“Гавары праўду” без рэгістрацыі


Міністэрства юстыцыі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі Рэспубліканскага даследча-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Гавары праўду” – паведамляе сайт кампаніі.

Паведамленне пра гэта ініцыятары стварэння аб’яднання “Гавары праўду” атрымалі за подпісам начальніка кіраўніцтва ў пытаннях некамерцыйных арганізацыяў А. Кірычэнкі. Адмова матывуецца вынікамі праверкі міністэрствам “сапраўднасці пададзеных дакументаў” і таго, ці “быў датрыманы ўсталяваны парадак стварэння грамадскага аб’яднання”.

Дакументы на рэгістрацыю “Гавары праўду” трапілі ў Міністэрства юстыцыі 17 студзеня 2010 года. Неўзабаве ініцыятары стварэння арганізацыі атрымалі ад чыноўнікаў запыт: да 30.12.2010 патрабавалася пісьмова адказаць на шэраг удакладняльных пытанняў і падаць копіі ды арыгіналы некаторых дакументаў, што тычыліся ўстаноўчага сходу.

Сход адбыўся ў офісе выбарчага штабу Уладзіміра Някляева. Там жа заставаліся і ўсе неабходныя паперы. Аднак пасля падзеяў 19 снежня памяшканне апячаталі, частка дакументацыі знікла, таму выканаць патрабаванне міністэрства нават у дадатковы тыднёвы тэрмін у поўным аб’ёме ініцыятары не здолелі.

Да таго ж, на думку уладаў, “маюцца доказы практычнай дзейнасці РДАГА “ГП”, якая мела месца да даты прыняцця рашэння па сутнасці вышэйазначанай заявы”, што “парушыла патрабаванне часткі другой арт. 7 Закону”.

Гэтае рашэнне Міністэрства юстыцыі можа быць абскарджана за месячны тэрмін у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь.

belsat.eu

Стужка навінаў