Ад рэзкіх перападаў тэмпературы пакутуюць і людзі, і пабудовы. Парады ад доктара і інжынера


За апошнія 30 дзён у Беларусі некалькі разоў назіраліся рэзкія перапады тэмпературы. Цягам содняў моцныя маразы змяняліся рэзкай адлігай. Менавіта гэта і стала адною з прычынаў абрушэння мосту ў Менску на Нямізе. Але ад рэзкіх перападаў тэмпературы паветра пакутуюць не толькі пабудовы. Метэазалежныя людзі ў такія дні пачуваюць сябе даволі кепска. Дактары ў размове з «Белсатам» рэкамендуюць паберагчы сябе ў такія дні.

Морозы в Беларуси, зима, холод, снег, велосипед, деревня
Па заснежанай дарозе чалавек едзе на ровары.
Фота: Белсат

Яшчэ 12 студзеня тэмпература паветра ў Беларусі апускалася ніжэй за -20 °С, а вось 13-га рэзка пацяплела, было вышэй за нуль. Такія рэзкія перапады былі нават некалькі разоў у мінулагоднім снежні. Для метэазалежных людзей такія зʼявы прыроды не праходзяць незаўважна. Дактары кажуць, што ў такія дні варта сачыць за сваім здароўем.

«Метэазалежнасць найчасцей уплывае на артэрыяльны ціск. Таму варта кантраляваць яго і пры неабходнасці карэктаваць сродкамі, што прапісваліся вам дактарамі раней. Варта быць акуратным у плане вопраткі: намагацца трымаць ногі сухімі і ў цяпле», – раіць лекар, які пажадаў застацца ананімным.

Hавiны
Беларусь рэзка размарозіла. А зараз садзьме
2022.01.13 14:05

Рэзкія перапады тэмпературы кепска ўплываюць на будоўлі ды інжынерныя камунікацыі. Напрыклад, абвал мосту на менскай Нямізе тлумачылі якраз стомаю канструкцыяў ад таго, што са снежня да абвалу тэмпература 15 разоў «пераходзіла праз нуль». Адмыслоўцы кажуць, што ў нашым клімаце будаўнікі павінныя ўлічваць нават істотныя ваганні тэмпературы.

Будоўля новага маста на Нямізе ў Менску, 12 студеня 2022 года.
Фота: Белсат

«Праектуючы мост у гарадах з кантынентальным кліматам, будаўнікі абавязаныя ўлічваць перапады тэмператураў у межах ад -40 ° C да +40 ° C на працягу года. Рэч у тым, што ў залежнасці ад тэмпературы і ад матэрыялу, з якога ствараецца пабудова, могуць быць перапады даўжыні канструкцыі. Можа падацца дзіўным, але перапады тэмпературы могуць выклікаць змяненне агульнай працягласці моста з металу аж да некалькіх метраў», – кажа інжынер.

Акрамя тэмпературы, на канструкцыю ўплываюць таксама і рэагенты, соль, якімі пасыпаюць дарогу аўтадарожнікі. Хімічныя рэчывы таксама разʼядаюць металічныя канструкцыі, ламаюць бетон.

Hавiны
Калядны цуд у Менску, або топ-10 падзенняў мастоў у свеце ў ХХІ стагоддзі паводле колькасці ахвяраў
2022.01.14 11:24

Таксама рэагенты псуюць і машыны. Менавіта гэта ўяўляе небяспеку аўтаўладальнікаў. Бо самыя перапады тэмпературы бяспечныя для «жалезных коней».

«Насамрэч нічога такога з машынаю не адбываецца. Калі ўначы ўсё пачне замярзаць, то максімум, што можа адбыцца, – замерзнуць дзверы, будзе складана іх адчыніць. А так, нават калі мароз, заводзім рухавік, пачакаем, пакуль прагрэецца, і рухаемся. У інструкцыі абслугоўвання сказана, што карыстацца аўтамабілем можна ў дыяпазоне ад 40 марозу да 40 градусаў цяпла. Іншая рэч, што дарогі складана пераносяць перапады. Вільгаць трапляе ў шчыліны, ямы, а потым рэзкі мароз прыводзіць да таго, што збудаванне разрывае. У выніку падвеска аўтамабіля цярпіць таксама, мусім часцей рамантаваць машыны».

І сапраўды, дарогі, масты надзвычай цярпяць ад перападаў надворʼя. І калі ў Менску намагаюцца рамантаваць дарогі, то ў рэгіёнах сітуацыя выглядае надзвычай складана. Увесну дарогі адрамантуюць, але пакуль пакрыццё ўяўляе сабою суцэльныя дзіры.

ВН belsat.eu

Стужка навінаў