Дэмаграфічнае пытанне хочуць развязаць з дапамогаю мігрантаў


Улады абяцаюць кожнай сям’і, якая абярэ сталым месцам жыхарства Беларусь, выплачваць 1000 долараў дзяржаўнай дапамогі на ўладкаванне.

Такую норму заклалі ў новую праграму нацыянальна-дэмаграфічнай бяспекі, якую маюць прыняць сёлета ў першым квартале.

Паводле звестак Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС РБ, у Беларусь летась прыехалі 17 тысячаў 169 мігрантаў, што на 30% скампенсавала натуральнае змяншэнне ўласнага насельніцтва. “Трэба разумець, што з увагі на “дэмаграфічныя нажніцы” з дапамогаю мігрантаў можна цалкам скампенсаваць гэты паказнік”, – тлумачыць заканадаўчую ініцыятыву працаўнік Дэпартаменту Аляксей Бягун.

Апошні перапіс паказаў, што колькасць насельніцтва Беларусі за 10 гадоў скарацілася больш як на паўмільёна чалавек. Пры гэтым дзяцей і падлеткаў паменшала амаль на 30% (1,5 мільёна ў 2009-м супраць 2 мільёнаў 131 тысячы ў 1999 годзе). Як сведчыць статыстыка, нават пасля нямецка-савецкай вайны ў Беларусі было 2,5 мільёна дзяцей (паводле звестак першага паваеннага перапісу 1959 года).

На IV Усебеларускім сходзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэба павялічваць нараджальнасць у краіне. Ён мяркуе, што насельніцтва Беларусі мае дасягнуць прынамсі 20 млн чалавек. Згодна з пастановаю ўраду, цяпер беларускай сям’і пры нараджэнні першага дзіцяці выплачваюць каля 400 долараў, пры з’яўленні на свет другога і наступных дзяцей — 600 долараў аднаразовай дапамогі.

belsat.eu

Стужка навінаў