Алег Трусаў: Ляўковіч давёў партыю амаль да ліквідацыі


Берасцейская раённая арганізацыя БСДП (Грамада), дзе стаіць на ўліку Анатоль Ляўковіч, прыняла рашэнне выключыць яго з партыі.

Ляўковіч гэтага рашэння не прызнае, бо, на ягонае меркаванне, былі парушаныя працэдурныя моманты.

Гэта ўжо не першая спроба прадстаўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) зняць Анатоля Ляўковіча. У кастрычніку летась на чарговым з’ездзе партыі новым старшынём абралі Анатоля Сідарэвіча. Аднак Міністэрства юстыцыі палічыла з’езд нелегітымным, а ўсе яго рашэнні неправамоцнымі.

Сябра БСДП (Грамада) Алег Трусаў гаворыць, што Анатоль Ляўковіч сваімі паводзінамі робіць усё, каб партыю закрылі. “На з’ездзе ён прысутнічаў і нават рабіў даклад, але ўдзельнічаць у выбарах адмовіўся. Таму Сідарэвіч быў абраны цалкам законна”, – тлумачыць Алег Трусаў.

Алег Трусаў падтрымлівае рашэнне берасцейскай філіі, бо мяркуе, што Ляўковічу не месца ў партыі: “Ён неаднаразова парушаў статут, прымаў заявы без абмеркавання з кіраўніцтвам партыі. З-за ягоных паводзінаў мы атрымалі ад Міністэрства юстыцыі два папярэджанні”. Алег Трусаў таксама прыгадаў публікацыю ў “Советской Белоруссии”, у якой Ляўковіч публічна абразіў некаторых сябраў партыі.

belsat.eu

Стужка навінаў