У Менску запусцілі вытворчасць “Буслоў”


На базе Фізіка-тэхнічнага інстытуту Нацыянальнай акадэміі навук у Менску стварылі першую ў краіне вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў. Выпускаюцца апараты звышлёгкага класу, сярод якіх беспілотны авіякомплекс “Бусел” вагою каля 6 кг. Адметна, што вага жывых буслоў даходзіць да 4–5 кг.

“Авіябусел” створаны на аснове перадавых тэхналогіяў у галіне дакладнай механікі і можа развіваць хуткасць да 100 км/г пры працягласці палёту каля гадзіны. Апарат абсталяваны электрычным рухавіком, што забяспечвае практычна бясшумны палёт. Навукоўцы разлічваюць, што ён будзе высока запатрабаваны пры правядзенні маніторынгу мясцовасці і асобных аб’ектаў – тое, для чаго задумваецца запуск беларускага касмічнага апарату.

Іншыя “птушыныя” авіякомплексы – “Беражанка” і “Грак”. Яны адрозніваюцца прызначэннем і функцыянальнымі магчымасцямі. Сферы іх ужывання досыць шырокія – ад прагназавання надзвычайных сітуацыяў, кантролю дзяржаўных межаў, маніторынгу дарожнага руху да правядзення атмасферных і метэаназіранняў, перадухілення несанкцыянаваных высечак лесу і браканьерства ў нацыянальных парках і запаведніках.

Пакуль гаворка ідзе пра пастаўкі беспілотнікаў на ўнутраны рынак, аднак у будучыні спецыялісты не выключаюць магчымасці экспарту гэтай прадукцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў