«Больш за 400 адкрытых дыялогаў». Беларусы абмяркоўваюць змены ў Канстытуцыю

У Беларусі разгараецца прапагандысцкая кампанія пад лозунгам «Насустрач рэферэндуму!» Пафасныя фразы пра змены ў Канстытуцыі цяпер гучаць не толькі з прэсы і прасаў, але, такое ўражанне, і з рондаляў. Аднак – да прэсы. Паглядзелі, пра што пішуць рэгіянальныя СМІ і як працуюць «дыялогавыя пляцоўкі».

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Фота: pravo.by

Качанава – на «шарыкі», Васкрасенскі – на палігон

Першая навіна на ўсіх дзяржаўных тэлеканалах 12 студзеня: «Апрацавана больш за 5 тысяч зваротаў». Звароты і прапановы грамадзян у межах «усенароднага абмеркавання» мае апрацоўваць Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі (НЦПІ). Дарэчы, падзяліцца сваім меркаваннем наконт праекту можна напісаўшы мэйл НЦПІ.

«ВоенТВ» пасля першай навіны пра вучэнні на палігоне пад Барысавам з адпрацоўкай стральбы з супрацьтанкавых установак ПТУР паведамляе: «На базе 38-й берасцейскай дэсантна-штурмавой брыгады прайшло абмеркаванне праекту Канстытуцыі. Канструктыўны дыялог вайскоўцы правялі з палітолагам Юрыем Васкрасенскім». Без дэталяў.

«Купалаўцы» зачытаюць антыўтопію «1984» па-беларуску

Качанава паехала «апрацоўваць» «шарыкі» (шарыка-падшыпнікавы завод у Менску), кіраўнік справамі адміністрацыі аднаго з берасцейскіх раёнаў Тупіца – Берасцейскую крэпасць. Гігін – таксама ў Берасці.

Пад эгідай следчых

Сапраўдным хітом стаў у інтэрнэце рэпартаж «Следчыя знаёмяць сялян з канстытуцыйнымі навэламі». Сцвярджаецца, што прадстаўнікі УСК Гомельскай вобласці самі ініцыявалі «інфармацыйнае мерапрыемства». «Пад эгідай абласнога Саюзу следчых развярнулася шырокая тлумачальная кампанія», – цытуем. Рэпартаж стаіць амаль на ўсіх сайтах раённых газет (не толькі Гомельскай вобласці). Цытаваць гэты шэдэўр можна бясконца.

«Вялікі прыгожы дом з душой. Адчуваецца, што тут моцныя гаспадарнікі», – заўважае актывіст Саюзу следчых Аляксандр Пусеў.

«Дзень за днём жыхары розных куткоў сінявокай бліжэй знаёмяцца з пастулатамі праекту Канстытуцыі. І следчыя з уласцівай ім скрупулёзнасцю і пільнасцю тлумачаць прадыктаваныя сучаснымі рэаліямі карэкціроўкі ў Асноўны закон», – яшчэ цытата.

На рэпартаж адгукнуўся славуты сваёй іроніяй тэлеграм-канал «Советская Белоруссия».

У пошуках «унутранага сэнсу»

На Віцебшчыне пад «дыялогавыя пляцоўкі» занялі кожны вольны куток. Толькі БРСМ «запланавала больш за 400 адкрытых дыялогаў». Але гэтага мала. Нашыя чытачы з Наваполацку паведамляюць, што ў авангард барацьбы з юрыдычнай цямнотай кінулі прафсаюзы. Пішуць, што для збору прапановаў сябраў інфармацыйных груп «папрасілі» размясціць ва ўстановах адмысловыя скрыні. А прафсаюзных лідараў абавязалі выступаць у прэсе.

«Цяпер мы прасякаемся кожнай фразай, у кожным радку змяненняў і дапаўненняў стараемся знайсці ўнутраны сэнс», – цытуе старшыню Менскага абкому прафсаюзу Таццяну Апраніч сталбцоўская раёнка «Прамень».

Газета паведамляе, што «дыялог знайшоў шырокі водгук», але падае толькі адзін – ад дырэктара Дзераўнянскай СШ Марыі Шумчык:

«У новай Канстытуцыі прапісана, што прэзідэнт можа выбірацца толькі на два тэрміны. Я бы ўнесла змены ў дадзены пункт. Лічу, што не трэба абмяжоўваць кіраўніка дзяржавы ў дзейнасці, калі ён дае рады сваім абавязкам».

У Берасці звольнілі дырэктарку гімназіі, якая падчас выбараў вывесіла сапраўдныя пратаколы галасавання

«Важныя рашэнні павінен браць на сябе прэзідэнт. Тым больш сёння, у такі неспакойны час, калі вакол Беларусі, гэтага адзінага астраўка стабільнасці, бушуе акіян сусветнай агрэсіі. І хоць праект Асноўнага Закона «выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў», але ўсё ж мы «порах павінны трымаць сухім», – дзеліцца меркаваннем у маларыцкай раёнцы «Голас часу» пенсіянерка Марыя Федарук.

«Найвышэйшая ступень дэмакратыі»

Амаль усе раённыя газеты выйшлі колькі дзён таму з адмысловымі дадаткамі і завялі рубрыкі кшталту «Землякі абмяркоўваюць праект Канстытуцыі». У тэкстах у асноўным – шаблонныя фразы.

«Ці ж гэта не найвышэйшая ступень дэмакратыі, калі абмеркаванне зменаў Асноўнага закону стала ўсенародным, калі ў яго ўключылася ўся краіна?» – задаецца пытаннем шчучынскі ідэолаг Ігар Булаўка на старонках мясцовай раёнкі «Дзянніцы».

