Завочнікаў стане ўдвая менш


Міністэрства адукацыі выказвае занепакоенасць з нізкае якасці адукацыі на завочных аддзяленнях ды прапаноўвае скараціць набор абітурыентаў.

Паводле вынікаў апошняй праверкі Дэпартаменту кантролю якасці ведаў, якую правялі сярод студэнтаў-завочнікаў 5 і 6 курсаў спецыяльнасці “правазнаўства”, станоўчыя адзнакі атрымалі толькі 20 % навучэнцаў.

Намеснік міністра Анатоль Жук мяркуе, што варта вярнуцца да колішняга фармату завочнага навучання – як дадатковае павышэнне кваліфікацыі працаўнікоў, якія ўжо атрымалі сярэдне спецыяльную адукацыю. “Цягам наступных трох гадоў мы скароцім набор абітурыентаў на завочную форму навучання. Бо аналіз сітуацыі паказаў, наколькі безадказна сёння ставяцца да навучання завочнікі. У шмат якіх ВНУ, асабліва прыватных, гэтая форма навучання стала празмерна папулярнаю – вучацца, абы атрымаць дыплом, а ведаў не маюць”, – лічыць чыноўнік.

Аднак ува ўсім свеце завочная і дыстанцыйная формы навучання робяцца ўсё больш папулярныя. Кандыдат педагагічных навук Надзея Грышановіч выказала меркаванне, што найлепш рэфармаваць завочную адукацыю, але не скарачаць набору. “У тым, што студэнты-завочнікі не дэманструюць высокай якасці ведаў, вінаватыя і самі выкладчыкі, – мяркуе спадарыня Грышановіч. – На жаль, для большасці педагогаў усе гэтыя праверкі якасці ведаў фактычна будзёншчына. Каб якасць адукацыі палепшылася, мусіць павялічыцца адказнасць і студэнта, і выкладчыка. А сёння на выкладчыка можа ціснуць адміністрацыя, каб студэнтам ставілі адзнакі, хай сабе самыя нізкія, абы не адлічвалі, бо большасць завочнікаў – платнікі, за чые грошы жыве ўніверсітэт”.

belsat.eu

Стужка навінаў