Літва адмяняе надзвычайнае становішча на мяжы: плынь мігрантаў спынілася


Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што плынь мігрантаў, якія прылятаюць у Беларусь і потым накіроўваюцца ў Літву, спынілася, піша Delfi.lt.

Інгрыда Шыманіце.
Фота: Delfi.lt

«Паводле нашых дадзеных плынь спынілася. Рэжыму не ўдаецца яе арганізаваць», – паведаміла Шыманіце журналістам у пятніцу, 14 студзеня.

Апоўначы з 14 на 15 студзеня завершылася надзвычайнае становішча на мяжы Літвы і Беларусі, кантроль на мяжы зноў будзе ісці ў звычайным рэжыме.

«Пакуль будзем кантраляваць так, як гэта рабілі да абвяшчэння надзвычайнага становішча, – сказала прэм’ер-міністарка. – <…>. Калі сітуацыя будзе змяняцца, калі будзем бачыць, што некаму падалося, што Літва знізіла ўзровень уласнай пільнасці і менш накіраваная абараняць межы ЕЗ, то тады звернемся ў Сейм па пытанні ўвядзення новага надзвычайнага становішча, гэта магчыма».

Паводле Інгрыды Шыманіце, у Беларусі цяпер знаходзяцца 1,5 – 2 тысячы мігрантаў, і ў будучыні яны паспрабуюць перасекчы мяжу Беларусі з Літвой, Латвіяй ці Польшчай.

Надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю, а таксама ў месцах рассялення мігрантаў у Кібартай, Медніках, Пабрадэ, Рукле і Вільні Сейм Літвы абвясціў у лістападзе 2021 году.

Цягам мінулага году ў Літву нелегальна праніклі больш за 4,2 тысячы мігрантаў. Літва і іншыя краіны Захаду абвінавацілі рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў арганізацыі міграцыйных плыняў і назвалі гэта гібрыднай агрэсіяй.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў