У пракуратуру перадалі 2600 паручальніцтваў за палітвязняў


Беларусы, салідарныя са зняволенымі паводле палітычных матываў, спадзяюцца на змену захады стрымання для палітвязняў, якія застаюцца ў ізалятарах КДБ і МУС.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што раней у пракуратуру перадавалі аналагічныя паручальніцтвы за Уладзіміра Някляева і Ірыну Халіп. “Мяркую, што яны адыгралі сваю ролю пры змене захады стрымання для Някляева і Халіп. Аднак гэтага недастаткова. Мы лічым, што яны мусяць быць вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе”, – падкрэсліў палітык.

Кампанію збору подпісаў пад паручальніцтвамі актывісты БНФ распачалі каля месяца таму. Паводле Крымінальнага кодэксу, выступіць у якасці паручальнікаў могуць дзве і больш асобаў, якія раней не былі пад судом і “заслугоўваюць даверу”. Калі ж вызвалены грамадзянін парушыць правілы, паручальнікаў могуць аштрафаваць на 100–500 базавых велічыняў (3,5–17,5 млн руб.).

Паводле звестак праваабаронцаў, падазраванымі ў справе аб масавых закалотах у Менску 19 снежня праходзяць 42 чалавекі, у тым ліку пяць былых кандыдатаў на прэзідэнта: Алесь Міхалевіч, Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч ды Віталь Рымашэўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў