«Пагаршэнне адносінаў Еўразвязу і Беларусі не перашкодзіць далучэнню краіны да Балонскага працэсу»


Лічыць міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.

“Не бачу ніякіх падставаў для гэтага”, – кажа міністр.

“Гэта проста немагчыма растлумачыць”, – кажа Сяргей Маскевіч, каментуючы тое, што рэктар БДУ Сяргей Абламейка трапіў у спіс чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Еўразвязу. Міністр разглядае гэта “як цалкам неканструктыўны падыход” і ўпэўнены, што БДУ ў значна большай ступені гатовы да супрацы з партнёрамі ў Еўропе.

“Будуць працаваць прарэктары, дэканы, іншыя спецыялісты. Вельмі шкада, што было прынятае такое рашэнне”, – дадаў Маскевіч.

Што датычыць зменаў, якія чакаюць сістэму адукацыі сёлета, міністр паведаміў, што “неабходна правесці рэструктурызацыю спецыяльнасцяў” у адпаведнасці з нацыянальнымі прыярытэтамі, з націскам на рыхтаванне спецыялістаў для аграрнага сектару, інфармацыйных тэхналогіяў, машынабудавання і будаўнічай галіны.

Нагадаем, што летась у ліпені Аляксандр Лукашэнка загадаў былому міністру адукацыі, Аляксандру Радзькову, распачаць працэдуру далучэння Беларусі да Балонскага працэсу. Радзькоў заявіў, што “ў асноўным Беларусь выконвае ўсе патрабаванні Балонскага працэсу”.

belsat.eu

Стужка навінаў