Франак Вячорка: У кіраўніцтве Узброеных сілаў вельмі шмат патрыётаў, мы павінны з гэтымі людзьмі працаваць


Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў у эфіры «Белсату», што, паводле ягонай інфармацыі, у кіраўніцтве Узброеных сілаў Беларусі ёсць вельмі неадназначнае стаўленне да аперацыі ў Казахстане і апошніх прарасейскіх крокаў Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле Вячоркі, чым больш прарасейскую пазіцыю будзе займаць Лукашэнка, тым больш будзе паглыбляцца раскол у наменклатуры.

«І беларускае войска пры любых такіх рухах Лукашэнкі не будзе маўчаць. Тое, што накіравалі міратворчы кантынгент – гэта можа яшчэ праскочыць, не будзе мець наступстваў. Але ў цэлым па нашай інфармацыі сярод беларускіх вайскоўцаў ёсць вельмі супярэчлівае стаўленне і да гэтай аперацыі, і да апошніх прарасейскіх выпадаў Лукашэнкі», – адзначыў ён.

Вячорка кажа, што сярод тых, хто кіруе Узброенымі сіламі, «вельмі шмат патрыётаў, вельмі шмат тых, хто цэніць беларускую незалежнасць».

«Любая спроба Лукашэнкі рэальна гандляваць беларускай незалежнасцю альбо яе здаваць будзе сустрэтая вельмі зацята. Мы павінны з гэтымі людзьмі працаваць, падтрымліваць сувязь, тлумачыць, што Лукашэнка – голы кароль. Усе ягоныя абяцанні быць гарантам беларускай незалежнасці нічога не вартая. І зараз самы час знайсці аднадумцаў і пачынаць з імі працаваць, каб у пэўны момант проста ўзяць кантроль над сітуацыяй», – лічыць ён.

РР belsat.eu

Стужка навінаў