«Грамадзянам гарантуецца права на бясплатнае лячэнне за кошт дзяржаўных сродкаў. Гэта тое, аб чым у многіх краінах свету могуць толькі марыць», – цытуе жыхарку Вушачаў Крысціну Шастакову «Патрыёт».

«Памнажаюцца іншыя брыдоты»

Але агульныя фразы знікаюць, калі аўтары меркаванняў пачынаюць разважаць пра змены ў артыкул 32 – пра сям’ю «як саюз жанчыны і мужчыны».

«Калі на Захадзе, як паганкі пасля дажджу, плодзяцца аднаполыя шлюбы, знікаюць з ужытку словы «тата» і «мама», замест іх з’яўляюцца «бацькі №1 і №2», памнажаюцца іншыя брыдоты, мы не можам падобнае зло дапусціць да сябе», – піша ў пружанскіх «Раённых буднях» пісьменнік-публіцыст і лаўрэат медаля Еўфрасінні Полацкай Анатоль Дзенісейка.

На ягоную думку, на Захадзе «праблемамі сексуальных меншасцяў» улады спрабуюць адцягнуць людзей «ад праблем вялікай палітыкі».

«Асабіста для мяне ўсё проста. Створаныя мужчына і жанчына. Толькі ў саюзе паміж імі нараджаюцца дзеці. Сапраўдная сямʼя – гэта тата, мама і я. Усе астатнія варыянты лічацца недапушчальным адхіленнем ад нормы. Гэта замах на традыцыйныя каштоўнасці беларусаў, іхны менталітэт і самавызначэнне», – падтаквае ў наваполацкай раёнцы начальніца абаненцкага аддзелу «Наваполацквадаканалу» Наталля Ярмак.

«Дыялогавая пляцоўка» на прадпрыемстве «Наваполацквадаканал». Фота: novaya.by

Галоўны заатэхнік КСУП «Гудагай» Віктар Алёкса прызнаецца «Астравецкай праўдзе», што «заходняя талерантнасць» – гэта справа чыста еўрапейцаў.

«Абрадавала, што адшукаў у канстытуцыйным праекце прапанову праваслаўнай царквы: шлюб – гэта саюз мужчыны і жанчыны, палавая ідэнтычнасць якіх закладзеная прыродай ад нараджэння.

Заходняя талерантнасць, цярплівасць да розных меншасцяў – справа еўрапейцаў і іх дзяржаўнай палітыкі. На Беларусі, у тым ліку на Астравеччыне, здавён былі моцныя сямейныя традыцыйныя каштоўнасці, якія ні ў якім разе нельга страціць», – выказваецца Алёкса.

«Перададуць у патрэбную інстанцыю»

Ствараецца ўражанне, што «дыялогавыя пляцоўкі» накрылі ўсю Беларусь, нават псіханеўралагічныя дыспансеры:

«Кульмінацыяй адкрытага дыялогу стала абмеркаванне праекту новай Канстытуцыі, да якога актыўна падключыліся рагачоўцы. Асаблівую палеміку гэтае пытанне выклікала ў калектыве Рагачоўскага псіханеўралагічнага дому-інтэрнату ў Вікаве. Работнікі ўстановы смела ўносілі свае прапановы ў праект змены Асноўнага Закону краіны», – піша рагачоўская раёнка «Свабоднае слова».

Старшыня Наваполацкага гарвыканкаму Андрэй Адзіночкін падчас круглага стала заклікаў максімальна развіць дзейнасць «дыялогавых пляцовак» да 15 студзеня. І калі чалавек гатовы ўнесці дзельную прапанову – хай звяртаецца ў аддзел ідэалагічнай працы або дасылае прапанову электронным лістом.

На Гомельшчыне затрымалі вяскоўца, які напісаў ліст у раённую газету наконт новай Канстытуцыі

«Там яго абавязкова пабачаць і перададуць у патрэбную інстанцыю. Аднак чакаць адказу не варта, таму што звароты ў НЦПІ не прыраўноўваюцца да закону аб зваротах грамадзян», – раіць чыноўнік сваім падначаленым.

Эксперт: Дыялогу няма, бо няма каму весці

Ці сапраўды «дыялогавыя пляцоўкі» падтрымліваюць і генеруюць адкрыты дыялог. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць, што ніякага дыялогу падчас абмеркаванняў зменаў Канстытуцыі проста няма.

«Хаця б таму, што амаль няма каму яго весці з боку дэмакратычнай грамадскасці: хтосьці сядзіць, хтосьці зʼехаў, хтосьці вырашыў перачакаць… Ды і з боку ўлады іх меркавання ніхто не жадае чуць», – мяркуе Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец. Менск, Беларусь. 30 чэрвеня 2021 года. Фота: АВ / Белсат

«А што тычыцца «народу» ў гэтым «усенародным абмеркаванні», дык гэты тэрмін улада заўжды выкарыстоўвае для легітымізацыі ўласных рашэнняў, якія ад гэтага народу аніяк не залежаць», – лічыць.

Падчас маніторынгу рэгіянальнай прэсы «Белсат» не адшукаў ніводнага меркавання, якое б супярэчыла афіцыйнай «лініі».

Калі адбудзецца дакладна – і ці наагул адбудзецца – рэферэндум па зменах у Канстытуцыі, удзельнікі «ўсенароднага абмеркавання» дагэтуль не ведаюць.

ЗК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны