Замежную рыбу вернуць у Беларусь


Камітэт дзяржкантролю прызнаў забарону імпарту непрадуманай і неэфектыўнай.

На пачатку года Міжгаліновая камісія вырашыла забараніць імпарт прэснаводнай рыбы ў Беларусь. Было заяўлена, што замест найбольш папулярных тыляпіі ды пангасіюса беларускім спажыўцам прапануюць айчынных карпа і таўсталобіка.

Аднак спажывецкі попыт паказаў, што людзі масава скупаюць завезеную да новага года імпартную рыбу. Напрыклад, у менскай краме “Акіян” за студзень філе тыляпіі прадалі амаль у 8 разоў больш, чым карпа. Пры гэтым кошт за кілаграм амаль аднолькавы. “Спажыўцы яшчэ з савецкіх часоў прызвычаіліся набываць марскую рыбу. Па якасці карп не горшы, але іншы па смаку”, – кажуць у краме.

Камітэт дзяржкантролю высветліў, што сёлета ў Беларусі вырабілі ўсяго 0,14 тыс. тоны рыбнага марожанага філе, а імпартавалі і прадалі – 5,3 тыс. тон пангасіюса і тыляпіі. Гэта значыць, што айчынная рыба складае толькі 2% ад агульнай сумы.

Старшыня галоўнага ўпраўлення кантролю спажывецкага рынку КДК Уладзімір Каленік мяркуе, што забароны на імпарт рыбы былі паспешлівымі ды не прынясуць станоўчага выніку. “Мы будзем спрыяць, каб рашэнне, прынятае на першы квартал 2011 года, больш не працягвалі. Трэба шукаць іншыя захады, каб зацікавіць беларуса купляць айчынны прадукт. Відавочна, што не дапрацоўваюць дзяржпрадпрыемствы, слаба пашыраюць сетку збыту і папулярызуюць свой тавар”.

Чыноўнік мяркуе, што айчынныя вытворцы павінны канкураваць, зніжаючы кошты, завозячы ў крамы жывую і ахалоджаную рыбу і робячы якасныя паўфабрыкаты.

belsat.eu

Стужка навінаў