«Форум» пра іх, нас і люстрацыю


У навагоднім звароце Лукашэнка падзяліў нас, беларусаў, на большасць, якая нібыта яго падтрымала, і меншасць. З меншасцю ён абяцаў папрацаваць.

Падзеі 19 снежня сапраўды раскалолі Беларусь нават не ў палітычным плане, а ў маральна-палітычным. У якіх прапорцыях – асобнае пытанне. Новае выданне ток-шоу «Форум» на тэлеканале «Белсат» прысвечанае якраз гэтай праблеме. Яны і мы, мы і яны…

Вядоўца ток-шоу Эдуард Мельнікаў пачаў з двух полюсных фактаў – рэзанансу таго, што дзеялася ў цэнтры Менску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў. У адным гарадку Гарадзенскай вобласці кабета пахвалялася перад суседкамі: сын атрымаў мільён рублёў прэміі за тое, што браў удзел у разгоне дэманстрацыі каля Дому ўраду. А з другога боку, у гарадзенскім «Міліцэйскім весніку» з’явіўся артыкул пра гераізм байцоў АМАПу, якія добра папрацавалі ў сталіцы 19 снежня. Публікацыя выклікала хвалю абурэння ў людзей: «Сваіх бацькоў, маці і сясцёр таксама біць будзеце?» Артыкул у выніку нават знялі з сайту выдання.

Удзельнікі ток-шоу падзяліліся на тых, хто рэзка негатыўна выказваўся пра спецназаўцаў, і тых, хто гаварыў пра іх з некаторым разуменнем матываў або заклікаў не стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень.

Прыкладам, экс-старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч выказаў мераванне, што той хлопец, які атрымаў прэмію за 19 снежня, – найперш ахвяра неадукаванасці і пэўнай палітыкі, і «наша задача – выратаваць ахвяру».

Юрыст Дар’я Каткоўская, што каардынавала пасля 19 снежня дапамогу рэпрэсаваным, была катэгарычная: «Не важна, дзеля грошай або ідэйна, – яны выканалі загад, які супярэчыць заканадаўству: пайшлі на мірных людзей». На думку Каткоўскай, усе сілавікі цяпер аднолькавыя, бо не пратэстуюць і не сыходзяць з органаў: «Бо вы ў тым коле працуеце, штораніцы на адной лініі стаіце». А тыя, хто кажа, што баіцца страціць працу, маўляў, проста лайдакі.

Натуральна, шмат якія ўдзельнікі ток-шоу казалі пра такую катэгорыю як годнасць. Праваабаронца Алег Волчак адзначыў: «Знаходзіцца апраўданне: мусіў выконваць загад. Мужык ты ці не? Адзін бы сказаў “не”, другі, трэці – і трыццаць чалавек падтрымалі б у казарме».

Юрыстка Тамара Сяргей кажа, што людзі ў праваахоўных органах розныя, і судзіць пра іх трэба па канкрэтных учынках. І ў прыватнасці, за канкрэтныя даказаныя дзеянні мусяць панесці пакаранне людзі, датычныя да таго, што здарылася каля Дому ўраду ўвечары 19 снежня.

«Цвікамі» выдання зрабіліся некалькі прызнанняў. Напрыклад, курсант Ваеннай акадэміі распавёў, што ім давялося дзяжурыць у машынах хуткай дапамогі на Плошчы, і патлумачыў, чым кіруюцца хлопцы ў шлемах, з дручкамі і шчытамі. Сярод іншага, ён распавёў, што вайскоўцам пакуль даводзіцца не бараніць краіну ад вонкавых ворагаў, а выходзіць супраць беларусаў, якія думаюць інакш і якія нязгодныя з тым, што адбываецца.

Іншы ананімны госць «Форуму» – маладзён, бацька якога займае высокую пасаду ва Узброеных Сілах. Хлопец перажывае, што пасля Плошчы ягоны тата, які быў вялікім аўтарытэтам для сына, пачаў уяўляцца ледзьве не пачвараю.

Мяжа, барыкада паміж дзвюма Беларусямі праходзіць у тым ліку ў нашых кватэрах. Падчас ток-шоу прагучала думка, што ў беларускіх сем’ях пачалася своеасаблівая люстрацыя – маральна-палітычная. А вось якой ёй быць па маштабах і ці быць наогул пасля змены ўлады – гэта стала яшчэ адною тэмаю ток-шоу.

А што думаеце вы?

Ток-шоу «Форум» на тэму «Яны і мы» глядзіце 4 лютага, у пятніцу, а 18.25, у суботу, 5 лютага, а 12.05 і ў нядзелю, 6 лютага, а 9.30.

Стужка навінаў