«Вялікае княства Беларусь». Іранічны адказ на жыццёвы абсурд


У Польшчы выйшла кніга маладога беларускага пісьменніка Віталя Воранава. «Вялікае княства Беларусь» – гэта зборнік апавяданняў, што складаюць іранічную аповесць пра Беларусь, пра сучасныя міфы вакол нашай краіны, пра яе месца ў Еўропе.

«Ніхто дакладна не ведае, дзе знаходзіцца Беларусь. Адныя гавораць, што гэта краіна, што часам з’яўляецца на мяжы паміж Еўрапейскім звязам і Еўразійскім саюзам, іншыя гавораць, што гэта штучная выспа на сярэдзіне намёрзлага возера. Я, у сваю чаргу, скажу, што Беларусь можна знайсці ў гэтай кніжцы», – піша ў сваёй рэцэнзіі на кніжку польскі пісьменнік і сцэнарыст Гжэгаж Януш (Grzegorz Janusz).

«Вялікае княства Беларусь» – гэта збор апавяданняў, якія пісаліся на працягу амаль 10 гадоў і друкаваліся ў розных пэрыядычных выданнях па-беларуску. На польскую мову творы маладога аўтара пераклала Моніка Уранэк (Monika Uranek).

Віталь Воранаў. Фота wikipedia.orgВіталь Воранаў. Фота wikipedia.org«Назва кнігі можа падацца заблытанай ці нават правакацыйнай, але словазлучэнне „Вялікае княства Беларусь” пераследуе дзве мэты: з аднаго боку, яно аб’ядноўвае спадчыну Вялікага княства Літоўскага і сучаснай Беларусі, што для шараговага паляка, нягледзячы на нашую супольную гісторыю, факт амаль цалкам невядомы; з другога – такая назва кнігі асаджае маю творчасць у беларускім кантэксце, ад якога я не збіраюся адракацца, хоць і пражыў у Польшчы значную частку жыцця, а польская мова для мяне як родная”, – падкрэсліў Віталь Воранаў.

Празаік прызнаўся, што галоўным аб’ектам літаратурнай іроніі ў кнізе стаўся так званы паўінтэлігент, дакладней чалавек, які лічыць сябе інтэлігентам, але «не робіць нічога іншага, апрача памнажэння завучаных ідэяў і падтрымання папулярнага вобразу свету». Спадар Воранаў падзяліўся, што яго іронія – гэта адказ на жыццёвы абсурд, які перадусім і матывуе аўтара на творчасць.

«Вялікае княства Беларусь» выйшла ў Польшчы, паколькі маладым беларускім аўтарам зацікавіліся польскія выдаўцы. «У Беларусі гэтыя тэксты так і засталіся б, хутчэй за ўсё, незаўважанымі, – мяркуе літаратар. – Я маю на ўвазе адсутнасць глыбокай крытыкі, а не кароценькія анонсы і анатацыі, якія характэрныя, на жаль, для сучаснай літаратурнай сітуацыі ў Беларусі».

Віталь Воранаў (нарадзіўся ў 1983 годзе ў Менску) – беларускі пісьменнік, выдавец і перакладчык. Адзін з заснавальнікаў і старшыня «Беларускага культурна-навуковага цэнтру» ў Познані і выдавецтва «Белы крумкач». Выпускнік універсітэту Адама Міцкевіча ў Познані (Польшча) і ўніверсітэту імя Масарыка ў Брне (Чэхія). На дадзены момант Віталь піша кандыдацкую дысертацыю па творчасці Сэмюэля Бэкета ва ўніверсітэце імя Масарыка, а таксама выкладае ірландскую літаратуру, гісторыю і культуру Беларусі ў Соўтвэстэрнскім коледжы (Southwestern College) ў ЗША. Пераклаў на беларускую мову п’есу Сэмюэля Бэкета «У чаканні Гадо» і «Віня-Пыха» Алана Мілна. Піша прозу, вершы і п’есы. Займаецца жывапісам.

ШВ, belsat.eu

Стужка навінаў