваў няма і блізка. І галоўнае – удома беларускія клубы вымушаныя гатавацца ва ўласным соку. За мяжою можна было гуляць з найлепшымі клубамі Украіны, Польшчы, Казахстану, Расеі, Нарвегіі. Цяпер гэтага проста не будзе, і замяніць такі досвед проста няма чым. У тым, што «Шахцёр» тры разы абгуляе «Славію», а «Рух» – пяць разоў «Хвалю», толку няшмат, гэта вядзе да далейшай дэградацыі беларускага футболу», – мяркуе наш эксперт.

Былы футбаліст Віталь Трубіла доўга гуляў за мяжой і ў Беларусі, а цяпер стаў блогерам. І вось што ён кажа пра забарону на замежныя зборы ў інтэрвʼю каналу «Чеснок»:

«Наколькі ведаю, спрабуюць ці забараняць, ці абмяжоўваць замежныя зборы. Бо з бюджэту клубаў гэта цягне шмат грошай. Задавальненне дарагое. І людзі, якія кіруюць нашым футболам, мусіць, не бачаць у гэтым мэтазгоднасці. Хаця як былы футбаліст я выдатна разумею, што гэта трэба. «Рух» збіраецца на збор у Пінск?

Калі ў двух словах, то збор у Турцыі – гэта кайф для футбаліста. А збор у Пінску – гэта пакуты. Бо там не створаныя такія ўмовы, як у Турцыі. А ёсць адсутнасць натуральных палёў, маразы, адсутнасць нармальных умоваў у сэнсе пражывання і харчавання. Ну і адсутнасць спарынг-партнёраў: не думаю, што ў Пінск прыедзе клуб з Расеі, Украіны ці Нарвегіі», – зазначае Віталь Трубіла.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў